Колькасць ахвяраў праз землятрусы ў Турцыі і Сірыі перавысіла 20 тысячаў


Больш за 20 тысячаў чалавек загінулі праз землятрусы ў Турцыі і Сірыі, што адбыліся ўначы і ўдзень 6 лютага. Колькасць пацярпелых перавысіла 78 тысячаў, паведамляе агенцтва «Anadolu».

Турэцкі горад Антак’я пасля землятрусу.
Фота: Maxar / Twitter

Мінімум 17 674 чалавекі загінулі ў Турцыі, 72 879 пацярпелі. Не менш за 3317 чалавек загінулі ў Сірыі.

Мясцовае Міністэрства аховы здароўя паведамляла пра 1347 ахвяраў у правінцыях Алепа, Лятакія, Хама і Тартус, а таксама пра 2295 пацярпелых. Акрамя таго, паводле звестак Сірыйскай грамадзянскай абароны, яшчэ 1970 чалавек загінулі і 2950 былі параненыя ў раёнах, якія кантралююцца паўстанцамі. Толькі ўчора, 9 лютага, туды прыбыў першы канвой дапамогі ААН з Турцыі.

Шмат хто па-ранейшаму застаецца пад заваламі, трываюць ратавальныя працы, колькасць ахвяраў можа яшчэ ўзрасці. Пашукова-ратавальныя аперацыі працягваюцца пяты дзень. Грамадзяне краіны крытыкуюць улады, бо лічаць, што ратавальныя працы вядуцца вельмі павольна.

Вядома, што больш за 70 краінаў выслалі ратаўнічыя каманды ды іншую дапамогу.

Землятрус магнітудаю 7,7 адбыўся ў Турцыі ў ноч на 6 лютага, за ім рушыла ўслед серыя паўторных землятрусаў, у тым ліку адзін магнітудаю 7,6. Яны прывялі да сур’ёзных разбурэнняў і ахвяраў у Турцыі ды суседняй Сірыі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў