Квадратны метр жытла ў Менску – ад $ 600? Чаго чакаць ад цэнаў у 2023-м

Пра добрыя сцэнары пішуць медыі, якія засталіся ў Беларусі. Пра дрэнны працытую аднаго эксперта, з якім, падобна, салідарныя ўсе астатнія: «пакуль не хачу пісаць». То бок кепскага сцэнара не выключаюць усе. Ёсць яшчэ трэці сцэнар, які агучыў міністр архітэктуры і будаўніцтва – зверхаптымістычны. З яго і пачнем.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жылы комплекс «Прэстыжына». Менск, Беларусь. 12 студзеня 2021 года.
Фота: Белсат

1. Метр у Менску – за Br 1700

Міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч агучыў у праграме «Размова ў прэзідэнта» на тэлеканале «Беларусь 1» наватарскую ідэю: «На мой погляд, цана больш за 1000 еўраў (за квадратны метр жытла ў Менску) завышаная. Бо мы дакладна разумеем, колькі каштуюць матэрыяльныя рэсурсы, механізмы, выразна бачым, колькі каштуе сёння працоўная сіла. Таму, калі ўлічваць толькі гэтыя тры складнікі, яны ў суме відавочна менш за заяўленую часам цану ў забудоўнікаў. Рэальная цана [у Менску. – Заўвага рэд.], на мой погляд – ад 1500 да 1700 рублёў за камерцыйнае жытло на канец года. Гэта рэальная, нармальная цана. Для тых, каму трэба, мы выйдзем на паказнік каля 1400 рублёў за квадратны метр. Гэта нашая столь цаны, якую мы самі сабе паставілі на 2023 год».

Можа быць, міністр не ў курсе, але такога кошту ў Менску няма не тое што ў камерцыйных забудоўнікаў – яе няма ў дзяржаўных. Нават для шматдзетных чаргавікоў. Напрыклад, квадратны метр у панэльным 19-павярховіку на Ангарскай каштуе амаль Br 2000, у каркасна-блокавым доме на Грушаўскай (дом будуюць для шматдзетных міліцыянтаў) – амаль Br  2800. І гэта цана нармаванай плошчы, гэта значыць, як запэўнівае дзяржаўны забудоўнік, сабекошт плюс 5 % прыбытку.

2. Метр у Менску – на адзнаках 2022-га мінус 5 %

На гэтым сцэнары сыходзяцца астатнія эксперты. Пры агаворцы: «калі нічога не здарыцца». Наагул нічога. Зусім.

Будзем фіксаваць толькі тыя тэндэнцыі, што былі закладзеныя ў 2022-м. У іх грамадзяне ў першым паўгоддзі па-ранейшаму будуць актыўна купляць нерухомасць, замяняючы ёю валютныя банкаўскія ўклады, будуць паляпшаць жыллёвыя ўмовы – у тым ліку з дапамогаю крэдытаў, якія знізіліся ў кошце.

Але цэны на жытло не вырастуць проста таму, што рэальныя даходы насельніцтва не будуць павышацца, а патаннелыя крэдыты пры росце цэнаў прадуктаў і паслуг будуць па-ранейшаму не вельмі даступныя для асноўнай масы насельніцтва.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Гурбы снегу каля аднаго з дамоў у Менску, Беларусь. 19 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Мінус 5 % да актуальнай на студзень цаны да канца года дадуць апусцелыя кішэні.

3. Глядзім на Кіеў і Маскву

Гэта той сцэнар, пра які не хочуць казаць. У ім – афіцыйнае ўступленне Беларусі ў вайну. Мабілізацыя. Трэцяя, магутная хваля адтоку насельніцтва.

Масква дзякуючы мабілізацыі ўжо страціла частку ахвотных будаваць ці купляць жытло, кошты ў расейскіх рублях аселі, дысконт пры продажы элітнай нерухомасці пераваліў за 30 %. Колькасць угодаў знізілася за год на 10–20 % у залежнасці ад тыпу жытла. Паколькі там чакаюць другую, не менш магутную хвалю мабілізацыі, цэны працягваюць зніжацца. Ільготы па іпатэцы не дапамагаюць палепшыць настрою.

Калі ў Менску колькасць угодаў упадзе па выніках года на 20 % (ад узроўню мірнага года), пры той жа колькасці прапановы ўбачым і квадратны метр ад $ 900 і ў новабудоўлях, і ў сярэдняй цане ўгоды на другасным рынку.

У Кіеве, які бамбуюць і перыядычна жыве без электрычнасці, цэны з пачатку вайны аселі на 30 %. Але гэта мала пра што гаворыць, бо попыт упаў у 10 разоў. Пры норме 2000+ цяпер ледзь наскрабаецца дзвесце ўгодаў. Рынку няма. Няма продажу новабудоўляў: аддаць грошы ў будаўніцтва яшчэ страшней.

Калі груба перакласці кіеўскія рэаліі на Менск, сярэдняя цана квадратнага метра ва ўгодах на другасным рынку – ніжэй за 850, і 110–150 угодаў куплі – продажу кватэраў за месяц. У нагрузку – паралізаваны рынак новабудоўляў.

Наагул бачым амаль тыя лічбы, што агучыў міністр. Толькі ён казаў пра эканомію і зразанне даходаў забудоўнікаў. А ў краіны, што ваюе, стаіць пытанне не эканоміі – выжывання насельніцтва.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў