У контур энергаблоку трапіла тона смалы: што цяпер адбываецца на БелАЭС і чаму там пастаянна нешта ламаецца


У канцы лютага – пачатку сакавіка планаваўся запуск другога энергаблоку Беларускай АЭС. Але пакуль усё адкладаецца, і справа не ў вайне. «Белсату» стала вядома, што адбываецца на станцыі сёння.

БелАЭС. 25 красавіка 2021 года. Астравецкі раён, Беларусь.
Фота: ВК / Белсат

Нашыя чытачы, працаўнікі БелАЭС, распавядаюць, што рэактар першага энергаблоку сёння працуе толькі на 80 % магутнасці. Два разы запар там ламалася цыркуляцыйная помпа. Паліва ў блоку засталося да красавіка, і калі ён цяпер спыніцца, будзе вельмі праблематычным яго зноўку запусціць.

Разам з тым, цяпер вядзецца падрыхтоўка да запуску і падключэння да сеткі другога энергаблоку станцыі. Нагадаем, ядравае паліва ў рэактар было загружана ў снежні летась. Цяпер жа, паводле крыніцаў «Белсату», у контур другога энергаблоку патрапіла каля тоны смалы з фільтру. Падчас разагрэву яна расплавілася. Ёсць верагоднасць асядання яе на цепла-выдзяляльных зборках (ЦВЗ). Спробы ачысціць усё вуглям вынікаў не далі. Цяпер спрабуюць замяніць старую ваду новай. Але не вядома, на які час зацягнецца гэты працэс і ці наагул гэта дапаможа. Новую ваду трэба падрыхтаваць – барыраваць, каб не пачалася рэакцыя дзялення. Больш правільна было б адкрыць рэактар, дастаць паліва, зліць ваду і ўсё пачысціць. А гэта дадасць яшчэ як мінімум два месяцы да запуску энергаблоку.

Hавiны
Першы энергаблок БелАЭС спыняць на 80 дзён, а другі рыхтуюць да запуску
2022.02.25 11:11

Нашыя крыніцы запэўніваюць: перажываць наконт «другога Чарнобылю» у гэтай сітуацыі не варта, сучасныя сістэмы бяспекі станцый зробленыя такім чынам, што не дапусцяць падобнага роду аварый. Іншае пытанне, што вырашыць рабіць з гэтымі праблемамі кіраўніцтва АЭС. Калі сітуацыю вырашаць па правілах, згодна інструкцыям, гэта пацягне фінансавыя выдаткі. Цяпер жа адбываецца прастой станцыі, а яна павінна зарабляць грошы.

Атамную электрастанцыю ў Астраўцы ўзводзяць па расейскім праекце «ВВЭР-1200». Фізічна першы энергаблок запусцілі ў жніўні 2020-га, у лістападзе яго ўключылі ў агульную энергасістэму краіны. За гэты час, згодна толькі афіцыйнай інфармацыі, БелАЭС з розных прычынаў як мінімум сем разоў адключалі ад сеткі. Кожны новы запуск – гэта сур’ёзныя выдаткі, а яшчэ большыя выдаткі, калі БелАЭС стаіць, а выдаткі як ішлі, так і ідуць. А аддаваць вялізны крэдыт, узяты на будаўніцтва станцыі, усё ж прыйдзецца.

БелАЭС. Астравецкі раён, Беларусь. 25 красавіка 2021 года.
Фота: ВК / Белсат

На думку экспертаў, на станцыі пастаянна збоіць не рэактарная частка, а электрычная, генератар. Падобныя праблемы былі ў першай у свеце станцыі такога тыпу – Новаваронежскай АЭС. Якасць абсталявання «Расатама» досыць нізкая, таму там, напрыклад, можа згарэць генератар з-за кароткага замыкання. Ці як у цяперашнім выпадку – ламаецца помпа. Але такія частыя адключэнні-уключэнні блоку АЭС, нават калі яны «штатныя», могуць несці небяспеку ў будучыні. Лішняе ўключэнне і адключэнне прыводзіць да паскоранага зносу, бо гэта стрэс для рэактару. Метал корпусу 300-тоннага рэактару разлічаны на пэўную колькасць расхалоджванняў і ўключэнняў – награвання да працоўных тэмператур у 300 градусаў, а гэта вялізныя нагрузкі. Магчыма, у далейшым павялічаная колькасць пазапланавых прыпынкаў адабʼецца на якасці металу, і гэта можа прывесці да сурʼёзных аварыяў.

Аб’ектыў
БелАЭС можа трапіць пад санкцыі
2021.12.22 22:26

belsat.eu

Стужка навінаў