Ці Аляксандр Лукашэнка сапраўды сабраўся на вайну?


Пра любоў Лукашэнкі да ваеннай гісторыі ведае кожны беларус. Сёння ж ён аказаўся на парозе рэальнай вайны. Выглядае на тое, што Лукашэнка яе хоча. У моманты, калі маўчыць нават Пуцін, Лукашэнка, як школьнік, задзірае Захад і Украіну. Што гэта – нерэалізаваныя амбіцыі самазванага галоўнакамандуючага ці спосаб нагадаць пра сябе ва ўмовах, калі ніхто не ўспрымае яго сур’ёзна?

«Калі на сцэне ёсць стрэльба, яна абавязкова стрэліць», – кажуць у тэатральным асяроддзі. З усяго вынікае, што Лукашэнка жыве па тых жа самых законах сцэны. У 2020-м пабегаў з аўтаматам без ражка, цяпер мае моцную прагу да рэальнай зброі.

Аляксандр Лукашэнка:

«Сёння ў нас, на жаль, адкрываецца паўднёвы фронт, паўднёвы кірунак – ад гэтага нікуды не падзенешся. Мы вымушаныя ўмацоўваць межы з Украінай, таму гэтыя вучэнні, і вашая дапамога тут важная, і вашых ваенных спецыялістаў, дапамогуць нам вызначыць самыя балючыя пункты на гэтым кірунку, каб без лішніх выдаткаў стварыць абарону на паўднёвых рубяжах. Гэта таксама важна і для Расейскай Федэрацыі. Таму размовы, там, пра вайну, не пра вайну і гэтак далей… Палезуць – атрымаюць. Вось і ўся вайна».

Падчас размовы з міністрам абароны РФ Сяргеем Шайгу роўны яму паводле статусу беларускі аналаг Віктар Хрэнін сядзіць увесь час моўчкі па правую руку ад Лукашэнкі. Хаця, падавалася б, чаму не даручыць перамовы таму, хто адказны за ваенны кірунак? Бо для Лукашэнкі гэта шанец нагадаць Пуціну пра сваю неабходнасць, лічыць палітолаг Валер Карбалевіч.

Валерый Карбалевіч, палітолаг:

«Беларусь тут фактычна – адзіны саюзнік у гэтым канфлікце, таму Лукашэнку варта прадэманстраваць сваю неабходнасць Расеі ў гэтым плане. Таму ён бяжыць наперадзе паравоза і гаворыць тое, што не наважваецца гаварыць сам Пуцін. Гэта тая самая агрэсіўная рыторыка на адрас Захаду, асабліва на адрас Украіны. Гэта першае. Другое – яго цалкам задавальняе гэтая сітуацыя крэпасці ў аблозе. Беларусь – крэпасць у аблозе, вакол ворагі, трэба мабілізаваць грамадства, мабілізаваць свой электарат, сілавікоў, наменклатуру для барацьбы з ворагамі».

Аналітыка
Вучэнні «Саюзная рашучасць»: маштабы, лакацыі, кантэкст. Што трэба ведаць
2022.02.10 08:00

Ворагі ў Лукашэнкі паўсюль. І гэта цалкам магчыма было б назваць дыягназам, каб на гэтую думку яшчэ б так моцна не працавала расейская прапаганда. Днямі ў Палац Незалежнасці пад’ехала самая цяжкая яе артылерыя – адыёзны прапагандыст Уладзімір Салаўёў.

Як крамлёўскі рэтранслятар Салаўёў паказаў Лукашэнку: у ім бачаць асобу, якая пры неабходнасці прыкрые расейскі тыл. Чарговы раз Лукашэнка ад гэткай рыторыкі не адмовіўся.

Аляксандр Лукашэнка:

«Яны разумеюць, што бесперспектыўна з намі ваяваць. Перш за ўсё з Расеяй. Мы не кажам пра ядравую і іншую нейкую зброю, але нас лепш не чапаць».

Пагроза гучыць нават у гэтых словах. Вядома, што пазбаўленне ядравага нейтралітэту – цяпер адзін з пунктаў у новым праекце канстытуцыі. Дарэчы, гэта асобным пытаннем днямі на перамовах абмеркавалі Пуцін з Макронам. Пасля вось гэтага, яшчэ леташняга інтэрв’ю чарговаму расейскаму прапагандысту Кісялёву.

Аляксандр Лукашэнка:

«Чаму я стаў ворагам для Захаду – не таму, што я дыктатар ды іншае. Таму, што ўсе пляцоўкі, на якіх стаялі «Топалі», акрамя адзінай, поўнасцю захаваныя і дагэтуль гатовыя да выкарыстання. А вы ведаеце, як Захад рэагуе на ядравую зброю ды іншыя рэчы».

Пакуль Лукашэнка непрыхавана пагражае Захаду, Пуцін запэўнівае: баяцца ядравай небяспекі не трэба.

Валер Кавалеўскі, кіраўнік Офісу Святланы Ціханоўскай

«Нават нягледзячы на тое, што французскі прэзідэнт Макрон нібыта на перамовах з Пуціным атрымаў запэўніванне, што такога не адбудзецца, нас не можа задаволіць гэтае запэўніванне, бо мы ведаем, якое слова. І як мы можам верыць слову расейцаў, ці як мы можам верыць слову Лукашэнкі? Мы павінныя сыходзіць з таго, што нашай незалежнасці, нашаму суверэнітэту і існаванню ў прынцыпе Беларусі існуе сур’ёзная пагроза. Мы павінныя сыходзіць менавіта з гэтага і рабіць усё для таго, каб гэтая пагроза не спраўдзілася».

Пакуль у Беларусі дзее існая канстытуцыя, пра гэта варта памятаць самім і нагадваць чыноўнікам, лічыць Валер Кавалеўскі. Са свайго боку Офіс Святланы Ціханоўскай стратэгіяй супраціву лічыць план «Перамога» і шчыльную супрацу з Захадам.

Валер Кавалеўскі, кіраўнік Офісу Святланы Ціханоўскай

«Мы працуем вельмі шмат з нашымі міжнароднымі партнёрамі, мы падымаем шмат пытанняў пра тое, што адбываецца – вайсковыя гэтыя вучэнні на нашай тэрыторыі і тое, што Лукашэнка дае такім чынам выкарыстоўваць Беларусь для ваенных авантур, што гэта ўсё парушэнне нашай канстытуцыі, парушэнне нашага нейтралітэту, і гэта, безумоўна, афіцыйна азначае, што наш нейтралітэт будзе парушацца расяянамі. І мы таксама звяртаем увагу міжнародных партнёраў на тое, што калапс дэмакратычных інстытутаў прывёў да таго, што Лукашэнка і яго рэжым становяцца ўсё большай пагрозай для міжнароднага свету і бяспекі».

Менш чым праз два тыдні Святлана Ціханоўская наведае канферэнцыю аб бяспецы ў Мюнхене. Акурат пасля таго, як скончацца вайсковыя вучэнні «Саюзная рашучасць».

Надзея Бельская для праграмы «ПраСвет»

Калаж з фота: BelTa / TASS / Forum; Maxim Guchek /Forum

 

Стужка навінаў