Генпракуратура папрасіла Расею выдаць байца Кудзіна. У Беларусі яму пагражае да 5 гадоў зняволення


Генеральная пракуратура Беларусі накіравала на адрас Генеральнай пракуратуры Расеі просьбу выдаць спартоўца Аляксея Кудзіна.

Чэмпіён свету па кікбоксінгу і тайскім боксе Аляксей Кудзін браў удзел у жнівеньскіх пратэстах у Маладзечне. Калі на яго наляцелі супрацоўнікі ўнутраных войскаў, ён паспрабаваў абараніцца і адправіў у накаўт афіцэра. Пазней спартоўца затрымалі ў межах крымінальнай справы. Спачатку яго вінавацілі ў гвалце ў дачыненні сілавікоў, але пасля арт. 364 змянілі на ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу («Супраціў супрацоўніку органаў унутраных справаў, спалучаны з ужываннем гвалту ці пагрозаю яго ўжывання»). Максімальнае пакаранне – 5 гадоў зняволення.

Hавiны
«Даў так, што запусціў у космас». Чэмпіён свету па кікбоксінгу і тайскім боксе Аляксей Кудзін пра тое, як яго затрымлівалі
2020.12.10 19:54

Пасля затрымання Аляксей некалькі тыдняў правёў у следчым ізалятары ў Жодзіне, а 21 жніўня яго перавялі пад хатні арышт. У снежні ён не з’явіўся на судовае паседжанне. А ўжо сёлета яго затрымалі ў Маскве па запыце ўладаў Беларусі. 22 студзеня спартоўца арыштавалі на два месяцы. Тады паведамлялі, што пытанне наконт экстрадыцыі плануюць вырашыць да 1 сакавіка.

Сам Кудзін папрасіў палітычнага прытулку ў Расеі. А Беларускі фонд спартовай салідарнасці накіраваў ліст у абарону байца ў Дзяржаўную думу, пракуратуру і Алімпійскі камітэт Расеі. Зварот сабраў больш за 300 подпісаў.

ЯП, belsat.eu

Стужка навінаў