Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі за 9 жніўня

Цягам двух гадоў у Беларусі не спыняюцца ціск і пераслед грамадзянаў з боку сілавікоў. І хоць з пратэстаў 2020 году мінула ўжо даволі шмат часу, штодня ў нашай краіне некага затрымліваюць ці судзяць. «Белсат» штовечар робіць агляд рэпрэсіяў за дзень.

Максім Стасілевіч. Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

9 жніўня стала вядома, што супраць верніка менскай царквы «Гефсіманія» Максіма Стасілевіча распачалі крымінальную справу паводле ч.1 арт.342 КК РБ («Удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Максіма затрымалі ўдома 22 ліпеня разам з іншым вернікам царквы хрысціянаў веры евангельскай «Гефсіманія» Яўгенам Барысікам. Падчас затрымання ў хлопцаў былі канфіскаваны пакункі ўлётак «Малітва за Беларусь», якія ўтрымліваюць заклік маліцца за краіну і народ «у гэты няпросты час», цытаты з Евангелля і евангельскі гімн «Чакаем цябе, наш Ісус». Пазней хлопцам прызначылі па 10 содняў арышту: Максіму за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт.19.11 КаАП), Яўгену – за дробнае хуліганства (арт. 19.1 КаАП). Цяпер на Максіма завялі крымінальную справу. Да суда ён будзе ў СІЗА-1 на Валадарскага.

Віталь Вайтовіч. Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

9 жніўня быў затрыманы чарговы прадстаўнік IT-індустрыі. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра арышт 31-гадовага спецыяліста па тэхнічнай падтрымцы ТАА «Хороший Интернет» Віталя Вайтовіча. Паводле іх, хлопец пакідаў негатыўныя каментары і рэпосты экстрэмісцкіх рэсурсаў у дваровым чаце, а таксама ўдзельнічаў у акцыі пратэсту 16 жніўня 2020 года.

Абласны суд Берасця 9 жніўня разгледзеў апеляцыйную скаргу палітзняволенай Алены Гнаўк. 65-гадовай жанчыне пакінулі прысуд без зменаў. 17 чэрвеня Алену асудзілі на тры з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штрафу ў 3200 рублёў. Гнаўк прызналі вінаватай па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу. З улікам часу, які пружанская палітзняволеная ўжо правяла ў СІЗА, ёй застаецца адсядзець яшчэ 2 гады і 8 месяцаў у калоніі.

Беларуску Яну Пінчук экстрадавалі з Расеі ў Беларусь.

Беларуску Яну Пінчук этапавалі з Расеі ў Беларусь

Яна – 25-гадовая грамадзянка Беларусі, якой на радзіме пагражае да 20 гадоў калоніі за адміністраванне «экстрэмісцкага» тэлеграм-чату «Віцебск 97%». Раней Камітэт па правах чалавека ААН забараніў Расеі выдачу Яны ў Беларусь.

У Круглым ГУБАЗіК затрымаў Алесю Пісарэнкаву. Прычынай затрымання стаў нібыта ўдзел жанчыны ў мірных акцыях пратэсту ў 2020 годзе і рэгістрацыя ў «Плане Перамога».

Уладзімір Прадкін. Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

У Гомлі вынесены прысуд жыхару Рэчыцы Уладзіміру Прадкіну. Мужчыну абвінавацілі паводле арт.130 Крымінальнага кодэксу («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці»). У справе ёсць яшчэ адзін артыкул – ч.1 арт. 342-1 («Прапаганда самазабойства»). Суддзя Аляксандр Піскуноў пастанавіў пакараць Уладзіміра пазбаўленнем волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на тры гады.

У Горадні быў затрыманы Аляксандр Азарко, паводле праўладных тэлеграм-каналаў, за «распаўсюд нацысцкіх сімвалаў у Інтэрнеце».

Палітвязня Юрыя Кавалёва накіравалі на прымусовае стацыянарнае лячэнне ў РНПЦ. 1 ліпеня палітвязень Юрый Кавалёў выйшаў з ваўкавыскай калоніі на волю, цалкам адбыўшы тэрмін. Пасля вызвалення знаходзіўся ў лякарні – яму рабілі аперацыю. Але адтуль яго забралі міліцыянты і прывезлі ў РНПЦ псіхічнага здароўя. Суд Ваўкавыскага раёну 28 чэрвеня, за тры дні да вызвалення, асудзіў палітвязня паводле ч. 1 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай калоніі»). Юрыю прызначылі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары. Яго затрымалі 23 ліпеня 2021 года за тое, што назваў Лукашэнку «дэбілам» на прыёме ў псіхіятра.

Журналістка Таццяна Матвеева. Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Адміністрацыйную справу былой журналісткі TUT.BY Таццяны Матвеевай, адміністратыўны працэс супраць якой распачаўся ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску, накіравалі на дапрацоўку ў міліцыю. Жанчыну вінавацяць у несанкцыянаваным пікетаванні шляхам размяшчэння ў Фэйсбуку фотаздымку з малюнкам белага і чырвонага колераў.

Ксёндз Аляксандр Баран. Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Зноў затрыманы ксёндз Аляксандр Баран з Лынтупаў. Яму прызначылі 17 содняў арышту паводле арт. 24.23 КаАП («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў»). Увесну ксяндзу Аляксандру прысуджалі 10 содняў арышту, але тады ён адседзеў толькі 8 – яго адпусцілі за некалькі дзён да Вербнай Нядзелі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны