І толькі надпіс: «Вераніка»

Як добра, што ў Вільні ўсё ж адбываецца канферэнцыя, пра якую так горача спрачаліся прыхільнікі розных штабоў, офісаў, партый… Усе, хто выказваўся на карысць той ці іншай пазіцыі, заяўлялі, што яны прыхільнікі дэмакратычных каштоўнасцяў. Мерапрыемства прадэманстравала, што з большага так яно і ёсць. Дый і атмасфера на самой канферэнцыі сведчыць аб тым, што беларусы маюць настрой не проста выжыць за межамі Радзімы, але і спрыяць таму, каб хутчэй вярнуцца і будаваць нармальную краіну.

Вераніка Цапкала, кіраўніца Беларускага жаночага фонду, на канферэнцыі дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь» у Вільні, Літва. 8 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

Праўда, спакой парушыла заява Веранікі Цапкалы аб неабходнасці ўвядзення кантролю за працай недзяржаўных медыя. Яна выбухнула не горш за шумавую гранату. Пасыпаліся каментары самага рознага кшталту, як ад прадстаўнікоў тых самых СМІ, гэтак і ад палітыкаў і звычайных карыстальнікаў сацыяльных сетак. Людзей больш за ўсё абурыла, што такія заявы робяцца чалавекам, які добра ведае, што ў Беларусі «зачысцілі» тыя самыя СМІ, а журналісты дагэтуль знаходзяцца ў турмах і спіс гэты толькі расце. І кажа гэта жанчына, якая сама вымушаная была дзеля сваёй бяспекі і бяспекі сваіх дзяцей з’ехаць з краіны. Не важна нават, што ў Маскву.

Чаму Вераніка Цапкала ўвогуле такое сказала? З пункту гледжання далейшага існавання ў палітычным полі дэмакратычнай апазіцыі гэта самазабойства. Дзе логіка? На што разлічвала жанчына, пра якую і так у грамадстве даведаліся толькі пасля таго, як яна разам са Святланай Ціханоўскай і Марыяй Калеснікавай паехала па краіне на сустрэчы з народам? Адкуль такія «прэтэнзіі» да «так званых незалежных СМІ»?

Калі шукаць логіку, то давайце ўзгадаем спачатку, арганізаванае Цапкаламі мерапрыемства, якое яны назвалі «Форум дэмакратычных сіл». Невялічкая кампанія сабралася ў залі гатэлю каля варшаўскага аэрадрому. Перад тым, як распачаўся гэты сход, была праведзена некаторая падрыхтоўка. Напрыклад, у тэлеграм-суполках некаторых краінаў хтосьці з эмігрантаў размясціў рэкламку з запрашэннем узяць удзел у мерапрыемстве.

Кампанія сабралася маленькая. Арганізатары казалі, што галоўная мэта мерапрыемства – заявіць, што нам патрэбна распрацаваць тактыку і стратэгію барацьбы. Добра, што там быў Макар (былы баец спецыяльнага падраздзялення «Алмаз» Ігар Макар. – Belsat.eu), які хаця б канкрэтна сказаў: «Нам трэба, каб нас заўважылі і пачалі фінансаваць нашу дзейнасць». Чаму асобна вырашылі «дзейнічаць»? Чым вам так насаліла Ціханоўская? Канкрэтных адказаў так і не прагучала. То бок разлік быў на тое, што прыйдуць журналісты, здымуць, пакажуць. Няўжо і праўда думалі, што гэтага ўжо будзе дастаткова? Адзін з удзельнікаў, якога прынамсі ў такой якасці запісалі ў журнал рэгістрацыі, сказаў: «Я прачытаў пра гэты форум, прыйшоў, каб паслухаць прадстаўнікоў палітычных партый, Ціханоўскую, Латушку, а тут нейкія невядомыя людзі сядзяць…»

Святлана Ціханоўская выступае на канферэнцыі дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь» у Вільні. На здымку (злева направа) – Дзмітрый Шчыгельскі, Павел Латушка, Аляксандр Азараў, Аляксандр Дабравольскі, Вадзім Пракоп’еў. Вільня, Літва. 8 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

Другі такі форум прайшоў у Берліне і ўжо выклікаў нашмат больш пытанняў да асобы самога Валерыя Цапкалы і яго цяперашніх паплечнікаў Вольгі Карач, Ігара Макара, Дзмітрыя Шчыгельскага (аналітычны прадстаўнік руху «Супраціў». – Belsat.eu). Кпіны ў бок Ціханоўскай і абвінавачанні яе каманды ў бяздзеянні і нават падазрэнні ў «нямэтавым» выкарыстанні грошай, абурыла прадстаўнікоў дэмакратычнага лагера, але і актывізавала працу ботаў і крытыкаў Офіса Ціханоўскай.

Асаблівых ілюзіяў, здаецца, не было наконт пазіцыі Цапкалаў, але выступ Веранікі пераканаў тых, якія яшчэ вагаліся.

Я чамусьці ўзгадала, як прыгожа выглядалі на сцэне тады два гады таму Святлана, Вераніка і Марыя. Памятаю той першы выступ Веранікі, які быў, бадай, самы эмацыйны, калі яна распавядала пра сваю хворую маму і нават заплакала падчас выступу. Але… падчас другога выступу, трэцяга… той жа аповед слова ў слова, у адным і тым жа месцы тыя ж слёзы, тая ж паўза… Не кожны здольны так сябе паводзіць перад вялікай аўдыторыяй. А калі гэта яшчэ ўпершыню ў жыцці? Самавалоданне і харызма ў наяўнасці. Яна дасць у гэтым фору свайму мужу. Няхай ён не крыўдуе. Але больш за гэтага і сказаць няма чаго.

Што ж адбылося гэтым разам? Вераніка Цапкала валодае сабой, як мала хто і яна мае цудоўныя артыстычныя здольнасці. Вельмі цяжка паверыць, што яна не змагла стрымаць свае эмоцыі. Але было добра бачна з якім выразам твару яна назірала за Святланай. Крыўда? Зайздрасць? Можа я дарэмна і гэтай прыгожай жанчыне ўвогуле не ўласцівыя такія пачуцці, як зайздрасць. Хто ведае. Але чаго толькі не адбываецца ў жыцці з-за яе, праклятай… Ды нават, калі ўзяць Крымінальны кодэкс і прачытаць любы артыкул, то можна смела ставіць знак роўнасці з зайздрасцю. Крадзяжы, забойствы, махлярства – усё з-за яе, як не круці. А ўжо пра зламаныя лёсы і казаць няма чаго, у тым ліку, і свае ўласныя.

Удзельнікі канферэнцыі «Новая Беларусь». На здымку – Іван Краўцоў, Вераніка Цапкала, Вольга Кавалькова, Валер Мацкевіч, Франак Вячорка і Святлана Ціханоўская. Вільня, Літва. 8 жніўня 2022 года. Скрыншот: Светлана Тихановская / YouTube

Было бачна, што трываць стала цяжка. Можа ўсё ж эмоцыі перамаглі. Відаць, назапасілася і хлынула цераз край. Калі Вераніка Цапкала паскардзілася, што пра яе мала пішуць, то мне адразу згадалася песенька старушкі Шапакляк з вядомага твору Эдуарда Успенскага «Кракадзіл Гена і яго сябры», дакладней прыпеў:

«Ну, разве это много:

Хочу, чтоб мой портрет

Застенчиво и строго

Смотрел со всех газет»

Як бы гэта смешна не выглядала, але Вераніка свайго дабілася. Ну, калі яшчэ было столькі яе цытат ды з фотаздымкамі. Толькі гультай не адгукнуўся.

Радуе, што ў беларусаў з гумарам дагэтуль усё добра. Прыемна чытаць, як прадстаўнік клінінгавай кампаніі, калі пабачыў такі піяр, параіў не абурацца, а прыслухацца да парады Веранікі Цапкалы «часцей рабіць уборку ў доме» і на гэтай цытаце размясціць назвы кампаній, якія хутка і па прымальных коштах вам у гэтым дапамогуць.

Насамрэч, шмат хто непакоіўся, што спрэчкі ўвядуць убок ад патрэбнай дыскусіі, але на практыцы мы бачым моцнае жаданне выпрацаваць сумеснымі намаганнямі мадэль будучай Беларусі: з кім мы будзем супрацоўнічаць, якая будзе эканоміка, як будзем адраджаць нацыянальную культуру, якая будзе адукацыя?..

Пытанняў вельмі шмат і, дзякуй Богу, што яны нас хвалююць. Ну, а той факт, што на другі дзень паседжання спецслужбы Літвы вымушаныя былі эвакуяваць з залі людзей з-за паведамлення пра выбухоўку, дае нам падставы меркаваць, што мы рухаемся ў правільным кірунку. Рэакцыя цяперашніх уладаў таму пацверджаннем. І зноў выхадкі Шапакляк згадваюцца.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў