Украіна патрабуе тэрміновага візіту МАгАтЭ на Запарожскую АЭС


Украіна даслала ў ААН і Міжнароднае агенцтва атамнай энергіі (МАгАтЭ) лісты з заклікам накіраваць місію бяспекі на Запарожскую АЭС, паведаміў упаўнаважаны Вярхоўнай рады ў правах чалавека Дмытро Лубінец.

Запарожская АЭС.
Фота: 24 канал

Дмытро Лубінец абвінаваціў Расею ў здзяйсненні «актаў ядравага тэрарызму» у адносінах ЗАЭС і яе персаналу. Ён патлумачыў, што пад паняцце «ядравы тэрарызм» падпадаюць таксама і дзеянні, што ставяць за мэту парушыць, сабатаваць або маніпуляваць аперацыямі, якія адбываюцца на станцыі, што можа прывесці да выкіду радыеактыўных рэчываў. Паводле ягоных словаў, прысутнасць расейскіх вайскоўцаў на станцыі пагражае мільёнам украінцаў і ўсяму свету.

Таксама ён заклікаў генеральнага сакратара ААН, МАгАтЭ і сусветную супольнасць здзейсніць захады ў дэмілітарызацыі тэрыторыі станцыі і даць гарантыі бяспекі жыхарам Энэргадару пры абслугоўванні ЗАЭС.

«Нам гэты візіт сапраўды патрэбны пільна, як мага хутчэй. Я б сказаў, не пазней за канец гэтага месяца», – заявіў прадстаўнік Украіны пры міжнародных арганізацыях у Вене Яўгеній Цымбалюк.

З пачатку вайны ва Украіне тэрыторыя Запарожскай АЭС неаднаразова трапляла пад абстрэлы, бакі абвінавачваюць у гэтым адзін аднаго. Апошні раз ЗАЭС абстралялі 7 жніўня.

Прэзідэнт кампаніі «Енергоатом» Пятро Коцін заявіў у эфіры тэлемарафону, што Запарожская АЭС не зможа працаваць, калі будзе пашкоджаная апошняя лінія перадачаў, што сілкуе яе электраэнергіяй.

«Цяпер стварае вялікую пагрозу для Запарожскай АЭС у перыяд абстрэлаў той факт, што расейцы пашкодзілі лініі, якія злучаюць станцыю з Запарожскай ЦЭС і энергасістэмай Украіны. І цяпер ЗАЭС звязаная з энергасістэмай толькі адной лініяй, і гэта вельмі небяспечна для такога ядравага аб’екту», – тлумачыць Коцін.

Hавiны
Кіраўнік МАгАтЭ заявіў, што небяспека ядравай катастрофы «вельмі рэальная»
2022.08.06 22:59

Дарадца кіраўніка офісу прэзідэнта Аляксей Арэстовіч называе пагрозы Расеі падарваць Запарожскую АЭС спробай «выкленчыць перамовы», але, паводле ягоных словаў, Украіна на іх не пойдзе.

«Я думаю, што яны выкленчваюць перамовы. Гэта цалкам відавочна для нас. Са збожжам не атрымалася, маўляў, давайце зробім ядравым шантажом. Але таксама не атрымліваецца… Мы не пойдзем на перамовы з імі», – сказаў Арэстовіч.

Паводле яго, расейскія войскі не адважацца ўзарваць АЭС, бо «нікому ад гэтага не лягчэй». Ён мяркуе, што пагрозы не пройдуць для РФ «проста так» і адпаведная рэакцыя міжнароднай супольнасці абавязкова будзе.

Аб’ектыў
«Гэта можа быць яшчэ адзін Чарнобыль ці яшчэ горш». Запарожская АЭС, магчыма, замінаваная
2022.08.06 23:21

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў