«BelPol» апублікаваў спіс артыкулаў, якія застануцца па-за амністыяй у 2024 годзе


Аб’яднанне сілавікоў «BelPol» паведамляе, што ў Беларусі рыхтуецца закон «Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Паводле здабытай інфармацыі, ён не будзе распаўсюджвацца на асуджаных паводле палітычных артыкулаў.

Исправительная колония № 3, Витьба, Беларусь
КПП калоніі № 3. Віцьба, Беларусь. Ліпень 2022 года.
Фота: Акім Крумкач / Белсат

Паводле дакументу, меркаваная амністыя будзе прадугледжваць вызваленне няпоўнагадовых, цяжарных жанчын, інвалідаў I і II групы, пенсіянераў, хворых на адкрытую форму туберкулёзу і анкалогію (2-4 ступені), ВІЧ-інфікаваных (3-4 стадыі), а таксама грамадзян, якія пацярпелі ў выніку катастрофы на ЧАЭС.

«BelPol» пералічвае больш за 20 крымінальных артыкулаў, асуджаныя паводле якіх могуць не спадзявацца на амністыю. З гэтай інфармацыі вынікае, што па амністыі на свабоду не змогуць выйсці асуджаныя за:

  • генацыд (арт. 127 КК);
  • распальванне сацыяльнай варожасці (арт. 130 КК);
  • рэабілітацыю нацызму (арт. 130-1 КК);
  • фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці (арт. 290-1 КК);
  • садзейнічанне тэрарыстычнай дзейнасці (арт. 290-2 КК);
  • масавыя закалоты (арт. 293 КК);
  • арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК);
  • паклёп на Лукашэнку (арт. 367 КК);
  • знявагу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) ды іншыя.

Амністыя не будзе таксама прымяняцца ў дачыненні асуджаных па так званым «наркатычным» артыкуле – 328 КК.

Як заўважае «BelPol», гэтая амністыя, тым не менш, будзе падавацца беларускай прапагандай свету як прыкмета дэмакратызацыі рэжыму і праява яго гуманізму.

Раней міністра ўнутраных справаў Іван Кубракоў выказаўся пра новаўвядзенні ў правілы амністыі ў 2024 годзе: яна будзе ўжытая да асуджаных за асабліва цяжкія злачынствы, у тым ліку забойствы і цяжкія цялесныя пашкоджанні, якія прывялі да смерці.

Аб’ектыў
Ручное кіраванне правасуддзем: Лукашэнка абмеркаваў амністыю
2024.01.12 21:01

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў