Глядзіце, як будуць уручаць Нобэлеўскую прэмію міру. Жывы эфір на «Белсаце» 10 снежня


Алесь Бяляцкі, заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», стаў у 2022 годзе лаўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру. Гэтую прэмію яму пакуль не змогуць уручыць: ён палітычны зняволены ў Беларусі. Але цырымонію ўганаравання прэміяй усё роўна правядуць – а мы будзем весці жывую трансляцыю і пагаворым са знаёмымі Бяляцкага ў студыі.

Кіраўнік ПЦ «Вясна» Алесь Бяляцкі.
Фота: viasna96 / Telegram

10 снежня а 14:30 паводле менскага часу «Белсат» ладзіць адмысловы эфір з наўпроставым уключэннем з урачыстай цырымоніі ўручэння Нобэлеўскай прэміі міру. У нашай студыі Сяргей Пеляса паразмаўляе з асобамі, якія добра ведаюць Алеся Бяляцкага. Распавядзем, як ён стаў абаронцам правоў беларусаў, паразважаем, ці наблізіць гэтая прэмія вызваленне лаўрэата з лукашэнкаўскай турмы, а нас усіх ад дыктатуры.

Глядзець эфір можна на нашым сайце, на Youtube-канале, у мабільных праграмах і праз Smart TV, а таксама праз спадарожнік. Пабачыць цырымонію можна будзе супольна з іншымі беларусамі: на прагляды збіраюцца беларусы Варшавы, Вільні, Лондану, Прагі і Тбілісі.

Нобэлеўскую прэмію міру ўручаюць у Міжнародны дзень правоў чалавека, а таксама ў дзень паўстання нашага тэлеканалу. У 2022 годзе Нобэлеўскую прэмію міру атрымалі кіраўнік беларускай праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алесь Бяляцкі, расейская праваабарончая арганізацыя «Мемарыял» і Цэнтр грамадзянскіх свабодаў з Украіны.

Замест Бяляцкага прэмію паехала прыняць ягоная жонка Наталля Пінчук. Бяляцкі застаецца ў няволі ўжо паўтара года (прызнаны палітвязнем), але ён ведае, што зрабіўся набэліятам.

Hавiны
«Сігнал Лукашэнку і Пуціну». Каму разам з Бяляцкім далі Нобэлеўскую прэмію міру
2022.10.07 18:47

Алесь Бяляцкі – заснавальнік і нязменны старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна», віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) з 2007 да 2016 года. Яго затрымалі 14 ліпеня 2021 года ў межах маштабнай атакі спецслужбаў на праваабарончую супольнасць Беларусі. Спачатку яму выставілі абвінавачанне паводле арт. 342 КК РБ («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») і арт. 243 («Ухіленне ад выплаты падаткаў»), але цяпер яму выстаўленыя іншыя абвінавачанні паводле арт. 228 КК («Кантрабанда») і ч. 2 арт. 342 КК («Фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Бяляцкага ўсё яшчэ не судзілі, а толькі працягвалі тэрмін утрымання пад вартаю. Праваабаронцы прызналі яго палітычным зняволеным.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў