Трыятланістку Валянціну Зелянкевіч асудзілі на два гады «хіміі» за ўдзел у пратэстах


Стала вядома, што беларускую трыятланістку Валянціну Зелянкевіч асудзілі да двух гадоў хатняй «хіміі» за ўдзел у пратэстах 2020-га. Пра гэта піша выданне Tribuna.com.

Валянціна Зелянкевіч.
Фота: tristyle.by

Валянціну асудзілі паводле «народнага», 342 артыкулу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах 2020 года.

Як піша выданне, Валянціне Зелянкевіч у канцы жніўня 2020-га не працягнулі кантракту ў менскім клубе трыятлону «Трыстайл». Паводле спартоўкі, дырэктар клубу Дзмітрый Талкачоў абяцаў, што працягне супрацу з ёй, але змяніў пастанову, калі убачыў допіс на старонцы «Instagram» спартоўкі. У ім яна размясціла фота, дзе стаяла з бел-чырвона-белым сцягам на праезнай частцы падчас аднаго з паслявыбарчых мітынгаў.

Увосень 2020 года Валянціна Зелянкевіч пераехала ў Расею, дзе працягнула трэнавацца, там жа яна працавала трэнеркаю ў трыятлоне і плаванні.

У чэрвені 2021 года падчас трэнавання ў Маскве Валянціну Зелянкевіч збіў аўтамабіль. Падчас здарэння ў спартоўкі была зламаная сківіца, выбітыя зубы, ёй правялі аперацыю.

Згодна з інфармацыяй Tribuna.com, нядаўна Зелянкевіч вярнулася ў Беларусь, а неўзабаве пасля гэтага яе затрымалі. Да суда жанчыну трымалі за кратамі. Дата, калі адбыўся суд, невядомая.

Нагадаем: згодна з інфармацыяй Беларускага фонду спартовай салідарнасці і праваабарончага цэнтру «Вясна», 16 чалавек са спартовай сферы цяпер у месцах зняволення паводле палітычных артыкулаў. Гэта спартоўцы, трэнеры, спартовыя журналісты, блогеры.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў