Журналістаў «Белсату» Любоў Лунёву і Змітра Солтана арыштавалі на 10 і 15 содняў за «дробнае хуліганства»


Сёння суд Савецкага раёну Менску разгледзеў адміністратыўныя справы журналістаў «Белсату» Любові Лунёвай і Змітра Солтана. Іх пакаралі адміністратыўнымі арыштамі на 10 і 15 содняў адпаведна.

Справы разглядала суддзя Марына Фёдарава. Любоў Лунёву і Змітра Солтана вінавацілі паводле адміністратыўнага арт. 17.1 («Дробнае хуліганства»). Іх затрымалі 8 лютага, калі яны працавалі з камерай у Менску каля філармоніі.

Hавiны
Сілавікі затрымалі журналістаў «Белсату» Любоў Лунёву і Дзмітрыя Солтана
2021.02.08 21:48

Пратаколы на журналістаў склалі аднолькавыя. У холе Савецкага РУУС яны нібыта «выказвалі незадаволенасць працаю прадстаўнікоў МУС, перашкаджалі працы міліцыянтаў, гучна размаўлялі, называлі міліцыянтаў карнікамі і фашыстамі». Сведкам у справе выступіў ужо звыклы сведка Савецкага РУУС участковы Мікіта Бельскі.

У выніку Зміцер Солтан атрымаў 15 содняў арышту, а Любоў Лунёва – 10.

Раней, 7 снежня, Любоў Лунёву ужо затрымлівалі разам з аператарам Іванам Куракевічам на Маршы мудрасці ў Менску. Тады яны меліся зрабіць рэпартаж з падзеі, але амаль адразу журналістаў затрымалі. Пасля затрымання яны былі дастаўленыя ва УУС Савецкага раёну, а далей іх перавезлі на Акрэсціна. Аператару Івану Куракевічу далі тады 15 содняў арышту, а Любові Лунёвай штраф 30 базавых велічыняў.

Hавiны
Журналістку «Белсату» Любоў Лунёву аштрафавалі на 30 базавых велічыняў
2020.12.28 13:43

ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў