Праз вайну ва Украіне Гомельскі хімзавод пазбавіўся 95 % экспарту


У сакавіку 2022 года Гомельскі хімзавод пазбавіўся 95 % экспарту праз вайну ва Украіне. Такімі звесткамі падзяліўся дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Чарнякоў парталу «Нефтехимия».

Гомельскі хімзавод.
Фота: belchemoil.by

«Не сакрэт, што ў пачатку сакавіка мы раптоўна пазбавіліся 95 % экспарту, які складаў 70 % усёй выручкі, і засталіся са стратным унутраным рынкам. Рэч у тым, што на працягу пяці гадоў прадпрыемства не падымала коштаў на ўгнаенні ўнутры краіны, бо ўдавалася перакрываць страты на айчынным рынку даходамі ад экспарту», – заявіў Дзмітрый Чарнякоў.

Паводле Чарнякова, прадпрыемства здолела своечасова адрэагаваць на новыя абставіны: выкарыстоўваліся ўсе даступныя захады для зніжэння затратаў і максімальна эканомілі на ўсім, а таксама паэтапна пачалі павышаць цэны на ўнутраным рынку і сканцэнтравалі намаганні на пераарыентацыі экспарту з рынку Украіны.

«Нас уратавала тое, што яшчэ ў 2020 годзе дзеля дыверсіфікацыі экспарту мы пачалі рэгістрацыю асобных марак угнаенняў у Расеі. Там гэты працэс даволі працяглы і бескампрамісны. Але мы заняліся ім, як той казаў, на ўсялякі выпадак, хоць у той час расейскі рынак нам быў не асабліва цікавы, бо там шмат сваіх моцных вытворцаў. Але ў самы патрэбны момант нашая ініцыятыва спрацавала. З сярэдзіны красавіка Гомельскі хімічны завод ужо меў неабходныя рэгістрацыйныя дакументы. Стаўка была зробленая на супрацу з самым буйным расейскім дыстрыб’ютарам мінеральных угнаенняў», – адзначыў Чарнякоў.

Дырэктар прадпрыемства таксама адзначыў, што Гомельскі хімзавод захаваў прысутнасць у Еўропе. Для гэтага давялося прыбраць з NPK-угнаенняў калійны складнік, які апынуўся пад санкцыямі:

«У нас створаныя гнуткія схемы вытворчасці, што дапамагло хутка пераарыентавацца і прапанаваць азотна-фосфарныя ўгнаенні на еўрапейскі рынак. Так, існуюць цяжкасці з плацяжамі, але мы захавалі сваю прысутнасць на гэтым рынку. Магу дадаць, што пастаўкі мінеральных угнаенняў у Азію і Паўднёвую Амерыку для нас стратныя праз істотныя выдаткі на дастаўку, бо лагістычнае плячо ад Гомля да іншага кантыненту вялізнае. Тым не менш адкрылі новы рынак – Лівію, адгружалі прадукцыю ў КНР ды іншыя краіны».

Гэтак, у 2022 годзе прадпрыемства перакрыла аб’ём экспарту ў 2021 годзе і чакае рэкордную выручку. У 2023-м завод збіраецца павялічыць вытворчасць на 5,3 %, а экспарт – на 5 %.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў