«Гэта прэмія для беларускага народу». Жонка Алеся Бяляцкага заклікала свет памятаць пра змаганне беларусаў


У Осла адбылася прэс-канферэнцыя з лаўрэатамі сёлетняй Нобэлеўскай прэміі міру, паведамляе карэспандэнт «Белсату». Праваабаронцу Алеся Бяляцкага прадстаўляла ягоная жонка Наталля Пінчук. Яна назвала мужаву прэмію – прэміяй усяму беларускаму народу.

Кіраўніца «Цэнтру грамадзянскіх свабодаў» Аляксандра Мацвяйчук, старшыня праўлення міжнароднага «Мемарыялу» Ян Рачынскі, жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук і кіраўніца Нарвежскага нобэлеўскага камітэту Бэрыт Райс-Аннэрсэн на прэс-канферэнцыі ў Осла, Нарвегія. 9 снежня 2022 года.
Фота: Белсат

Жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук заклікала свет памятаць пра змаганне беларусаў. Яна выступіла ў Осла на прэс-канферэнцыі з лаўрэатамі сёлетняй Нобэлеўскай прэміі міру, перадае карэспандэнт «Белсату».

«На жаль, сітуацыя ў Беларусі такая, што людзі за права адстойваць сваю пазіцыю падвяргаюцца рэпрэсіям. Алесь – адзін з такіх людзей, але не адзіны прыклад», – адзначыла Наталля Пінчук.

Яна сказала, што вайна мае розныя праявы: захоп тэрыторыі, забойствы людзей і іншыя трагедыі.

«У Беларусі вайна іншага кшталту: схаваная, нябачная. Насельніцтва настолькі прыдушанае, што амаль не мае свайго слова. Прэмія для Алеся – гэта прэмія для беларускага народу. Памятайма, калі ласка, і пра нашую вайну – вайну беларускага народу», – заклікала Пінчук.

Жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук і кіраўніца Нарвежскага нобэлеўскага камітэту Бэрыт Райс-Аннэрсэн на прэс-канферэнцыі ў Осла, Нарвегія. 9 снежня 2022 года.
Фота: Белсат

Кіраўніца Нарвежскага нобэлеўскага камітэту Бэрыт Райс-Аннэрсэн, у сваю чаргу, растлумачыла, чаму сёлета прэміяй уганаравалі праваабаронцаў з Беларусі, Украіны і Расеі.

«Мы хацелі сказаць гэтай прэміяй для трох прадстаўнікоў розных краінаў, што часам дасягненне міру – у руках грамадзянскай супольнасці, а не ў руках дзяржаваў», – заявіла Райс-Аннэрсэн.

Сёлета лаўрэатамі Нобэлеўскай прэміі міру сталі кіраўнік беларускага праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, украінскі «Центр громадянських свобод» і расейская праваабарончая арганізацыя «Мемарыял».

Заўтра, 10 снежня, у Осла адбудзецца цырымонія ўзнагароджання. «Белсат» пакажа яе ў жывым эфіры.

Hавiны
«Сігнал Лукашэнку і Пуціну». Каму разам з Бяляцкім далі Нобэлеўскую прэмію міру
2022.10.07 18:47

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў