10 верасня а 10:00 у Вярхоўным Судзе пройдзе папярэдняе паседжанне наконт пазову аб ліквідацыі Беларускага Хельсінкскага камітэту (БХК). Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал праваабарончай арганізацыі.
7 верасня БХК атрымаў з Вярхоўнага Суда ліст з пазовам Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі арганізацыі на падставе «грубага парушэння заканадаўства», якое нібыта дапусціла праваабарончая арганізацыя. Паводле заявы, Міністэрства юстыцыі ў выніку следчых дзеянняў у неназванай крымінальнай справе атрымала дакументы ў дачыненні двух чалавек, якім БХК нібыта аплаціў ганарары за «паслугі доўгатэрміновага назірання за выбарамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2020 года».
«Нам невядома, пра якую крымінальную справу і ў дачыненні каго ідзецца. Відавочна, што выкарыстоўваць матэрыялы крымінальнай справы, якія яшчэ не ацэньваліся судом у межах судовага разбору паводле крымінальнай справы, неправамерна», – адзначаюць у арганізацыі.
Праваабаронцы лічаць, што рашэнне Вярхоўнага Суда ў справе аб ліквідацыі БХК можа парушыць права на абарону людзей, якія праходзяць паводле крымінальнай справы.
У ліпені ўлады распачалі беспрэцэдэнтную паводле маштабаў зачыстку НДА. На канец жніўня ўлады зліквідавалі або пачалі працэс ліквідацыі каля 200 некамерцыйных арганізацыяў.
ІІ belsat.eu