Былому губернатару Хабараўскага краю Сяргею Фургалу прысудзілі 22 гады турмы


Маскоўскі абласны суд прыгаварыў экс-губернатара Хабараўскага краю Сяргея Фургала да 22 гадоў калоніі строгага рэжыму, паведамляе «Интерфакс». Яго затрымалі ў 2020 годзе, што выклікала хвалю пратэстаў у рэгіёне.

Сяргей Фургал у дзень прысуду 10 лютага 2023 года. Скрыншот з відэа: tass_live / Telegram

Сяргея Фургала прызналі вінаватым у двух забойствах і замаху на забойства. Паводле версіі СК, ён разам з кампаньёнам арганізаваў замах на забойства прадпрымальніка Смольскага і забойствы яшчэ двух бізнесоўцаў у 2004–2005 гадах. Астатнія тры фігуранты справы атрымалі меншыя тэрміны – ад 9,5 да 21 гадоў калоніі.

Два дні таму пракуратура запатрабавала 23 гады калоніі строгага рэжыму для Фургала.

Сам ён віну ў прад’яўленых яму злачынствах не прызнаў. У сваім заключным слове Фургал зазначыў, што з боку абароны было заяўлена сто сведкаў, а дапыталі пры гэтым усяго дваіх, астатнія не былі дапушчаныя. Акрамя таго, паводле яго, усе рэчавыя доказы следства схавала.



Паведамляецца, што абарона абскардзіць абвінаваўчы прысуд Фургалу і будзе дабівацца ягонага апраўдання, паведаміў адвакат.

Фургал быў затрыманы ў ноч на 9 ліпеня 2020 года ў Хабараўску і дастаўлены ў Маскву. Цяпер ён застаецца пад вартай у СІЗА «Лефортава». Затрыманне губернатара выклікала грамадскі рэзананс і масавыя пратэсты ў Хабараўскім краі, людзі выходзілі кожныя выходныя. Ягоныя прыхільнікі лічылі затрыманне палітычна матываваным, бо некалькі гадоў таму на выбарах кіраўніка рэгіёну ён перамог кандыдата ад праўладнай партыі «Единая Россия».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў