Цяжкія баі пад Арэхавам. Ганна Маляр адмаўляе контрнаступ


«Белсат» падводзіць вынікі 471-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 9 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

У ноч на 9 чэрвеня Узброеныя сілы РФ здзейснілі чарговы масіраваны абстрэл тэрыторыі Украіны. Гэтым разам для атакі выкарыстоўваліся крылатыя ракеты паветранага базавання Х-101/Х-555, а таксама ўдарныя дроны «Shahed-136/131» і «Ланцэт». Запускі БПЛА ажыццяўляліся з паўднёвага кірунку, ракетаў – з ваколіцаў Каспійскага мора.

Агулам сілы супрацьпаветранай абароны Украіны збілі 4 ракеты і 10 беспілотнікаў. Між тым частка паветраных цэляў дасягнулі сваіх мэтаў, ёсць пацярпелыя сярод цывільнага насельніцтва і разбурэнні інфраструктуры.

У гэты ж час расейцы працягнулі наземныя аперацыі на ўсходзе Украіны, засяродзіўшы свае асноўныя намаганні на ліманскім, бахмуцкім, аўдзееўскім і мар’інскім кірунках у Луганскай і Данецкай вобласцях. Па інфармацыі Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, цягам содняў на вышэйзгаданых кірунках адбыліся 43 баявыя сутыкненні. Пры гэтым інтэнсіўнасць баявых дзеянняў істотна адрознівалася ў залежнасці ад канкрэтнага ўчастку фронту.

Сіверскі і слабажанскі кірункі (украінска-расейскае памежжа)

Украінскі бок фіксуе мінамётныя і артылерыйскія абстрэлы памежных населеных пунктаў Сумскай і Харкаўскай вобласцяў.

Расейскі бок паведамляе пра падобную сітуацыю на тэрыторыі Белгародскай вобласці РФ.

Тэлеграм-канал «Romanov Лайт», спаслаўшыся на свае крыніцы, піша, што праўкраінскія сілы рыхтуюцца да штурму населенага пункту Нехацееўка ў Шабекінскім раёне Белгародчыны.

Купянскі кірунак (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці і паўночны захад Луганскай)

Аналітыкі праекту Deepstate пішуць пра працяг пазіцыйных баёў каля Масютаўкі. У гэты ж час фіксуецца зняцце з кірунку асобных падраздзяленняў УС РФ.

Ліманскі кірунак (паўднёвы захад Луганскай вобласці і поўнач Данецкай)

Генштаб ЗСУ паведамляе пра няўдалыя наступальныя дзеянні праціўніка каля населенага пункту Вясёлае ў Данецкай вобласці. Зменаў у лініі фронту не зафіксавана.

Бахмуцкі кірунак (аднайменны раённы цэнтр і ягоныя ваколіцы)

У Deepstate пішуць пра баі каля каналу Северскі Данец – Данбас і побач з асноўнымі вышынямі на поўначы ад Кляшчэеўкі.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што ўкраінскія вайскоўцы праводзілі штурмавыя дзеянні каля Бярхоўкі і Дубова-Васільеўкі. На паўднёвым захадзе ад Бахмуту ЗСУ прасунуліся да Кляшчэеўкі.

Генштаб ЗСУ паведамляе пра няўдалыя контратакі войскаў РФ каля Арэхава-Васільеўкі, Іванаўскага, Ступачкаў і Белай Гары.

Намесніца Міністра абароны Украіны Ганна Маляр заявіла, што расейцы сцягваюць рэзервы на бахмуцкі кірунак, намагаючыся ўтрымаць свае пазіцыі.

Hавiны
Лейтэнант Ваенна-касмічных сіл РФ расказаў пра страты ў расейскім войску
2023.06.09 15:56

Аўдзееўскі кірунак (на поўначы ад Данецку)

Украінчкае камандаванне піша пра безвыніковыя спробы расейцаў наступаць каля Севернага і Вопытнага.

Deepstate фіксуе чарговую няўдачу УС РФ на поўдні ад Первамайскага.

Прарасейскія крыніцы паведамляюць, што ЗСУ рыхтуюцца наступаць на Вопытнае з мэтай заняць населены пункт і выйсці да рубяжу Розаўка – Новабахмутаўка. Акрамя гэтага плануецца атака па лініі Новакалінавае – Новабахмутаўка. Такім чынам украінскі бок плануе вярнуць раней страчаныя пазіцыі, ліквідаваць пагрозу атачэння Аўдзееўкі, а таксама выйсці да заходніх ускрайкаў Данецку.

Мар’інскі кірунак (на захадзе ад Данецку)

Узброеныя сілы РФ атакуюць у заходняй частцы Мар’інкі. Пакуль ЗСУ ўдаецца трымаць пазіцыі.

Шахцёрскі кірунак (паўднёва-ўсходні ўчастак фронту ў Данецкай вобласці)

Сямён Пегаў піша пра штурмавыя дзеянні з боку ЗСУ каля Няскучнага. Артылерыйскія абстрэлы фіксуюцца ўздоўж усёй лініі сутыкнення.

Запарожскі кірунак (лінія фронту ў аднайменным рэгіёне і на паўднёвым захадзе Данецкай вобласці)

Цягам содняў ЗСУ наступалі на арэхаўскім участку ў Запарожскай вобласці: штурмавыя групы намагаюцца прарваць расейскую абарону на рубяжы Рабоціна – Вербавае. Тэлеграм-канал «Рыбарь» паведамляе, што ўночы ўкраінцам удалося выбіць праціўніка з перадавых пазіцыяў, але артылерыя і авіяцыя УС РФ не дазволілі ім замацавацца.

Ранкам баі на гэтым участку фронту ўзнавіліся, і ЗСУ выбілі войскі РФ з часткі пазіцыяў каля Рабоціна.

У гэты ж час спробы ЗСУ замацавацца ў сяле Лабковае пакуль не прыносяць выніку: населены пункт знаходзіцца ў так званай шэрай зоне.

Між тым Ганна Маляр адмаўляе пачатак украінскага контрнаступу на поўдні, называючы ўкраінскія атакі пад Арэхавам пазіцыйнымі баямі.

У Deepstate адзначаюць, што расейцы падцягваюць свае рэзервы да так званага ўрэмеўскага выступу (на мяжы Запарожскай і Данецкай вобласцяў).

Херсонскі кірунак (лінія фронту ў аднайменным рэгіёне і на Кінбурнскай касе ў Мікалаеўскай вобласці)

У Херсонскай вобласці працягваецца эвакуацыя цывільнага насельніцтва з падтопленых тэрыторыяў. Таксама абодва бакі канфлікту абменьваюцца артылерыйскімі ўдарамі.

Па інфармацыі Генштабу ЗСУ, цягам содняў было знішчана каля 1010 расейскіх вайскоўцаў, у выніку чаго агульныя беззваротныя страты РФ дасягнулі 213 770 чалавек.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Таццяна Міронава belsat.eu 

Стужка навінаў