«У расейцаў – кадравы голад, на штурмы ідуць кантрактнікі». Пра сітуацыю на фронце – украінскі вайсковец


Ваеннаслужачы 47-й брыгады ЗСУ Ігар Крываручка распавёў Белсату, як цяпер выглядае сітуацыя на лініі фронту ў ваколіцах гораду Аўдзееўка, які ўжо амаль два месяцы спрабуюць захапіць расейцы, а таксама пра тое, як змяніўся этнічны склад расейскіх штурмавых каманд, якой зброяй яны карыстаюцца і як украінцы стрымліваюць спробы наступу з боку ворага.

Вайна ва Украіне
Баявыя дзеянні ў раёне Аўдзееўкі.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

Наступы пяхоты – штодня

Сектар адказнасці 47-й брыгады ЗСУ, у якой служыць наш суразмоўца Ігар Крываручка – ваколіцы Аўдзееўкі, пераважна паўночныя.

«Цяпер ужо фактычна два месяцы баёў за Аўдзееўку. Памятаеце прагнозы двухмесячнай даўніны, што вось-вось неўзабаве адбудзецца атачэнне, што сітуацыя катастрафічная і ўсё ў тым духу? На практыцы гэта выглядае так: нашае падраздзяленне пад Аўдзееўкай за трохі больш чым месяц з нуля рукамі пяхоты выкапала дзве лініі абароны, трэцяя лінія абароны будуецца з дапамогай тэхнікі, – распавядае вайсковец. – Таму прынамсі на нашай сферы адказнасці я спадзяюся, што ніякіх катастроф не прадбачыцца і ніякіх неспадзяванак быць не можа, нават калі здарыцца нейкая непрыемная сітуацыя. Гэта вайна, і казаць дакладна з матэматычным прагнозамі пра пэўнае развіццё падзеяў, вызначаць рубяжы і т.п. – немагчыма».

Агляд
Расейцы ціснуць па ўсёй лініі фронту. Што адбываецца ва Украіне?
2023.12.09 18:53

Сітуацыю, якая цяпер складваецца на фронце, можна апісаць як гібрыд пазіцыйнай і манеўранай вайны, зазначае Ігар Крываручка. Кожныя 3-4 дні вораг імкнецца рабіць магутны наступ з выкарыстаннем бранятэхнікі. Штодня адбываюцца наступы пяхоты.

«Але казаць пра нейкую крытычную сітуацыю нельга. Улічваючы, колькі задзейнічана чалавечага і тэхнічнага рэсурсу расейскай арміі, іхнае прасоўванне ў прынцыпе нязначнае, – кажа ўкраінскі вайсковец. – Што да складанасці сітуацыі, пры наступе любая сітуацыя адразу становіцца складанай, галоўнае, каб яна пры гэтым заставала пад кантролем. Прынамсі, у зоне нашай адказнасці сітуацыя складаная, але цалкам кантраляваная».

Паводле спадара Крываручкі, шляхі паставак у Аўдзееўку хоць і знаходзяцца ў зоне працы расейскай артылерыі, аднак пры гэтым захоўваецца магчымасць поўнага забеспячэння гораду – расейцы не ўзялі ніводны з участкаў шляхоў паставак.

«У штурмах спальваюць кантрактнікаў з этнічнай прыналежнасцю «рускія»

Ігар Крываручка распавёў таксама пра сітуацыю ў прамзоне Аўдзееўкі. Паводле вайскоўца, там цяпер засяроджаная пэўная колькасць добра падрыхтаваных украінскіх вайскоўцаў.

«Я думаю, што кожны метр прасоўвання ворагу ў прамзоне, нават калі яно там існуе, будзе давацца ім вельмі вялікай цаной. І калі казаць пра гіпатэтычнае меркаванне, ці будуць выходзіць сілы абароны з прамзоны ці не будуць, такое самае гіпатэтычнае меркаванне можна высунуць адносна таго, ці ў выніку наступу на прамзону не давядзецца расейскай арміі выходзіць з Краснагор’еўкі», – зазначае ваеннаслужачы.

Паводле нашага суразмоўцы, у расейскай арміі цяпер, імаверна, пачынаецца кадравы голад. Пра гэта сведчыць, што ў штурмах «спальваюць кантрактнікаў з этнічнай прыналежнасцю «рускія».

«Звычайна раней мы бачылі, што ў штурмы ішлі ці нацыянальныя меншасці, ці былыя вязні ды людзі з экстрэмісцкім настроямі – тыя, ад каго расейская ўлада хацела пазбавіцца, бо яны маглі быць патэнцыйна небяспечнымі, – кажа Ігар Крываручка. – Звычайна ў штурмы кідалі буратаў, ці хлопцаў з нейкіх вёсак Дагестану – з рэгіёнаў, дзе толкам нават інтэрнэту няма. Вялікія страты адтуль не павінны былі ўплываць на настроі сярэднестатыстычнага выбарца, які ў сакавіку пойдзе галасаваць за Пуціна. А цяпер мы бачым, што на спаленне ідуць расейскія прафесійныя кантрактныя войскі, этнічнае паходжанне якіх – рускія, і яны з абласных цэнтраў. Гэта тыя, за каго будзе каму перажываць, у каго ёсць сем’і з доступам да інтэрнэту. Калі тэмп наступу будзе падтрымлівацца такімі ж высілкамі, гэта можа адбіцца на рэйтынгу Пуціна. Каб падвысіць свой рэйтынг, Пуцін жа і даў загад захапіць Аўдзееўку да выбараў, каб прадэманстраваць хоць нейкую перамогу».

Але прымяркоўваць падзеі на вайне да нейкіх дат – марная справа, перакананы вайсковец.

«Паспяховы штурм – гэта ў вялізнай ступені воля Госпада Бога, – кажа спадар Крываручка. – <…>. А па Аўдзееўцы заявы былі спачатку да лістапада, потым – да снежня, пасля – да Новага года. Цяпер ужо гаворка ідзе пра выбары».

«Салдатаў з крывым дулам аўтамата дакладна не назіраецца»

Аўдзееўка.
Фота: novosti.dn.ua

Расейцы спяшаюцца і таму іх націскі трывае ўвесь час, зазначае ўкраінскі вайсковец. Яны спрабуюць прарваць фронт з дапамогай танкаў і БТР, потым прасунуцца ўглыб і высадзіць дэсант.

«На шчасце, пакуль кожная такая спроба завяршаецца правалам. За фактычна паўтара месяца ў іх была толькі адна ўдалася спроба, у астатніх выпадках тэхніка заўсёды спальваецца разам з дэсантам унутры, – распавядае Ігар Крываручка. – Пяхотныя групы прасоўваюцца штодня, туды, дзе ўжо ёсць захопленыя пазіцыі, і кожны раз яны намагаюцца прасунуцца трошкі далей, чым спыніліся іхныя папярэднікі. Кожнае такое прасоўванне намі кантралюецца, адпрацоўваецца артылерыяй, і калі яны набліжаюцца ў зону дасяжнасці стралковых баёў, даем ужо там бой».

Аналітыка
«Па трупах ходзяць». Расейская армія хоча зрабіць падарунак Пуціну, але пакуль усё марна
2023.12.06 19:02

Тэхнічнае забеспячэнне расейскіх салдатаў даволі добрае, зазначае наш суразмоўца:

«Салдатаў з крывым дулам аўтамата, як любяць распавядаць нашыя СМІ, бамжоў і т.п. дакладна не назіраецца. Узбраенне новае, боекамплектаў шмат, апранутыя яны цёпла. Адзіная характэрная рыса, якая іх адрознівае – гэта, фактычна, поўная адсутнасць рацыяў. Я думаю, гэта робіцца з той мэтай, каб тыя рацыі не траплялі ў нашыя рукі, бо мы б такіх трафеяў назбіралі б багата. Артылерыі ў іх таксама шмат. Яны могуць працаваць і па паточных першачарговых мэтах, і рабіць проста планавыя выстралы. У іх шмат СПГ, яны масава іх выкарыстоўваюць пераважна супраць пяхоты. Шмат працуюць дыстанцыйна з танкаў».

Моцнае ў расейцаў і радыёэлектроннае падаўленне дронаў, зазначае вайсковец. Яны часта глушаць цалкам усю мабільную сувязь, у тым ліку, старлінк. Аднак у адказ украінскія распрацоўшчыкі праграмнага забеспячэння працуюць над удасканаленнем украінскіх дронаў.

«Па стане на цяперашні момант у нас атрымліваецца абыходзіць магутнасць РЭП, і на лініі баявога сутыкнення ўкраінскія дроны працуюць пастаянна. Пераважна гэта датычыць дронаў-выведнікаў. Варта адзначыць тэндэнцыю, што ўдарныя дроны выкарыстоўваюцца ў разы радзей. Я думаю, што абодва бакі іх цяпер назапашваюць для новага раптоўнага выкарыстання ў бліжэйшым часе», – рэзюмуе Ігар Крываручка.

Поўнамаштабная вайна, распачатая Расеяй ва Украіне 24 лютага 2022 года, працягваецца ўжо 654 дні.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў