Выбары прэзідэнта ва Узбекістане: У выпадку перамогі дзейны кіраўнік застанецца да 2037 года


9 ліпеня ва Узбекістане праходзяць датэрміновыя выбары прэзідэнта. Фаварытам, па папярэдніх ацэнках, з’яўляецца дзейны кіраўнік краіны Шаўкат Мірзіёеў, які і стаў ініцыятарам гэтых выбараў, каб умацаваць сваю ўладу.

Шаўкат Мірзіёеў, прэзідэнт Узбекістана.
Фота: kremlin.ru

Гэта першыя выбары ў краіне, якія праводзяцца пасля ўнясення паправак у канстытуцыю, прынятых па выніках рэферэндуму, што адбыўся 30 красавіка 2023 года. Згодна з папраўкамі тэрмін паўнамоцтваў прэзідэнта становіцца даўжэйшым – 7 гадоў замест ранейшых пяці.

Акрамя таго, папраўкі дазволяць Шаўкату Мірзіёеву, які ўжо адбыў ужо два прэзідэнцкія тэрміны пачынаючы з 2016 года, абнуліць папярэднія тэрміны і кіраваць краінай яшчэ 14 гадоў – да 2037-га.

Акрамя Мірзіёева, кандыдатура якога выстаўлена Ліберальна-дэмакратычнай партыяй Узбекістана, у выбарах удзельнічаюць яшчэ тры кандыдаты: намеснік спікера Заканадаўчай палаты парламента Улугбек Інаятаў (ад Народна-дэмакратычнай партыі), першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда краіны Рабахон Махмудава (ад Сацыял-дэмакратычнай партыі «Адалат») і таксама Абдушукура Хамзаева ад Экалагічнай партыі.

Але паводле палітолага Рафаэля Сатарава, «людзі нават не ведаюць пра іншых кандыдатаў на выбары, акрамя Мірзіёева. Іх імёны адразу ж будуць забытыя, таму казаць пра апазіцыю не мае сэнсу». У дадатак палітолаг назваў гэтыя выбары «самымі шэрымі» ў гісторыі краіны.

Такім чынам, відавочным фаварытам гэтай кампаніі атрымліваецца дзеючы прэзідэнт Узбекістана. Для перамогі, згодна з заканадаўствам, яму неабходна набраць больш за 50% галасоў. Парог яўкі на выбары складае 33% ад агульнай колькасці выбарцаў у краіне.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў