Поспехі расейцаў на ўсходзе, ЗСУ – на поўдні. Што адбываецца ва Украіне


«Белсат» падводзіць вынікі 717-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 10 лютага чытайце ў нашым аглядзе.

Купянскі і ліманскі кірункі

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра адбіццё 11 атак праціўніка на купянскім кірунку ў ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка і Іванаўка.

Ваяр Збройных сілаў Украіны. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што таксама цягам апошніх содняў войскі РФ у Харкаўскай вобласці атакавалі каля Табаеўкі і Крухмальнага. Пры гэтым зменаў лініі фронту не зафіксавана.

На суседнім ліманскім кірунку УС РФ ціснуць на так званым торскім выступе на поўначы Данецкай вобласці каля сёлаў Церны і Ямпалаўка і ў ваколіцах Белагораўкі на Луганшчыне. Паводле ўкраінскага камандавання, тут сілы абароны краіны адбілі не менш за 14 атак праціўніка.

Бахмуцкі кірунак

На бахмуцкім кірунку асноўная наступальная актыўнасць расейскіх вайскоўцаў лакалізуецца на захадзе і поўдні ад аднайменнага раённага цэнтру каля населеных пунктаў Багданаўка, Іванаўскае і Клішчыеўка – украінскі бок фіксуе 22 няўдалыя атакі за содні.

Між тым аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што войскі РФ прасунуліся на поўдні ад Багданаўкі, заняўшы лясны масіў. Такім чынам яны апынуліся перад хрыбтом (раён узвышша), на якім знаходзіцца суседні горад Часаў Яр. Паводле крыніцы, цяпер расейцы будуць штурмаваць узвышшы, для чаго загадзя назапасілі жывую сілу і тэхніку.

Пегаў сцвярджае, што каля Багданаўкі і Клішчыеўкі баі маюць сустрэчны характар.

Вайскоўцы ЗСУ, якія трымаюць абарону на кірунку, адзначаюць цяжкае становішча на поўдні ад апошняга населенага пункту, а таксама на лецішчах самога Бахмуту.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі

Ініцыятыва Узброеных сілаў РФ захоўваецца і ў ваколіцах Данецку. На аўдзееўскім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, толькі за апошнія содні сілы абароны краіны адбілі 33 атакі праціўніка каля населеных пунктаў Новабахмутаўка, Аўдзееўка, Первамайскае і Невельскае.

Між тым у Deepstate заўважаюць, што расейцам удалося прасунуцца на поўначы Аўдзееўкі, а таксама каля сяла Стэпавое (на паўночным захадзе ад гораду).

Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» удакладняе, што ў паўночнай частцы Аўдзееўкі УС РФ прасунуліся па вуліцах Сапронава і Лесі Украінкі. Гэты поспех дазволіў перанесці баявыя дзеянні ў ваколіцы мясцовай чыгуначнай лініі, якая з’яўляецца натуральнай лініяй абароны ўкраінцаў. Акрамя гэтага, крыніца фіксуе баі каля станцыі «Хімік».

Украінскія вайскоўцы.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

У паўднёвай частцы гораду расейцы наступаюць з боку ўмацаванага раёну «Царська охота». Тут баі ідуць па вуліцах Коласава і Саборная. Пакуль без зменаў лініі сутыкнення.

Пегаў гаворыць і пра ўкраінскія атакі на гэтым участку.

На мар’інскім кірунку асноўныя ўдары расейскіх вайскоўцаў ідуць у бок сёлаў Георгіеўка і Новаміхайлаўка.

«Рыбарь» піша, што перадавыя атрады УС РФ, імаверна, зайшлі ў цэнтральную частку Георгіеўкі па вуліцы Гагарына. Фактычных доказаў гэтага пакуль няма, але ў любым выпадку на новых пазіцыях трэба замацавацца, што будзе складаным, улічваючы, што ЗСУ кантралююць вышыні каля сяла.

У Deepstate гавораць, што расейцы маюць частковы поспех і ў Новаміхайлаўцы.

Бярдзянскі, мелітопальскі і херсонскі кірункі

Паводле Пегава, на поўдні Данецкай вобласці ЗСУ нечакана для праціўніка атакавалі з гораду Вуглядар у бок сяла Мікольскае, у выніку чаго выціснулі расейцаў з часткі пазіцыяў. Цяпер Збройныя сілы намагаюцца выбіць праціўніка за раку Кашлагач.

Самыя войскі РФ на бярдзянскім кірунку атакавалі ў ваколіцах сёлаў Залатая Ніва і Прыютнае (на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў), але поспеху не мелі.

У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці расейцы безвынікова атакавалі з поўдня ад гораду Арэхаў каля сёлаў Вэрбовае, Навапрокапаўка і Работына.

Пры гэтым ЗСУ прасунуліся з захаду ад Работына, а таксама побач з суседнім сялом Капані.

Акрамя гэтага ўкраінцы наступалі на захадзе рэгіёну з боку Каменскага і змаглі прасунуцца ў так званай шэрай зоне.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Каментар
ГУР Украіны шукае беларусаў, якія трапілі ў расейскі палон, але пакуль безвынікова
2024.02.09 20:25

Наталля Кулыгіна belsat.eu

Стужка навінаў