Актыўная праца ўраду ў выгнанні – ключ да вызвалення Беларусі


Пакуль ідзе вайна ва Украіне, палітычнае супрацьстаянне рэжыму Лукашэнкі чакана адышло на другі план. Між тым, пакідаць без увагі мірныя спосабы супрацьстаяння было б стратэгічна не правільна.



Паліттэхнолаг Віталь Шкляраў у калонцы для belsat.eu піша пра тое, чым у бліжэйшы час можа заняцца Аб’яднаны пераходны кабінет і офіс Святланы Ціханоўскай.

Даведка
Паліттэхнолаг Віталь Шкляраў.
Фота: me.vitali / Facebook

Святлана Ціханоўская – дэмакратычна абраны прэзідэнт Беларусі, прызнаны міжнароднаю супольнасцю, што як такое рэдкая магчымасць. Нядаўна яна сфармавала свой кабінет, і гэта добры пачатак. Днямі кабінет выдаў свой першы дэкрэт.

Давайце паразважаем, чым ён мог бы заняцца далей:

  • прыняць на сябе адказнасць і ролю легітымнага кабінету прэзідэнта Беларусі, стварыўшы ўрад у выгнанні і дамагацца прызнання гэтага ўраду на чале з прэзідэнтам Ціханоўскай;
  • стварыць шырокую лічбавую платформу – тэрыторыю зносінаў і ўзаемадзеяння ўсіх беларусаў унутры краіны і за яе межамі, «метасусвет», лічбавую дзяржаву з органамі, якія патрэбныя на гэта, і сэрвісамі рэальнай дзяржавы для грамадзянаў новай краіны ў выгнанні;
  • выдаваць на лічбавай платформе легітымны дакумент – пашпарты новай Беларусі, у тым ліку ў электроннай форме; гэтыя пашпарты цалкам павінны быць пазней прызнаныя ў Еўразвязе і ЗША; за такое прызнанне трэба змагацца, і Святлане Ціханоўскай гэта пад сілу;
  • накіраваць свайго прадстаўніка ў ААН і патрабаваць выключэння з усіх міжнародных арганізацыяў прадстаўнікоў ваеннага рэжыму;

    завочна амніставаць усіх палітвязняў. Больш за тое, абвясціць шырокую амністыю для ўсіх беларусаў, якія застаюцца закладнікамі рэжыму Лукашэнкі;
  • стварыць судовую сістэму, абвесціць выбары суддзяў на лічбавай платформе і пачаць ужо цяпер працэсы супраць узурпатара і ягоных паплечнікаў;
  • развіваць паўнавартасную электронную дзяржаву для пацверджаных электроннымі ID грамадзянаў: выдаваць пенсіі, дапамогі, стварыць навучанне онлайн, электронныя кашалькі, правесці ў бліжэйшыя 3 гады выбары ў парламент Беларусі, а таксама новыя прэзідэнцкія выбары па заканчэнні тэрміну Святланы Ціханоўскай, і нават абраць мясцовыя органы будучай улады;
  • пашыраць уласную армію і спецслужбы на аснове батальёнаў, якія змагаюцца цяпер ва Украіне, каб яны падпарадкоўваліся новаму ўраду ў выгнанні;
  • нацыяналізаваць на сваю карысць уласнасць Беларусі на тэрыторыі Еўропы і іншых краінаў. Прэцэдэнт РФ і ўдзел у вайне тут добры шаблон – гэта створыць дадатковы механізм санкцыйнага ціску;
  • паралельны або альтэрнатыўны варыянт – абкладаць падаткам на прыбытак увесь беларускі экспарт, а ўвазным мытам увесь міжнародны імпарт у Беларусь. Гэта закрые дзірку рээкспарту тавараў РФ праз Беларусь;

    патрабаваць перанакіравання 1 млрд долараў, вылучанага МВФ Менску ў межах праграмы для перазапуску міжнароднай эканомікі, на карысць новай і прызнанай дзяржавы Рэспублікі Беларусь у выгнанні;
  • браць ад асобы легітымнага ўраду крэдыты на праграмы развіцця беларускага бізнесу і грамадства, на дапамогу сем’ям несправядліва арыштаваных у перыяд акупацыі Беларусі.

І гэта наўрад ці поўны спіс.

Інтэнсіўная праца беларускага ўраду ў выгнанні здольная моцна пахіснуць рэжым Лукашэнкі. Эканамічныя меры прывядуць да таго, што ён практычна перастане атрымліваць якія-небудзь грошы ад любых краінаў, акрамя Расеі, у якой пад санкцыямі і сваіх праблемаў хапае. У прыватнасці, тавары, адпраўленыя ў Еўропу, ЗША і іх саюзнікам будуць напаўняць бюджэт ураду Ціханоўскай, з якога можна аказваць падтрыманне беларусам унутры краіны.

Павел Латушко, Александр Азаров, Светлана Тихановская, Валерий Ковалевский, Валерий Сахащик, конференция «Новая Беларусь», демократические силы, Вильнюс, Литва
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Другі дзень канферэнцыі Новая Беларусь». На здымку – Аляксандр Азараў, Павел Латушка, Святлана Ціханоўская, Валерый Кавалеўскі, Валерый Сахашчык. Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 г. фота: Белсат

Выдача электронных пашпартоў беларусам, якія жывуць на тэрыторыі самой Беларусі, дазволіць стварыць паралельную дзяржаву. Гэтыя пашпарты дадуць беларусам унутры краіны магчымасць бесперашкодна выязджаць за межы рэспублікі, у адрозненне ад дзейнага пашпарта РБ. Гэта асабліва важна для прыхільнікаў рэжыму. Ну і армія, зразумела, таксама спатрэбіцца, калі эканамічныя і палітычныя меры канчаткова расхістаюць вертыкаль узурпатара.

Вядома, на практыцы рэалізаваць нават адзін пункт з гэтага плану няпроста. Урады ў выгнанні рэдка дамагаюцца сур’ёзных вынікаў, хоць станоўчыя прыклады ўсё ж ёсць.

Напрыклад, эстонскі ўрад у выгнанні, які пачаў працу ў 1940 годзе, – адразу пасля захопу Эстоніі савецкімі войскамі, – прайшоў праз некалькі ітэрацыяў, урэшце атабарыўся ў Нью-Ёрку і захоўваў міжнароднае прызнанне да самага распаду СССР. Ён выдаваў уласныя пашпарты; пры гэтым ЗША так ніколі і не прызналі савецкую анексію Эстоніі.

Тыбецкі ўрад у выгнанні размяшчаецца ў Індыі і ўключае ў сябе прэм’ера, парламент, суды і сем дэпартаментаў; усё гэта кіруецца Хартыяй тыбетцаў у выгнанні – аналагам Канстытуцыі. Урад прызнаны Індыяй і фактычна ёсць дзяржавай у дзяржаве, кіруючы жыццём ста тысяч тыбецкіх уцекачоў.

Існуюць урады ў выгнанні, якія выступаюць за свабоду Ірану, Вʼетнаму, Камбоджы – але іх наўрад ці можна назваць асабліва паспяховымі праектамі.

Беларуская сітуацыя выгадна адрозніваецца ад усіх падобных тым, што ў нас ёсць легітымны, дэмакратычна абраны, міжнародна прызнаны прэзідэнт, а беларускі дыктатар цалкам дэзавуяваў сябе перад міжнароднаю супольнасцю, удзельнічаючы ў захопніцкай вайне на баку Расеі, і проста цяпер стварае непасрэдную пагрозу навакольным краінам. Акрамя таго, Беларусь – дзяржава невялікая, і ў выпадку, калі эканамічныя меры пачнуць дзеяць, а Лукашэнка адкажа на іх ізаляцыянізмам, часовае выключэнне краіны з эканамічнага і палітычнага жыцця планеты цалкам рэальнае – што немагчыма ўявіць у дачыненні гігантаў накшталт СССР і Кітаю. Беларусы. – развіты еўрапейскі народ, ужо інтэграваны ў міжнародную супольнасць, і ў выпадку змены рэжыму мы лёгка далучымся да еўрапейскай эканамічнай прасторы, маючы ўжо працоўную лічбавую дзяржаву і органы ўлады на прыкладзе лічбавай Эстоніі.

Владимир Корж, Алина Ковшик, Михаил Рубин, Виктория Федорова, Антон Родненков, Ярослав Бекиш, Елена Живоглодва
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Другі дзень канферэнцыі «Новая Беларусь». Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 г.
Фота: Белсат

Офіс Святланы Ціханоўскай ужо столькі змог дасягнуць толькі за два гады працы, пачынаючы з нуля і без усялякага досведу палітычнай дзейнасці, – трэба толькі ўявіць, якога размаху можна дасягнуць, абапіраючыся на органы ўлады і сур’ёзныя фінансы, крэдыты будучай новай Беларусі і нацыяналізаваны капітал.

У гэтай сітуацыі падтрыманне Святланы Ціханоўскай як законнага прэзідэнта і зрушэнне Лукашэнкі – у інтарэсах усіх краінаў. Барацьба за гэты мандат прызнання павінна стаць першым крокам працы кабінету ў гэтым кірунку і першым важным вынікам.

Вядома, інтэнсіўная праца дэмакратычнага ўраду Беларусі не будзе імгненна прынятая і ўхваленая міжнароднаю супольнасцю. Патрэбная добрая юрыдычная падрыхтоўка, выразны парадак дня (распісаны пакрокава і з тэрмінамі план дзеянняў) і ўпэўненая дыпламатычная праца. Патрэбная рашучасць самой Ціханоўскай быць дзейным прэзідэнтам, а не лідарам апазіцыі і гарантам сумленных, новых выбараў. Трэба заручыцца падтрыманнем урадаў краінаў Усходняй Еўропы і паралельна шукаць саюзнікаў у галоўных еўрапейскіх краінах і ЗША. Вядома, для арганізацыі працэсу спатрэбіцца істотна пашырыць склад кабінету, а таксама запрашаць замежных чыноўнікаў і спецыялістаў у новы ўрад новай Беларусі.

Наўрад ці залішне аптымістычным будзе выказаць здагадку, што актывізацыя працы кабінету Ціханоўскай адразу атрымае ўхвалу і падтрыманне сярод усіх еўрапейскіх краінаў. Добрая навіна ў тым, што ніякіх прынцыповых супрацьпаказанняў да ажыццяўлення лічбавага праекту паўнакроўнай беларускай дзяржавы не існуе. Як гаворыцца, трэба проста ўзяць і пачаць рабіць. У нас ёсць ажно тры гады на гэта.

Віталь Шкляраў для belsat.eu

Стужка навінаў