Два гады пасля рэвалюцыі: як склаліся лёсы ўдзельнікаў пратэстаў 2020 года


У 2020 годзе беларусы аб’ядналіся ў агульнай надзеі на блізкія перамены ў краіне – разам выходзілі на пратэставыя акцыі, мірныя шэсці, дваравыя канцэрты. Шмат хто з удзельнікаў паслявыбарчых пратэстаў трапіў за краты і дасюль у зняволенні. Дзясяткі тысячаў эмігравалі. Як склаўся лёс сем’яў палітычных вязняў, тых, хто з’ехаў, хто цалкам адбыў свой тэрмін пакарання і выйшаў на волю? Мы папрасілі удзельнікаў падзеяў 2020 года распавесці пра жыццё цягам гэтых двух гадоў.

Дар’я Лосік, жонка палітычнага вязня, блогера Ігара Лосіка

«Распавяла дачцэ, што злыя дзядзі пасадзілі тату ў турму»

Сям’я Дар’і пацярпела яшчэ да дня выбараў 9 жніўня. Ейнага мужа Ігара Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года. 14 снежня 2020-га яго асудзілі да 15 гадоў зняволення за нібыта арганізацыю масавых закалотаў і распальванне варожасці.

Цяпер Ігар у папраўчай калоніі № 1 у Наваполацку, куды быў этапаваны ў чэрвені. Як распавяла Дар’я, мужа ўжо размеркавалі ў атрад, ён працуе. Настрой у Ігара розны, зазначае Дар’я. Засмучае дата вызвалення, указаная на бірцы на робе. Аднак агулам у калоніі менш часу, каб сябе накручваць, а тая ж праца адцягвае ўвагу і не дазваляе зусім заглыбляцца ў дэпрэсіўныя думкі.

Дар’я i Паўліна Лосікі.
Фота: Белсат

Дар’я пасля пераводу Ігара ў калонію прызвычайваецца да новага ладу жыцця – цяпер не трэба штотыдзень ездзіць у СІЗА з перадачаю ці на спатканне. Ва ўмовах узмоцненага рэжыму, які прысудзілі Ігару, можна перадаваць толькі тры перадачы за год. Калі ўдасца спаткацца, пакуль невядома. Паводле Дар’і, муж напісаў заяву, але тэрміны, калі дазволяць, невядомыя, і застаецца спадзявацца, што ў спатканні не адмовяць.

Самае цяжкае сёння для Дар’і – пытанні 4-гадовай дачкі Паўліны пра тату:

«Дачка расце, і я ўжо не кажу ёй, што тата ў камандзіроўцы. Я распавяла ёй, што злыя дзядзі пасадзілі тату ў турму. Мне няма чаго саромецца і хаваць, таму дачка ведае праўду».

Дар’я шукае працу кіроўцаю

Цягам гэтых двух гадоў Дар’я стала больш смелаю ды жорсткай, і гэта заўважае атачэнне жанчыны. Жонка палітычнага вязня падкрэслівае: ні пра што не шкадуе, бо ні яна, ні Ігар не зрабілі нічога кепскага, а абвінавачанне цалкам несправядлівае.

Дар’я з дачкою застаюцца ў Беларусі. Адкрытага пераследу з боку сілавікоў цяпер няма, а на дробязі кшталту сачэння яна стараецца не звяртаць увагі. Жонка палітычнага вязня цяпер шукае працу кіроўцай:

«Я звольнілася з мінулага месца працы, бо там я была матэрыяльна адказнай асобай, і гэта было небяспечна, я разумела, чым магла скончыцца для мяне праца з дзяржаўнымі грашыма. Хачу працаваць кіроўцаю бо я добра кірую машынаю, нават пры такім надвор’і, калі чалавек надвор не захоча выходзіць».

Дар’я кажа, што цяпер сям’я ні ў чым не мае патрэбы, і адзіная дапамога, пра якую яна просіць, – не забывацца пра Ігара, палітычных вязняў, паўсюль казаць пра іх і трымаць Беларусь на сусветным парадку дня.

Настасся Касцюгова, менеджарка стратэгічнай камунікацыі Офісу Святланы Ціханоўскай

Пакуль Настасся ў эміграцыі, у Беларусі памерлі ейныя бацька і дзед, а маці арыштавалі

Настассі 29 гадоў, яна дачка палітолага Валерыі Касцюговай, якую затрымалі ў чэрвені 2021 года і дасюль утрымліваюць за кратамі. Акрамя таго, Настасся вядомая як арганізатарка жаночых маршаў у Беларусі ў жніўні 2020 года. Яна з’ехала з Беларусі ў верасні таго ж года пасля таго, як яе пачаў шукаць ГУБАЗіК:

«У мяне не было візы, і я тады проста паехала на беларуска-літоўскую мяжу, пешшу перайшла яе, без рэчаў, у чым была ў нядзелю перад гэтым на маршы».

У Вільні жанчына звярнулася ў Офіс Ціханоўскай:

«Я адмыслоўца ў медыямаркетынгу, і падумала, што магу прапанаваць сваю дапамогу. Гэтак я апынулася ў Офісе Ціханоўскай і цяпер займаюся стратэгічнаю камунікацыяй».

Пакуль Настасся за мяжой, у Беларусі памерлі ейныя бацька і дзед, а маці арыштавалі.

Анастасия Костюгова, дочь политзаключенной Валерии Костюговой
Настасся Касцюгова, дачка палітзняволенай Валерыі Касцюговай.
Фота: Белсат

«Я не змагла быць на пахаваннях, напэўна, дасюль яшчэ не ўсвядоміла да канца, што страціла тату і дзеда, і што калі я вярнуся ў Беларусь, іх там не будзе, – кажа Настасся. – Вельмі цяжка было разумець, што я ніяк не магу дапамагчы маме, бо калі прыеду, то апынуся там жа, дзе яна».

Суразмоўца зазначае, што эміграцыя ды праца ў Офісе зрабілі яе больш дарослай і адказнай, навучылі абапірацца толькі на сябе. Яна ні пра што не шкадуе і не ўяўляе, што магла б зрабіць неяк інакш два гады таму:

«У мяне такі тэмперамент, што я не ўмею пратэставаць нягучна, таму ў мяне былі толькі два варыянты: ці ў турму, ці ў эміграцыю. І калі б не было жаночых маршаў, было б нешта іншае».

«Ці можна было сур’ёзна думаць, што пасля 26 гадоў дыктатуры яе можна было скінуць двума месяцамі мірных маршаў?»

У той жа час Настасся паважае тых, хто цяпер свядома застаецца ў Беларусі:

«Ясна, што людзі ў Беларусі цяпер нічога асабліва не могуць рабіць публічна. Але іхная задача – захаваць сябе і сваю беларускасць, будаваць сувязі, размаўляць з блізкімі і тлумачыць ім, што адбываецца. І застацца на волі да таго моманту, калі пачнуцца змяненні і гэтыя людзі будуць вельмі патрэбныя Беларусі. Я ўпэўненая, што такі дзень настане».

Настасся Касцюгова (трэцяя злева) на акцыі пратэсту ў Менску.
Фота: the-village.me

Згадваючы жаночыя маршы 2020 года, Настасся кажа, што яны адыгралі вельмі важную ролю, бо дзякуючы ім пратэсты не заціхлі ў першыя дні на хвалі дэпрэсіі пасля разгонаў і гвалту, а працягнуліся на даволі доўгі час. Таксама бачыць значны вынік агулам беларускіх пратэстаў і не згодная, што яны праваліліся:

«Вядома, калі казаць пра тое, ці спыніўся гвалт і ці вярнулі нам галасы ў выніку пратэстаў, то ў гэтым наш пратэст мэты не дасягнуў. Але ці можна было сур’ёзна думаць, што пасля 26 гадоў дыктатуры яе можна было скінуць двума месяцамі мірных маршаў? Хіба што не. Гэта была нашая наіўнасць, вера ў тое, што ўсё будзе паводле закону. Але я бачу вынік гэтых двух гадоў у тым, што людзі не супакоіліся. Калі згадваць усе папярэднія выбары, калі праз два гады ўжо ніхто не згадваў аб пратэстах, людзі прызнавалі ўладу і працягвалі жыць сваім жыццём, то цяпер зусім не так. Грамадства не прыняло ўлады і не прымае дасюль. Яе не прымаюць і ў міжнароднай супольнасці. І гэта нашае дасягненне».

Яна Клюева, дзяўчына з цыгарэтаю

Яна зрабілася славутаю дзякуючы фота з адной з акцыяў 2020 года: на ім дзеўчыну затрымліваюць і вядуць пад рукі два амапаўцы, а яна ідзе з бел-чырвона-белым сцягам на плячах, паліць цыгарэту і флегматычна глядзіць на тое, што адбываецца. У позірку – упэўненасць і сіла, аднак насамрэч у выніку ўсіх тых падзеяў Яна была не ў найлепшым псіхалагічным стане.

Фота: Валер Шарыфулін / ТАСС

«Было страшна, некамфортна. Я разумела, што перастаю спраўляцца з эмацыйным напружаннем. У мяне здавалі нервы. Яшчэ ў Беларусі я звярталася да псіхолагаў, – кажа Яна. – Я разумела, што маё паўторнае затрыманне – гэта пытанне часу. А пасля гісторыі з Раманам Бандарэнкам, разгону на плошчы Пераменаў, мне стала асабліва страшна. Я ўжо тады чакала запісу ў візавы цэнтр, і мне не варта было высоўвацца, а не высоўвацца было немагчыма. Але ў нейкі момант я пастанавіла, што мая бяспека і спакой маёй мамы для мяне важнейшыя».

У снежні 2020 года Яна з’ехала ў Польшчу, дзе цяпер жыве і працуе: паступіла ў магістратуру Ягелонскага ўніверсітэту на журналістыку. Пра падзеі 2020-га стараецца не згадваць.

Яна Клюева – дзяўчына са знакамітага здымку з цыгарэтай і амапаўцамі. На вірусным здымку яе затрымліваюць сілавікі падчас аднаго з маршаў 2020 года. Пакуль АМАП вядзе Яну ў аўтазак, дзяўчына курыць цыгарэту з абыякавым выразам твару. Цяпер Яна жыве ў Польшчы разам з сабакам Ушы. Варшава, Польшча. 30 ліпеня 2022 года.
Фота: Уладзімір Яўстаф’еў / Белсат

«Успаміны выклікаюць непрыемныя эмоцыі. Бо нешта нібы рабілася, а фактычна мы маем што маем, усе раскіданыя па свеце. Гэта непрыемна», – кажа суразмоўца.

Чым будзе займацца пасля навучання, якую спецыялізацыю ў журналістыцы абярэ, Яна не ведае. Кажа, увогуле не плануе цяпер на працяглы час – максіму на месяц наперад.

Пра ўдзел у пратэстах 2020 года не шкадуе:

«За гэты час было столькі розных думак, столькі разважала пра ўсё, што адбылося. Магчыма, нешта можна было зрабіць інакш, быць больш актыўнымі. Але я не шкадую ні пра што. Толькі што адчуваецца агульная стомленасць ад усяго».

Аляксандр Вілкс, былы студэнт ветэрынарнай акадэміі

«Цяжка згадваць, праз што прайшлі беларусы»

У 2020 годзе Аляксандру было 19 гадоў, ён скончыў першы курс ветэрынарнай акадэміі.

10 жніўня хлопец пайшоў на свой першы пратэст:

«Тады ўсё прайшло гладка, толькі крыху падвярнуў нагу, потым сядзеў у пад’ездзе і хаваўся з іншымі хлопцамі ад амапаўцаў. А на наступны дзень мяне затрымалі разам з сябрамі ў машыне. Цягам трох содняў вазілі па трох РАУСах, потым на Акрэсціна. Збівалі. Пасля гэтага я цягам месяца спрабаваў нешта даказаць, падаваў заявы, хадзіў на судмедэкспертызу. Але гэта было бессэнсоўна. І я пастанавіў з’ехаць з краіны, і думаю, я зрабіў гэта своечасова».

Аляксандр Вілкс.
Фота: асабісты архіў Аляксандра Вілкса

Маладзён паехаў у Вільню, там зрабіўся валанцёрам у арганізацыі «Дапамога», інфармацыйна падтрымліваў беларусаў, якія гэтак жа, як і ён, выязджалі з радзімы:

«У Вільні я зняў кватэру, знайшоў працу, выдыхаў, супакойваўся. Узімку сустрэў сваю дзяўчыну. І яшчэ праз паўгода, мінулым летам мы пераехалі ў Польшчу, дзе і жывем цяпер».

Пра 2020 год Аляксандр амаль не думае:

«Гэта цяжка згадваць, думаць пра тое, праз што прайшлі беларусы. Напэўна, я быў настроены нашмат больш аптымістычна ў пачатку, чым ужо праз некалькі тыдняў. Не быў гатовы да таго, праз што давядзецца прайсці, як гэта паўплывае на мяне, на ўстойлівасць маёй псіхікі. Але я прапрацаваў гэта ўсё і адчуваю сябе нашмат лепш».

«Я ўсё рабіў згодна са сваімі каштоўнасцямі, і гэта былі добрыя рэчы»

Тым не менш маладзён не шкадуе, што выходзіў на пратэсты.

«Я не ведаю, як бы я змог там жыць, калі б не выйшаў, а таксама калі б не з’ехаў потым. Мне цяжка ўявіць сабе сваё месца ў Беларусі, дзе я б мог абстрагавацца ад таго, што тады адбылося, і спакойна жыць, – зазначае Аляксандр. – Я лічу, што я рабіў усё правільна, згодна са сваімі каштоўнасцямі, і гэта былі добрыя рэчы. Усё гэта загартавала мяне, у выніку чаго цяпер у свой 21 год я стаў нашмат больш дарослым і дасведчаным».

На нейкі час Аляксандр адышоў ад грамадскай дзейнасці, але вярнуўся да яе з пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне:

«Калі я пераязджаў у Польшчу, у мяне было моцнае жаданне абстрагавацца ад усяго, што адбылося, і пажыць для сябе. Аднак пачалася вайна, і я адразу пачаў актыўна дапамагаць: інфармаваў пра ўцякацтва, пра легалізацыю ў Польшчы, перадаваў кантакты».

Аляксандр цяпер жыве жыццём сваёй мары: працуе ў рэстаране і пякарні, з дзяўчынай ходзіць на канцэрты, імпрэзы. У найбліжэйшай будучыні хлопец хоча паступіць у вучэльню і атрымаць адукацыю, але на гэты момант галоўныя пытанні – легалізацыя ў Польшчы і зараблянне грошай.

Маладзён не ведае, ці застанецца ў Польшчы на ўсё жыццё, але ў Беларусь вяртацца, пакуль не зменіцца ўлада, ён не збіраецца:

«Мне падаюцца дзіўнымі думкі людзей на нейкі час паехаць у Беларусь у цяперашняй сітуацыі. Я на сёння закрыў цалкам для сябе гэтую 1/6 сушы ў межах Расеі і Беларусі».

Ціхан Клюкач, былы палітычны вязень

«Беларусь перадусім»

18-гадовага Ціхана затрымалі 30 лістапада 2020-га і асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту на 1,5 года зняволення. Хлопец цалкам адбыў свой тэрмін пакарання і выйшаў на волю 9 сакавіка 2022-га. Амаль адразу пасля вызвалення Ціхан з’ехаў у Польшчу:

«Заставацца не мог, бо пачалі прыходзіць з допытамі пра блакаванне чыгунак. Некаторы час быў ва Украіне, у складзе палка Каліноўскага, пазней сышоў адтуль».

Суд над Ціханам Клюкачом і Сафіяй Малашкевіч.
Фота: Белсат

Пра падзеі 2020 года і час зняволення Ціхан згадвае часта. Кажа, адчувае выразны ўплыў на сябе таго, што давялося перажыць, і найперш – у стаўленні да людзей.

«Правёўшы паўтара года за кратамі, паразмаўляўшы з вялікаю колькасцю беларускіх міліцыянтаў і супрацоўнікаў унутранай службы, разумееш, што абсалютную большасць з іх нельга назваць людзьмі», – адзначае Ціхан.

Светапогляд і каштоўнасці маладзёна турма не змяніла:

«Беларусь перадусім. А паўтара года турмы і зоны – гэта таксама і паўтара года барацьбы за тое, каб заставацца сабой і несці тую ж ідэю свабоднай Беларусі, за якую мы змагаліся тады».

Ціхан ні пра што не шкадуе: ні пра ўдзел у пратэстах, ні пра час у зняволенні.

«Я рабіў усё, што ад мяне залежала. Я не з’язджаў з Беларусі, пакуль верыў, што яшчэ застаецца нейкая прастора для дзейнасці, – кажа хлопец. – Пратэст 2020 года задушылі, гэта мы павінны разумець, але праўда была і ёсць на нашым баку. І перамога будзе за намі. Дык пра што шкадаваць?»

«Ніхто не зробіць рэвалюцыі за нас»

Мары і планы Ціхана ўсцяж звязаныя з Беларуссю, а барацьба не скончылася. Цяпер маладзён – сустаршыня беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі «Парадак і права», якая налічвае каля 50 чалавек і працуе ў напрамку развіцця сілавога супраціву ў Беларусі.

Нядаўна хлопец далучыўся да атраду «Пагоня» і вырашыў зноў ехаць ваяваць ва Украіну:

«Расея – наш агульны вораг, барацьба супраць Расеі ёсць  і барацьбою за вызваленне Беларусі, у любым выпадку. Я рабіў і буду рабіць усё, што змагу, каб наблізіць той час, калі над Палацам Рэспублікі будзе лунаць бел-чырвона-белы сцяг, калі будуць знішчаныя АМАП і ГУБАЗіК, калі ўсе палітвязні будуць на волі, а Лукашэнка – пад трыбуналам».

Ціхан Клюкач.
Фота: Ціхан Клюкач / Facebook

Ціхан перакананы, што беларусам трэба яднацца і самым думаць, як скінуць рэжым, бо няма сэнсу чакаць дапамогі звонку:

«Можна даць параду беларусам на волі, у Беларусі і ў эміграцыі. Пакуль вы будзеце ісці шляхам мірнага пратэсту, пісаць лісты, абсалютная большасць з якіх не дойдзе, ладзіць акцыі ва ўтульных еўрапейскіх сталіцах, то і будуць у Беларусі новыя палітвязні. Яны будуць змагацца з апошніх сілаў за сваё права, як змагаецца цяпер Мікалай Аўтуховіч. Як дапамогуць яму вашыя лісты, імпрэзы, акцыі? Ніхто не дапаможа беларусам, акрамя самых беларусаў, ніхто не скіне рэжыму, калі не скінем яго самі. Ніхто не зробіць рэвалюцыі за нас: ні дэмакратычныя лідары, ні каліноўцы, ні Украіна. Шлях да перамогі – адзін: супраціў».

Мікіта Залатароў – асудзілі ў 16 гадоў, у 18 перавялі ў «крытую» турму

Гамельчука Мікіту Залатарова затрымалі 11 жніўня 2020 году. Хлопцу на той момант было 16 гадоў. Яго абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, гвалце альбо пагрозе ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, незаконных дзеяннях у дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў. Мікіту асудзілі да чатырох з паловай гадоў зняволення.

Пакуль Мікіта знаходзіўся ў СІЗА, на яго завялі яшчэ адну крымінальную справу за нібыта гвалт у дачыненні двух супрацоўнікаў следчага ізалятара. Суд пастанавіў, што Мікіта мусіць кожнаму нібыта пацярпеламу супрацоўніку выплаціць кампенсацыю ў памеры 1000 рублёў.

Мікіта Залатароў падчас суду.
Фота: уласны архіў сям’і Залатаровых

Адбываць пакаранне Мікіту накіравалі ў выхаваўчую калонію ў Бабруйск. Там яго рэгулярна кідалі ў ШІЗА. 12 траўня 2022 году Мікіце споўнілася 18 гадоў, а ў чэрвені яго перавялі ў «дарослую» папраўчую калонію №15 у Магілёў. Як распавёў бацька юнака, яго адразу пасадзілі ў ПКТ – памяшканне камернага тыпу. Але там Мікіта прабыў зусім нядаўна – на пачатку жніўня стала вядома, што адбыўся новы суд, і хлопцу за парушэнне рэжыму замянілі рэжым на больш строгі – «крытую» турму. Цяпер Мікіта Залатароў знаходзіцца ў Следчай турме №8 у г.Жодзіна, а неўзабаве яго перавядуць у турму №4 у Магілёве, распавёў ягоны бацька спадар Міхаіл.

– Дэталяў мы шмат не ведаем. Мікіта нічога не распавядае ў лістах, піша: «Усяго распавесці не магу, вы разумееце. У мяне ўсё добра, мяне адпраўляюць у «крытую» турму, але вы не перажывайце. Не пішыце пакуль, я сам напішу», – распавядае бацька Мікіты. – З Жодзіна мы пакуль лістоў ад яго не атрымалі. А ў папярэдніх лістах ён вельмі спакойны, аптымістычны, супакойвае нас з жонкай. Асабліва маці, бо яна кожны раз як атрымае ліст, плача. Не ведаю, ці гэта да лепшага, ці да горшага, што ён будзе ў турме. Рэжым больш строгі, менш перадачаў, адно спатканне на год. Тры гады ў камеры прасядзіць, амаль не будзе бачыць сонца.

Спадар Міхаіл апошні раз бачыў Мікіту мінулым летам, яшчэ ў СІЗА. Калі падлетка перавялі ў Бабруйск, маці далі спатканне.

– Але калі яна прыехала, яе не пусцілі, сказалі, што Мікіта ў ізалятары на 10 дзён. Жонка тады пастаяла пад брамай, у яе нават перадачу не прынялі, і яна паехала назад, – распавёў бацька палітвязня.

Ліст ад Мікіты Залатарова, дасланы дамоў напрыканцы ліпеня 2022 году з папраўчай калоніі №15 у Магілёве.
Фота: асабісты архіў сям’і Залатаровых
Ліст ад Мікіты Залатарова, дасланы дамоў напрыканцы ліпеня 2022 году з папраўчай калоніі №15 у Магілёве.
Фота: асабісты архіў сям’і Залатаровых

«Мікіта адкрыта кажа: гэта вы – злачынцы і незаконна мяне тут трымаеце»

У Мікіты – эпілепсія. Але ў лістах ён запэўнівае, што ў яго ўсё добра.

– Не ведаю, праўда гэта ці не. Магчыма, гэта зноў ягоныя супакойванні, – зазначае бацька. – Хочам накіраваць да яго ў турму адваката, каб паглядзеў, як ён сябе адчувае.

Але за візіт адваката ў турму прыйдзецца заплаціць даволі вялікую суму – каля 1000 рублёў, зазначае спадар Міхаіл. Для сям’і гэта адчувальныя грошы, бо дагэтуль даводзіцца выплочваць кампенсацыю супрацоўнікам СІЗА. Суд пастанавіў вылічыць роўныя сумы з бацькі і маці Мікіты – па тысячы рублёў. З заробку бацькі ўжо ўсё забралі, а з маці толькі цяпер пачалі вылічваць.

– У яе заробак – 300 рублёў, а вылічваюць – 70%. Што застаецца? Як жыць? – пытаецца бацька палітвязня. – Але я ёй сказаў – няхай забіраюць, толькі б хутчэй разлічыцца, пажывем пакуль толькі на мой заробак.

Міхаіл Залатароў, бацька палітвязня Мікіты Залатарова.
Фота: Белсат

Спадар Міхаіл зазначае, што апошнія два гады, пакуль сын за кратамі, моцна змянілі яго, найперш – «расплюшчылі вочы на тое, што робіцца ў краіне, на сутнасць уладаў». У той жа час веры на хуткія перамены да лепшага ў мужчыны няма, не спадзяецца ён і што Мікіта выйдзе на волю раней за тэрмін.

– Пакуль будзе цяперашняя ўлада ў Беларусі – не выйдзе. Толькі калі будуць нейкія змяненні, усіх палітвязняў выпусцяць, дзяржава іх рэабілітуе і яшчэ і немалыя кампенсацыі выплаціць, – зазначае спадар Міхаіл.

Пра тое, як на Мікіту могуць паўплываць чатыры з паловай гады ў зняволенні, з іх – тры ў «крытай» турме, бацька юнака баіцца думаць.

– З аднаго боку, гэты досвед яго загартуе. Ён ужо цяпер у свае гады разважае як дарослы мужчына. Але столькі здзекаў, псіхалагічнага ціску, збіцця пакінуць свой адбітак. Да Мікіты ж асаблівае стаўленне, як да ўсіх палітычных. А ў яго яшчэ ж эпілепсія, таксама невядома, як гэта ўсё адаб’ецца, – кажа спадар Міхаіл. – Але пакуль што трымаецца. Дарослыя людзі столькі не вытрымліваюць, а ён адкрыта кажа там усім: гэта вы – злачынцы і незаконна мяне тут трымаеце. Але за гэтыя спробы адстаяць сябе ён і атрымлівае – то карцар, то ПКТ, а цяпер турма.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў