«У нашым жыцці цяпер пустка». Пра хлопца, які скочыў з 16 паверху праз ціск СК, распавялі сябры ды італьянская сям’я

Дзіма Стахоўскі з нараджэння быў сіратою: родная мама пакінула яго ў радзільні. Калі хлопчыку было 8 гадоў, апеку над ім узяла сям’я італьянцаў. Кожныя летнія і зімовыя вакацыі Дзіма бавіў у Італіі. Прыёмныя бацькі прыязджалі да хлопца ў Менск, апошні раз сёлета – 31 студзеня, на 18-годдзе Дзімы. Юнак планаваў пераехаць у Італію пасля каледжу, хацеў стаць праграмістам. Мары абарваліся 25 траўня, калі маладзён пасля чарговага допыту ў Следчым камітэце скончыў жыццё самагубствам.

«Як вы можаце бачыць, я не справіўся»

18-гадовы Дзмітрый Стахоўскі ў ноч на 26 траўня скочыў з 16-га паверху ў жылым комплексе «Маяк Менску». Раніцаю на старонцы хлопца «УКантакце» з’явілася падрыхтаваная перадсмяротная запіска. У ёй юнак вінаваціў у сваім адчайным кроку Следчы камітэт. Дзіма быў падазраваным паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі – «Удзел у масавых закалотах».

«Калі б на мяне не працягвалі так маральна ціснуць, думаю, я б не наважыўся на такі жахлівы ўчынак, як суіцыд. Але мае сілы былі на сыходзе. І як вы можаце бачыць, я не справіўся», – пісаў Дзіма ў развітальным допісе.

«Віной таму стаў Следчы камітэт». Падлетак скончыў жыццё самагубствам

Блізкі сябар (мужчына прасіў пакуль не называць ягонага імя) Стахоўскага з Менску, сям’я якога апекавалася Дзімам, лічыць, што маладзён не вытрываў хлусні з боку следчых. Прыкладна за паўтара тыдня да трагедыі, паводле менчука, Стахоўскаму падчас допыту паабяцалі, што абвінавачанне перагледзяць і зменяць артыкул 293 («Масавыя закалоты») на больш мяккі, 342-і («Удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

– Яго абнадзеілі, паабяцалі змякчэнне абвінавачання ў абмен на прызнанне. І ён ні з кім з блізкіх яму людзей не параіўся і напісаў гэтае прызнанне, – кажа наш суразмоўца. – Распавядаў мне потым, маўляў, следчая добрая, паабяцала, калі я прызнаюся, што браў удзел у закалотах ля «Рыгі», то іншыя эпізоды, удзел у іншых шэсцях не будуць нават разглядацца. І ён зрабіў так, як яму сказалі, прызнаўся, што катаў нейкія катушкі, ставіў краткі ў раёне ўніверсаму «Рыга».

Дзіма Стахоўскі. Фота: асабісты архіў сям’і Балляторэ

Раскруцілі на прызнанне і схлусілі

25 траўня Дзіму зноў выклікалі на допыт. Ён пайшоў разам з адвакатам, прабыў у Следчым камітэце 5 ці 6 гадзінаў, да 21:00.

– А пасля адбылося тое, што адбылося, – кажа сябар маладзёна. – У Следчым камітэце ён даведаўся, што змякчэння артыкулу не будзе. Паводле ўскоснай інфармацыі, нібыта было хадайніцтва ад следчай пра змяненне кваліфікацыі, але пракурор не задаволіў яго. Пра гэта Дзіму і сказалі 25 траўня. Пасля допыту ён апынуўся на 16-м паверсе «Маяка».

Наш суразмоўца даведаўся пра тое, што адбылося, толькі на наступны дзень апоўдні:

– Патэлефанавала нашая агульная знаёмая і сказала, што з Дзімам здарылася няшчасце.

Дзіма Стахоўскі з італьянскаю сястрой Адзурай. Фота: асабісты архіў сям’і Балляторэ

Мужчына кажа, што Дзіма быў уражлівым хлопцам, нават уразлівым:

– Ён сірата, з інваліднасцю: у яго з нараджэння адна рука і адна нага карацейшыя за другія, ён шмат чаго перажыў у дзіцячым доме, там жа хапае і гвалту, і ціску на асобу. Гэта ўсё наклала на яго свой адбітак.

У той жа час Дзіма нядрэнна спраўляўся з самастойным жыццём, дадае сябар:

– Вучыўся на страхавога агента ў каледжы, адначасова вывучаў праграмаванне, свабодна валодаў англійскай ды італьянскаю мовамі. Я б не сказаў, што ён вельмі блізка браў да сэрца дробязі, аж да суіцыду. Падобна, дабіла Дзіму тое, што яго раскруцілі ў Следчым камітэце на прызнанне, а ў выніку схлусілі. Бо гэта ж так і выглядала – падман. Вось гэтага ягоная псіхіка і не вытрывала.

Скончыў курсы праграмавання, добра зарабляў. Што вядома пра хлопца, які выкінуўся з 16-га паверха праз пераслед СК

Італьянцы лічылі яго родным, ён называў іх мамай і татам

Дзіма Стахоўскі ва ўзросце 8 гадоў разам з італьянскаю сястрой Адзурай. Фота: асабісты архіў сям’і Балляторэ

Наш суразмоўца пазнаёміўся з Дзімам Стахоўскім праз дабрачынны фонд «Дрэва жыцця» ды італьянскую сям’ю, якая ўзяла пад апеку хлопца, калі таму было 8 гадоў. Фонд арганізоўвае адпачынак і аздараўленне беларускіх дзяцей у замежных сем’ях.

Дзіма жыў у прытулку з нараджэння. Паводле сябра, ён нарадзіўся ў асацыяльнай сям’і, мама пакінула яго ў радзільні. Мужчына кажа, што згодна з некаторымі звесткамі, у Дзімы ёсць родны брат, якога ўсынавілі. Італьянцы Даньелля і Віта Балляторэ сустрэлі Дзіму ў дзіцячым доме № 2 на вуліцы Каліноўскага ў Менску. Яны адразу пастанавілі ўзяць яго на сталае ўтрыманне. У Даньеллі і Віта 10 гадоў таму загінула старэйшая дачка Джорджа. Каб справіцца з болем, яны сталі дапамагаць дзецям у патрэбе.

Дзіма Стахоўскі ў дзяцінстве з італьянскаю сям’ёй. Фота: асабісты архіў сям’і Балляторэ

Дзіма бавіў у сваёй новай сям’і кожныя вакацыі. Балляторэ таксама часта прыязджалі да яго ў Менск.

– Тры гады таму Дзіма трапіў у шпіталь, дык Даньелля прыляцела, каб даведацца, што з ім, – распавядае мянчук. – Гэтая сям’я вельмі клапатлівая. Яны цалкам утрымлівалі Дзіму, забяспечвалі адзеннем, рэгулярна дасылалі яму грошы. Адначасова заўсёды перадавалі нейкі падарунак дому-інтэрнату, у якім Дзіма жыў. 31 студзеня сёлета Дзіму споўнілася 18 гадоў, яны таксама прыляталі, зладзілі яму прыгожае свята.

Дзіма Стахоўскі са сваёй італьянскаю сям’ёй у Менску. Фота: асабісты архіў сям’і Балляторэ

Паводле мужчыны, сям’я хацела ўсынавіць Дзіму, але потым разам з ім пастанавілі, што ён спачатку скончыць каледж, і тады яны яго забяруць.

– Таму ён напісаў у той запісцы, што планаваў жыць за мяжою, – кажа сябар Дзімы. – Даньелля і Віта лічылі яго родным, ён называў іх мамай і татам.

«Дзіму забілі, давялі да самагубства, і гэта зрабілі ўлады Беларусі»

1 чэрвеня Дзіму Стахоўскага амаль таемна крэміравалі. І сям’я нашага суразмоўцы, і італьянская сям’я чакалі інфармацыі пра пахаванне, былі гатовыя дапамагчы, усё зарганізаваць. Але ім не паведамілі пра дату крэмацыі.

Падлетка Дзмітрыя Стахоўскага, які скончыў жыццё самагубствам, крэміравалі. Блізкім пра гэта не паведамілі

– Я ездзіў у каледж, дзе Дзіма вучыўся: дырэктар жа – ягоны афіцыйны апякун. Прасіў паведамляць усе падрабязнасці пра пахаванне, нас абяцалі трымаць у курсе. Літаральна за дзень да пахавання намесніца дырэктара мне казала, што яшчэ нічога не вядома, – распавядае мужчына. – А потым раптам мне тэлефануе адна з сацыяльных работніц і кажа, што Дзіму ўжо хаваюць.

У крэматорый, паводле менчука, узялі дзесяць чалавек з каледжу, забралі ў іх тэлефоны. На пахаванне хацелі трапіць сябры Дзімы з дзіцячага дому, але ім таксама нічога не сказалі. Італьянская ж сям’я думала перавезці прах Дзімы да сябе і пахаваць у сямейным склепе. Цяпер выглядае сумнеўна, што гэта атрымаецца.

– Мяне ўразіла гэтая таямніца, гэты цынізм, таптанне ўсялякіх хрысціянскіх, чалавечых нормаў, гэткае стаўленне да памерлых, – абураецца сябар Дзімы. – Ніхто з нас не думаў, што нас так праігнаруюць, у тым ліку італьянцаў, якія дзесяць гадоў былі бацькамі для гэтага дзіцяці. Цяпер Даньелля кажа, што больш ніколі не прыедзе ў Беларусь. Яны лічаць, што Дзіму забілі, давялі да самагубства, і гэта зрабілі ўлады Беларусі.

Дзіма Стахоўскі са сваёй італьянскаю сям’ёй у Менску. Фота: асабісты архіў сям’і Балляторэ

Паводле менчука, прах Дзімы будзе пахаваны на калумбарыі на Паўночных могілках Менску, але яго дасюль не аддалі апекуну – дырэктару Каледжу лёгкай прамысловасці і комплекснай лагістыкі, таму нумар ячэйкі пакуль невядомы.

«Быў вясёлым хлопцам, любіў жыццё»

Дзіма Стахоўскі разам з сястрой Адзураю Балляторэ. Фота: асабісты архіў сям’і Балляторэ

«Белсат» паразмаўляў з Адзураю Балляторэ, дачкою Даньеллі і Віта, для якой Дзіма стаўся родным братам. Адзура і ейныя бацькі жывуць у маленькім гарадку Чампіна, недалёка ад Рыму. Даньеллі 61 год, Віта – 62, у яго невялічкі ўласны бізнес. Адзуры – 32 гады, яна ўжо дзесяць гадоў працуе ў паліцыі. Жанчына пацвердзіла, што ўзяць да сябе Дзіму ейныя бацькі пастанавілі пасля таго, як у аварыі на скутары загінула ейная сястра.

– Ім трэба было некуды ўкладаць сваю любоў, так яны сталі дапамагаць дзецям з Беларусі, Малдовы, – кажа Адзура. – Дзіма ў нас з’явіўся, калі яму было восем. Ён быў вясёлым хлопцам, які любіў жыццё. Так, невялічкі дэфект у яго быў – адна рука карацейшая, але гэта зусім нязначная інваліднасць, агулам у яго было добрае здароўе.

Дзіма Стахоўскі ўдома ў італьянскай сям’і. Фота: асабісты архіў сям’і Балляторэ
Дзіма Стахоўскі ў Італіі. Фота: асабісты архіў сям’і Балляторэ

Адзура распавядае, што Дзіма прыязджаў да іх улетку і на Каляды. Вельмі любіў мора, праводзіў там цэлыя дні. Хутка завёў шмат сяброў у Італіі, бавіў з імі шмат часу. Вандраваў разам з сям’ёю Балляторэ, пабываў у розных гарадах – Рыме, Мілане, Венецыі, Вэроне, быў на Сіцыліі ды ў Калябрыі.

«Жахліва, што ў 2021 годзе ў Беларусі ўсё яшчэ дыктатура»

Дзіма Стахоўскі ў дзяцінстве ў Італіі. Фота: асабісты архіў сям’і Балляторэ

– Ён быў шчодрым і шчырым, яго тут любілі, – кажа Адзура. – Яшчэ ён быў вельмі разумным, проста геніем у інфарматыцы, самастойна вывучыў англійскую мову. Супрацоўнічаў з фінскаю кампаніяй «Supercell», што распрацоўвае мабільныя гульні, стварыў персанажаў для гульні «Clash of Clans».

Апошні раз Адзура бачыла брата ў студзені гэтага года, калі яны разам з бацькамі прыляцелі ў Менск, каб адзначыць 18-годдзе Дзімы.

– Дзіма быў цудоўным братам і сынам, – кажа італьянка. – Ён вельмі любіў сваіх бацькоў і мяне, і мы яго любілі. Ягоная смерць пакінула пустку ў нашым жыцці, у сэрцах усіх людзей, якія яго любілі. Пасля гэтай трагедыі бацькі не хочуць вяртацца ў Беларусь, бо там усё ў іх звязанае з успамінамі пра Дзіму.

Дзіма Стахоўскі з італьянскаю мамай Даньелляю. Фота: асабісты архіў сям’і Балляторэ

Паводле Адзуры, Дзіма хацеў пасля навучання ў Менску жыць у Італіі:

– Бо тут ён быў шчаслівым. Ягоная будучыня была тут. Тут у яго нарэшце з’явілася сапраўдная сям’я. Мы ўсе шакаваныя тым, што адбылося. Немагчыма паверыць, што ў 2021 годзе ў Беларусі ўсё яшчэ дыктатура, няма свабоды думкі і слова. Гэта жахліва і няправільна, што беларусы не могуць жыць спакойна і шчасліва.

Ганна Ганчар, belsat.eu

Hавiны