На ваенным аэрадроме ў Крыму прагучалі выбухі. Мясцовае насельніцтва эвакуююць


У Крыму каля пасёлку Новафёдараўка на ваенным аэрадроме «Сакі» 9 жніўня прагучалі некалькі выбухаў. Мінабароны Расеі патлумачыла здарэнне дэтанацыяй боепрыпасаў. Улады Сакскага раёну, дзе і знаходзіцца аэрадром, абвесцілі эвакуацыю насельніцтва.

На аэрадроме ў Крыму 9 жніўня прагучалі выбухі.
Фота: ТАСС

Выбухі прагучалі каля 15:30 па мясцовым часе – іх было як мінімум 12 за хвіліну паводле сведкаў, піша Reuters.

Мясцовыя ўлады адразу пацвердзілі здарэнне. На месца выехаў кіраўнік рэгіёну Сяргей Аксёнаў. Дарадца кіраўніка Крыму Алег Кручкоў у сваім тэлеграм-канале таксама пацвердзіў факт некалькіх выбухаў у Новафёдараўцы.

На аэрадроме ў Крыму 9 жніўня прагучалі выбухі.
Фота: newfedorowka/vk.com
На аэрадроме ў Крыму 9 жніўня прагучалі выбухі.
Фота: newfedorowka/vk.com

Пазней з кароткім паведамленнем выступіла Міністэрства абароны Расеі. Паводле ведамства, выбухі сапраўды былі, але гэта не ракетны ўдар, а дэтанацыя боепрыпасаў. Стратаў няма, ніхто не пацярпеў, тэхніка цэлая, сцвярджаюць расейскія вайскоўцы. Аднак улады Сакскага раёну абвесцілі эвакуацыю насельніцтва. Паводле Алега Кручкова, па стане на 17:00 па мясцовым часе былі эвакуяваныя каля 30 чалавек з суседніх з аэрадромам дамоў. Людзей паселяць у пансіянатах і гасцініцах. Па перыметры аэрадрому выстаўлена ачапленне.

У 17.37 па мясцовым часе Алег Кручкоў са спасылкай на кіраўніка рэгіянальнага Міністэрства аховы здароўя Канстанціна Скарупскага паведаміў, што ў выніку выбухаў пацярпелі пяць чалавек, сярод іх – дзіця. Аднаму з пацярпелых спатрэбілася аперацыя – ён атрымаў раненне грудной клеткі. Пагрозы ягонаму жыццю на дадзены момант няма. Астатнім аказалі амбулаторную дапамогу.

Міністарка Украіны па пытаннях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторыяў Ірына Верашчук зазначыла, што «сённяшнія выбухі ў Новафёдараўцы – гэта чарговы напамін пра тое, чый Крым». Таксама чыноўніца зазначыла, што 9 жніўня – Міжнародны дзень карэнных народаў, а ва Украіне гэта – крымскія татары, караімы і крымчакі.

31 ліпеня расейскія СМІ паведамлялі пра атаку на Штаб Чарнаморскага флоту, здзейснены праз беспілотнік. Спачатку расейцы абвінавацілі ў інцыдэнце ЗСУ, але неўзабаве прызналі, што беспілотнік быў запушчаны з тэрыторыі Крыму.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў