«Ніякія рэпрэсіі Лукашэнкі не перакрэсляць памяць пра змаганне, у якім вы ўдзельнічалі»: французскі прафесар пра беларускую «прыпыненую» рэвалюцыю


Чаму 2020 год для Беларусі – «прыпыненая рэвалюцыя»? Як адбылася эмансіпацыя БЧБ, а беларусы прадэманстравалі, што мы – еўрапейская нацыя. Аб сваім бачанні падзей 2020 года ў Беларусі распавёў французскі сацыёлаг, прафесар Універсітэта Бардо Рэнан Эрвуэ.

Прафесар Рэнан Эрвуэ распавядае пра сваю кнігу «Прыпыненая рэвалюцыя». Справа ад яго – Алесь Папко, вядоўца сустрэчы. Беларускі дом у Варшаве, 7 ліпеня 2023 года.
Фота: Белсат

7 ліпеня ў «Беларускім доме ў Варшаве» адбылася сустрэча з французскім сацыёлагам Рэнанам Эрвуэ, прафесарам факультэта сацыялогіі Універсітэта Бардо. Тэма – «Прыпыненая рэвалюцыя. Беларусы супраць аўтарытарнай дзяржавы». Менавіта так называецца кніга Эрвуэ, якая пабачыла свет у красавіку. На спатканне прыйшлі некалькі дзясяткаў беларусаў, сярод якіх былі сацыёлаг Андрэй Вардамацкі, медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі ды Аляксандр Мілінкевіч, канцлер управы «Вольнага Беларускага Ўніверсітэта», які і выступіў арганізатарам мерапрыемства.

«Эмацыйная зацікаўленасць» Беларуссю

Рэнан Эрвуэ мог працаваць у Баку ці нават Мадагаскары, але ў 1999 годзе апынуўся ў Менску ў ЕГУ, затым кіраваў Франка-Беларускім цэнтрам палітычных навук і еўрапейскіх даследаванняў. У Менск Рэнан прывёз сям’ю, тут у школу і садок хадзілі яго дзеці. Усё змянілася, калі ў 2004 годзе міністэрства адукацыі РБ анулявала ліцэнзію ЕГУ. Нягледзячы на тое, што з 2005 года Эрвуэ перабраўся ва Універсітэт Бардо, «эмацыйная зацікаўленасць» Беларуссю, як гэта назваў сам Рэнан, засталася ды ўвасобілася ў праектах па даследаванню беларускіх вёсак. На іх падставе французскі навуковец напісаў некалькі кніг, адна з якіх прысвечана такой з’яве як «дача» («Datcha Blues: Existences ordinaires et dictature en Biélorussie», 2007). У 2018 годзе ён скончыў сваю працу на тэму «палітычнай этнаграфіі Беларусі», у якой апісваў «прызвычаенасць да прыгнёту». Кніга была выдадзена 20 жніўня 2020 года, тады, калі Беларусь паўстала («Le goût des tyrans: Une ethnographie politique du quotidien en Biélorussie», 2020). І гэта дало штуршок для наступнай кнігі сацыёлага.

«Я 15 гадоў прысвяціў таму, каб зразумець, чаму там [у Беларусі – рэд. «Белсат»] нічога не варушылася, а тут раптам усё заварушылася», – дзеліцца Рэнан.

Удзельнікі «Агульнаграмадзянскага маршу за Свабоду». Mенск, Беларусь. 16 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Што ўяўляе сабой «прыпыненая рэвалюцыя»?

Рэнан Эрвуэ сачыў за тым, як разгортваюцца падзеі пасля выбараў 2020 года ў Беларусі. Як яны занатоўваюцца ў медыя ды як з’яўляюцца першыя кволыя спробы іх асэнсавання навукоўцамі. Добрае знаёмства з Беларуссю і беларусамі дазваляла глыбей адчуваць тое, што для шараговых еўрапейцаў не было навідавоку, а таму заставалася незразумелым. Менавіта для тлумачэння еўрапейцам, што ж адбылося ў Беларусі ў 2020 годзе і пасля напісаная «Прыпыненая рэвалюцыя», каб яна стала своеасаблівым «натхненнем» у працы з беларусамі і Беларуссю.

Навуковец падрабязна адсочваў храналогію беларускай рэвалюцыі, пасля чаго з лістапада 2021 года да чэрвеня 2022 года праводзіў сустрэчы з яе непасрэднымі ўдзельнікамі. Таму «Прыпыненая рэвалюцыя» – гэта кніга пра тое, як сам французскі навуковец, павязаны з Беларуссю, зразумеў падзеі ў нашай краіне, а потым «перасабраў» іх з улікам размоваў з непасрэднымі ўдзельнікамі падзей, вымушаных з’ехаць.

Вокладка кнігі «Прыпыненая рэвалюцыя» Рэнана Эрвуэ. Беларускі дом у Варшаве. 7 ліпеня 2023 года.
Фота: Белсат

Французскі сацыёлаг адабраў 30 інтэрв’ю, якія праводзіў у Празе, Вільні, Варшаве, Познані ды іншых гарадах. Гэтыя размовы ўмацавалі «палявое этнаграфічнае даследаванне» Эрвуэ. Пры гэтым ён імкнуўся не да рэпрэзентатыўнасці, а да прадстаўнічасці, каб праз гісторыі асобных людзей больш разнастайна адлюстраваць агульную гісторыю «Прыпыненай рэвалюцыі».

Кніга складаецца з 11 раздзелаў: «Надзея», «Паўстанне», «Тэрор», «Абурэнне», «Барацьба», «Сімвалы», «Атачэнне», «Задушэнне», «Турма», «Мяжа», «Выгнанне». Першы з раздзелаў прысвечаны падзеям за паў гады да «Паўстання» (9 жніўня), трэці прысвечаны тэрору сілавікоў Лукашэнкі ў адносінах да беларускага народу 10-11 жніўня 2020 года, і гэдык далей. Напрыклад, «Задушэннем» Эрвуэ назваў перыяд з зімы 2020/2021 да чэрвеня 2021-га: «Адчуванне бяссілля, і я адчуваў яго разам з людзьмі. Людзі быццам задыхаліся, яны сапраўды не маглі дыхаць. І я адчуваю гэта праз інтэрв’ю… Я бачыў, як кола вакол звужалася ўсё больш і больш. Адваяваная напачатку прастора затым паступова страчвалася… Заставаліся альбо турма, альбо ўцёкі, альбо ўнутранае выгнанне».

Акрамя расповеду пра новую кнігу, падчас сустрэчы 7 ліпеня Рэнан Эрвуэ адказаў на пытанні слухачоў. Адабралі для вас найбольш цікавыя.

Сустрэча з Рэнанам Эрвуэ, прафесарам Універсітэта Бардо. Беларускі дом у Варшаве, 7 ліпеня 2023 года.
Фота: Белсат

Чаму ў 2020 годзе адбыўся выбух?

У 2020 годзе ў беларусаў з’явілася адчуванне супольнага, якое быццам разрастался на фоне пандэміі ковіду ды нязгоды з тым, як яму супрацьстаіць беларуская дзяржава.

Рэнан Эрвуэ таксама прыводзіць прыклад, як у Францыі несправядлівасць з боку дзяржаўных інстытуцыяў і іх прадстаўнікоў у адносінах адной асобы можа ўзняць на ногі ўсю краіну. Падчас перыяду жыцця навукоўца ў Беларусі ў яго склалася адчуванне, што ў выпадку несправядлівасці з боку ўлады беларусы быццам лічылі вінаватымі ўласна сябе, а не тых, хто чыніў гэтую несправядлівасць.

Усё змянілася ў 2020 годзе, калі на гвалт з боку сілавікоў у адносінах да людзей, якія адстойвалі свае правы, беларусы адказалі менавіта як на несправядлівасць. Таксама, магчыма, на падзеі 2020 года паўплывала тое, што беларусы больш актыўна сталі падарожнічаць. У іншых краінах яны пабачылі, як могуць жыць людзі.  Жаданне больш заможнага і справядлівага жыцця ў сваёй краіне – гэта сапраўды фундаментальныя змены ва ўспрыманні людзей.

Людзі сабраліся каля МЗКЦ падтрымаць страйкоўцаў рабочых. 19 жніўня 2020 года. Менск, Беларусь.
Фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Ці беларусы – еўрапейская нацыя?

«Жаданне дэмакратыі, абарона асабістых каштоўнасцяў, тое, што ўласціва і Еўропе – беларусы паказалі ў 2020 годзе… Для мяне відавочна, што Беларусь знаходзіцца ў Еўропе», – адказаў французскі навуковец.

Хто такі беларус?

На гэтае пытанне Рэнан Эрвуэ зрабіў уступ, у якім прапанаваў напачатку вызначыцца, што тут не можа быць простага адказу, як немагчыма дакладна акрэсліць, хто такі француз. Заўсёды прысутнічае ўмоўнасць.

«Ёсць супольная гісторыя, якую людзі пражылі разам і жаданне супольнай будучыні. Гэтае жаданне выявілася ў Беларусі ў 2020 годзе». Акрамя агульнай гісторыі, Эрвуэ вылучыў наяўнасць адметнай мовы. Ён падкрэсліў, што тут істотная роля палітычных лідараў, якія сваімі дзеяннямі і ўчынкамі прасоўваюць пэўныя каштоўнасці.

Аналітыка
Эксперты: Улады намагаюцца перанесці свой страх на грамадства, бо іначай рэалізаваць сваю ўладу яны не могуць
2021.12.04 17:00

Пра эмансіпацыю бел-чырвона-белага сцяга

Гісторыя нацыянальнага сцяга і яго ролі ў мабілізацыі беларусаў настолькі ўразілі французскага навукоўца, што ў кнізе «Прыпыненая рэвалюцыя» прысвяціў гэтаму феномену адмысловы раздзел. Ён нават напісаў адпаведны артыкул для навуковага часопіса «Французская этнаграфія».

Большасць беларусаў, якіх апытваў сацыёлаг, казалі, што пра БЧБ да прэзідэнцкіх выбараў ведалі, але не паглыблена. Пры гэтым у іх было рознае разуменне гэтага сцяга, як і стаўленне да яго. 2020 год змяніў усё і напоўніў бел-чырвона-белы сцяг новым разуменнем: «Колеры сцяга сталі атаясамлівацца з жаданнем новых выбараў».

Фактычна, незалежна ад таго, якая была перадгісторыя БЧБ і што было з ім звязана да 2020 года, менавіта тады адбылася яго эмансіпацыя і сцяг набыў новы сэнс. Як прыклад, Рэнан Эрвуэ ўзгадвае словы 17-гадовай дзяўчыны, якая падчас задушэння пратэстаў у Менску ў жніўні 2020 года тлумачыла, што белы колер нацыянальнага сцяга – гэта чысціня, а чырвоны – колер змагання.

Мітынг у Горадні, Беларусь. 17 жніўня 2020 года.
Фота: Мікола Камінскі / Белсат

Розныя вымярэнні рэпрэсіяў

Палітвязні – гэта толькі адно з вымярэнняў рэпрэсіяў рэжыму Лукашэнкі ў адносінах да беларускага народу. Цяпер у Беларусі выбудоўваецца моцны паліцэйскі і палітычны кантроль.

«Я не ведаю, што магу вам параіць. Галоўнае, для тых, хто застаецца ў Беларусі, усведамляць, што 2020 год існаваў, што грамадства змабілізавалася. Ніякія рэпрэсіі Лукашэнкі не перакрэсляць памяць пра змаганне, у якім вы ўдзельнічалі», – сказаў Рэнан Эрвуэ.

Меркаванні
Марш перамогі над страхам
2022.08.16 17:50

Еўропа робіць тое, што можа

Ці можа Еўропа рабіць яшчэ больш за тое, што ужо робіць? Рэнан падкрэслівае, што Еўропа разглядае Беларусь праз праекцыю яе дэмакратычных памкненняў у 2020 годзе. Адсюль санкцыі супраць рэжыма Лукашэнкі і падтрымка беларускага руху, лідара якога Святлану Ціханоўскую разглядаюць як суразмоўцу. Аднак у сённяшніх варунках трэба ўлічваць, што Еўропа занятая дапамогай Украіне ў яе супрацьстаянні з Расеяй.

«Мірнасць» як моц і слабасць

Паколькі беларускі рух быў ад пачатку мірным, ён здолеў аб’яднаць неверагодна вялікую колькасць зусім розных людзей. У гэтым была моц «мірнасці» гэтага руху. Але паступова выявілася, што яна ж і слабасць, бо рэжым Лукашэнкі выкарыстоўваў супраць народа ўвесь свой рэпрэсіўны апарат. Такое ўражанне, што быццам у свой час беларускай рэвалюцыі не хапіла эластычнасці, каб сябе абараніць. Гэтае адчуванне ў французскага навукоўца склалася падчас размоваў з беларусамі, якія не ставілі пад сумнеў уласны выбар, але некаторыя з іх шкадавалі, што не былі больш рашучымі ў сваіх дзеяннях.

Страйк супрацоўнікаў АНТ і СТБ. 17 жніўня 2020 года. Менск, Беларусь.
Фота: Света Фар / Vot-tak.tv / Belsat.eu

«Была надзея і падстава на гэтую надзею перамагчы»

Рэнан Эрвуэ не займаўся даследаваннем зрухаў унутры лукашэнкаўскай сістэмы, але для яго відавочна, што тая не была такой маналітнай, як гэта намагаліся прадставіць прапагандысты. Пацверджанне тут і дабраахвотныя (а цяпер і не) звальненні чыноўнікаў (ці сыход у адпачынак), пераход на бок пратэстоўцаў некаторых сілавікоў ды вайскоўцаў, сімвалічнае спаленне дыпломаў ці нават вайсковай формы. Але рэжым Лукашэнкі ўжо меў да 2020 года шматгадовы досвед рэпрэсіяў у дачыненні да беларускага народа.

Сказаць, пры якіх падставах «Прыпыненая рэвалюцыя» магла б не перарвацца, навуковец не бярэцца, бо лічыць гэта ненавуковым падыходам. У той жа час на падставе размоваў з людзьмі ён адзначыў, што ў беларусаў «была надзея і падстава дзеля гэтай надзеі перамагчы».

З героямі сваёй кнігі «Прыпыненая рэвалюцыя»  Рэнан Эрвуэ спадзяецца працягнуць сувязь надалей, каб апытаць іх праз 3, 5 і 8 гадоў ды спазнаць той шлях, што яны яшчэ пройдуць.

Аналітыка
Ці можа быць народнае адзінства «бэчэбэшнікаў» і «ябацек»?
2022.09.17 10:00

Барыс Булат belsat.eu 

Стужка навінаў