Суд над Уладзімірам Мацкевічам і новыя палітвязні. Рэпрэсіі ў Беларусі за 9 чэрвеня


У Беларусі ні на дзень не спыняюцца палітычныя рэпрэсіі, затрыманні і суды супраць нязгодных і пратэстуючых супраць нелегітымнай беларускай улады. «Белсат» распавядае пра рэпрэсіі беларускага рэжыму супраць свайго ж народу, здзейсненыя 9 чэрвеня.

– Колькасць палітычных зняволеных у Беларусі дасягнула 1239 чалавек. Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 7 чалавек.

Сярод новых палятвязняў Сяргей Індзюкоў, Павел Бялянаў, Андрэй Шульгат, Максім Плятнёў, Яўген Мерунко, Ягор Багдзевіч і Міхаіл Заранкоў. Яны былі ўзяты пад варту ці асуджаны за абразу Аляксандра Лукашэнка, прадстаўнікоў улады і суддзяў, распаўсюду інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных ці за пратэстныя надпісы.

– 9 чэрвеня пачаўся суд над палітзняволеным філосафам Уладзімірам Мацкевічам. Працэс закрыты і праходзіць у Менскім абласным судзе. Яго абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: у «стварэнні і ўпраўленні экстрэмісцкім фармаваннем», «удзеле ў масавых беспарадках» і «абразе Лукашэнкі».

Артыкулы
«Падабалася клапаціцца пра яго». Святлана Мацкевіч – пра былога мужа, філосафа, журналіста і палітвязня
2022.06.09 08:00

– Крымінальная справа «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» перададзена ў суд. Фігурантамі па справе праходзяць Юрый Зянковіч, Аляксандр Фядута, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук.

– Зняволенаму галоўнаму рэдактару выдання «Ежедневник» Сяргею Сацуку выставілі абвінавачанні па новых артыкулах. Раней яго вінавацілі ў атрыманні хабару. Мусіў скончыцца магчымы тэрмін утрымання Сяргея пад вартай паводле гэтага артыкула. Літаральна некалькі дзён таму стала вядома пра новыя абвінавачанні супраць журналіста.

– Тыктокеру «Lexmask» і ягонай жонцы прысудзілі 10 содняў арышту. Супрацоўнікі ГУБАЗіКу затрымалі Аляксея Бондара разам з ягонай жонкай Маргарытай 7 чэрвеня. ГУБАЗіК паведамляў, што затрымалі тыктокера за тое, што ён «хайпаваў на ваенным канфлікце».

– У Менску «за супрацоўніцтва са здраднікамі» затрымалі 54-гадовага дырэктара медыцынскага цэнтра «Біямедтэхналогіі». Па якім артыкуле – невядома, але ў паведамленні сілавікоў сказана, што «ён заехаў у ІЧУ па крымінальнай справе за супрацоўніцтва са здраднікамі з байпола».

Hавiны
Віталь і Уладзіслаў Кузнечыкі, якія жылі ў амбасадзе Швецыі ў Менску, уцяклі з краіны
2022.06.09 11:22

– Віталя Брагінца не выпусцілі на волю пасля 15 содняў. Мужчына быў затрыманы 23 траўня, на яго склалі пратакол за «непадпарадкаванне». Ён мусіў выйсці на волю ўчора ўвечары, але гэтага не адбылося.

– Мікалай Аўтуховіч на судзе не прызнаў сваёй віны і заявіў, што астатнія фігуранты справы невінаватыя. Судовы працэс над 12 беларусамі, якіх следчыя аб’ядналі ў так званую групу Аўтуховіча праходзіць у гарадзенскай турме № 1. Іх вінавацяць у тым ліку ў тэрарызме.

Артыкулы
Беларусы маюць праблемы з легалізацыяй ва Украіне: штрафы, дэпартацыя, ігнараванне
2022.06.09 15:08

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў