«Санкцыі супраць Беларусі абсурдныя». Менск здабыў у ЕЗ новага сябра – Славаччыну


Віцэ-спікер парламента Славаччыны Любаш Блага пасля сустрэчы з амбасадарам Беларусі назваў санкцыі супраць Менску абсурднымі і паабяцаў «зрабіць усё, каб нармалізаваць стасункі з Расеяй і Беларуссю». Гэта другая пасля Вугоршчыны краіна ЕЗ, што не хавае прыязнага стаўлення да дзвюх аўтарытарных дзяржаваў.

Віцэ-спікер парламента Славаччыны Любаш Блага.
Фота: LubosBlahaSmer / Telegram

«Беларусь – наш сябар, і мы ніколі не забудзем ахвяры гэтага адважнага славянскага народу ў Другой сусветнай вайне», – напісаў віцэ-спікер парламента Славаччыны Любаш Блага ў сваім Telegram-канале пасля сустрэчы з беларускім амбасадарам Андрэем Дапкюнасам.

«Я буду рабіць усё для далейшага развіцця нашай супрацы, мне заўсёды падабалася ездзіць у гэтую цудоўную краіну і лічу санкцыі супраць Беларусі абсурднымі», – заявіў славацкі палітык.

Ён паабяцаў «зрабіць усё, каб нармалізаваць стасункі з Расеяй і Беларуссю»:

«Мы хочам міру. І мы адмаўляемся ад нянавісці да Расеі і Беларусі. Мы хочам прыслухацца да пункту гледжання Расеі, інакш кампраміс ніколі не будзе знойдзены».

У гэтым жа допісе Блага паведаміў, што «не можа не дачакацца, каб паглядзець» інтэрв’ю Уладзіміра Пуціна былому вядоўцу амерыканскага тэлеканалу «Fox News» Такеру Карлсану.

«Істэрыка заходніх лібералаў наконт гэтага інтэрв’ю толькі пацвярджае, наколькі сучасны лібералізм ненавідзіць свабоду і ўзважаныя дэбаты. Іхныя мазгі ўжо цалкам затуманеныя іх уласнай прапагандаю», – заявіў віцэ-спікер парламента Славаччыны.

Агляд
Пра што Пуцін дзве гадзіны размаўляў з амерыканскім інтэрв’юерам Карлсанам. Пераказ
2024.02.09 04:36

Тым часам прэм’ер-міністр рэспублікі Робэрт Фіца ў размове з выданнем «Pravda» паразважаў пра допуск беларускіх і расейскіх спартоўцаў да Алімпіяды. Заявіў, што супраць абмежаванняў.

«Уявіце спартовую дысцыпліну, дзе абсалютныя сусветныя лідары з Расеі або Беларусі займаюць першае месца. Вы адхіляеце іх ад спаборніцтваў, і перамагае той, у каго імавернасць перамогі была б мінімальнаю. Якая тады каштоўнасць гэтага залатога медаля? Я б ніколі ў жыцці не забараняў спартоўцам удзельнічаць у спаборніцтвах», – сказаў кіраўнік славацкага ўрада.

Раней міністэрства культуры гэтай краіны скасавала забарону на культурную супрацу з Беларуссю і Расеяй, заявіўшы, што «у свеце адбываюцца дзясяткі вайсковых канфліктаў, і артысты і культура не мусяць за гэта расплачвацца».

Hавiны
«Артысты не мусяць расплачвацца за вайну». Славаччына ўзнавіла культурную супрацу з Беларуссю
2024.01.20 23:27

Урад, што прыязна ставіцца да краіны, якая пачала вайну ва Украіне, і ейнай хаўрусніцы Беларусі, паўстаў у Славаччыне ўвосень мінулага года. Фіца ўзначаліў кабінет міністраў трэці раз.

Яшчэ адна сяброўка Беларусі ды Расеі ў ЕЗ – Вугоршчына. Кіраўнік МЗС гэтай краіны Петэр Сіярта двойчы летась наведваў Менск.

Аналітыка
Чаму міністр з Еўразвязу сустрэўся з Лукашэнкам? Інтэрв’ю з польскім палітолагам
2023.10.31 15:30

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў