У кватэры экс-рэпарцёра БТ адбыўся ператрус. Яго адпусцілі пасля допыту


Супрацоўнікі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў правялі ператрус у кватэры былога рэпарцёра Белтэлерадыёкампаніі Мікіты Дзяменцьева. Пра гэта паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў са спасылкай на жонку мужчыны, які жыве ў Барысаве.

Удзень Мікіта Дзяменцьеў мусіў забраць дзіця з садка і раптам звязаўся з тэлефона выхавальніцы. Тады мужчына казаў, што яго не затрымліваюць і запэўніў: усё будзе добра. У выніку дзіця з садка забрала ягоная жонка. У дзіцячай шафе яна знайшла і ключы ад кватэры.

Дзяменцьева дапыталі і адпусцілі. З журналіста ўзялі падпіску аб неразгалошванні.

Улетку 2020-га Мікіта Дзяменцьеў удзельнічаў у забастоўцы супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі, пасля чаго яго звольнілі.

ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў