Міхаіл Падаляк: У Беларусь прыедзе максімум 1000 вагнэраўцаў


Дарадца прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк сказаў, што ПВК Вагнэра ў традыцыйным разуменні спыніць сваё існаванне, а ў Беларусь прыйдуць максімум 1000 байцоў гэтай прыватнай вайсковай кампаніі.

Міхаіл Падаляк.
Фота: Михайло Подоляк / Twitter

У інтэрв’ю выданню «Медуза» Міхаіл Падаляк адзначыў, што прыгожынскія войскі не пайшлі ў Беларусь «у поўным аб’ёме».

У краіну прыедзе невялікая частка наймітаў – «у якасці інструктараў для беларускіх спецназаўцаў». Паводле ацэнак Падаляка, гэта 500–800, «максімум тысяча чалавек, якія змогуць браць удзел у тых ці іншых аперацыях Беларусі».

Але пры гэтым Падаляк адзначыў, што Беларусь пры гэтым не можа быць замоўцам паслуг гэтай кампаніі, бо гэта «жабрацкая дзяржава, а ПВК Вагнэра не працуе бясплатна. Дый ніякіх замежнапалітычных фундаментальных задачаў у гэтай краіны няма, таму ПВК Вагнэра яны не могуць выкарыстоўваць».

Падаляк лічыць, што ПВК Вагнэра спыніць сваё існаванне ў традыцыйным выглядзе. Бо яна пазбавіцца галоўнага замоўцы і сваёй асноўнай крыніцы фінансавання – расейскай дзяржавы. Таму што менавіта дзяржава давала ім зброю, забяспечвала лагістыку, дыпламатычнае прыкрыццё, і ўсяго гэтага больш не будзе.

Будзе таксама спынены рэкрутынг, які папаўняў рэсурсную базу ПВК Вагнэра, бо цяпер гэтым займаецца Мінабароны Расеі. Частка вагнэраўцаў, паводле Падаляка, ужо пераходзіць на працу ў Мінабароны, частка, на ягоную думку, пойдзе ў Расгвардыю для «задушэння ўнутраных пратэстаў».

Але Міхаіл Падаляк лічыць, што Прыгожыну няма сэнсу зноў заходзіць у вайну супраць Украіны: «Каб што? Атрымаць узнагароду ад Пуціна? Гэта смешна. Яны ўзаемна адзін аднаго прынізілі. Дый дамаўляцца ім пра нешта бессэнсоўна – Пуцін будзе шчыра яго баяцца. Таму я не бачу ніякай рызыкі для Украіны з боку Беларусі», – адзначыў дарадца ўкраінскага прэзідэнта.

Нацыянальная бяспека
Хітры план Крамля: ссылка Прыгожына ў Беларусь для перавароту?
2023.07.04 22:12

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў