Мікалай Аўтуховіч на судзе не прызнаў сваёй віны


Мікалай Аўтуховіч таксама заявіў, што астатнія фігуранты справы невінаватыя. Пра гэта паведамляе БелТА.

У гарадзенскай турме № 1 працягваецца судовы працэс над 12 беларусамі, якіх следчыя аб’ядналі ў так званую групу Аўтуховіча і вінавацяць у тым ліку ў тэрарызме.

Сёння, 9 чэрвеня, распачаўся допыт Мікалая Аўтуховіча. Ён заявіў, што цалкам не прызнае абвінавачанне. Аўтуховіч адзначыў у адказ на пытанне пракурора, што ягоныя дзеянні не былі падмацаваныя помстай сілавікам за тое, што яго раней несправядліва асудзілі. Ён падкрэсліў, што людзі, якія сядзяць разам з ім на лаве падсудных, невінаватыя.

Аўтуховіч таксама распавёў пра жудасныя ўмовы ўтрымання ў гарадзенскай турме.

«Пасялілі ў камеру, якая называлася маразільнікам. Нас там было два чалавекі, а на кратах быў лёд. Там я пражыў сем месяцаў, і толькі дзякуючы ўмяшанню адваката мяне перавялі ў лепшыя ўмовы. Я ўжо «плююся лёгкімі»», – цытуе яго «СБ – Беларусь сегодня».

Артыкулы
Сябар Аўтуховіча: «Мікола – рамантык. Ён жадаў падняць масы, абвінавачванне абсурднае»
2022.05.20 10:47

Нагадаем, у справе праходзяць Мікалай Аўтуховіч, Уладзімір Гундар, Вольга Маёрава, Галіна Дзербыш, Віктар Снегур, Павел Сава, Сяргей, Павел і Любоў Разановічы, а таксама Ірына і Антон Мельхеры.

У прыватнасці, іх вінавацяць у падпале машыны і недабудаванага дому міліцыянта ў Ваўкавыску, а таксама падрыве аўтамабіля амапаўца ў Горадні («хлапок» прывёў да невялікага пашкоджання пярэдняй часткі аўтамабіля). Ад гэтых дзеянняў ніхто не пацярпеў.

Агулам Мікалаю Аўтуховічу выставілі абвінавачанне паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ч. 3 арт. 289 («Акт тэрарызму»). Паводле гэтага артыкулу Аўтуховічу можа пагражаць смяротнае пакаранне.

Справу разглядае Гарадзенскі абласны суд, суддзя – Максім Філатаў. Менавіта ён прысудзіў пяць гадоў калоніі Вітольду Ашурку, які загінуў у траўні 2021 года ў шклоўскай калоніі.

Аналітыка
Ці сапраўды існавала «тэрарыстычная група» Аўтуховіча? Аналізуем гучную справу
2021.02.26 20:06

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў