«Калі Расею не спыніць, Буча будзе паўтарацца». Размова з байцом батальёну Кастуся Каліноўскага

47-гадовы Вадзім Кабанчук, нарадзінец Бабруйску, некалі вядомы ў Беларусі актывіст, цяпер ваюе за Украіну ў складзе беларускага батальёну імя Кастуся Каліноўскага. Аднак гэта не першы баявы досвед для беларуса – яшчэ ў 2015 годзе ён пайшоў на фронт на Данбасе. Ваяваць збіраецца да поўнай перамогі, бо перакананы: пакуль Расею цалкам не спыніць, мірнага і свабоднага жыцця не будзе ні ва Украіне, ні ў Беларусі. Паразмаўлялі з Вадзімам пра вайну на Данбасе і цяперашнюю.

Вадзім Кабанчук. Фота: асабісты архіў Вадзіма Кабанчука

«Быў упэўнены, што напад пачнецца з дня на дзень»

Ва Украіне Вадзім з 2014 года, апошнім часам жыў разам з сям’ёй у Чаркаскай вобласці. Раніца 24 лютага была самай звычайнай, кажа мужчына.

– Пачатак вайны я праспаў, – прыгадвае Вадзім. – Напярэдадні я пастаянна сядзеў у тэлефоне, маніторыў навіны. Жонка ўжо злавалася на мяне за гэта. У тую ноч я ўсё ж адклаў тэлефон. Прачнуўся каля 8:30, выйшаў на кухню і па радыё пачуў, што ўжо ідуць ракетныя абстрэлы. Тады мы хутка сабралі рэчы і паехалі на Кіеў. Мая жонка – украінка – таксама пайшла добраахвотніцай на фронт.

Навіна пра пачатак вайны не стала для Вадзіма нечаканасцю – мужчына кажа, што напрыканцы лютага ён быў упэўнены, што напад непазбежны і пачнецца з дня на дзень.

– Сябры запрашалі мяне на прыроду выехаць на выходныя, – распавядае наш суразмоўца. – Я ім тады сказаў: калі вайна не пачнецца, то паедзем. Яны пасмяяліся з мяне. Але так і атрымалася, што да выходных вайна распачалася, і паехалі мы ўжо ў крыху іншым кірунку.

«Яны дапамогуць нам вярнуць Беларусь». Як працуе каардынацыйны цэнтр для добраахвотнікаў, гатовых ваяваць за Украіну

«Было відавочна, што разня ў Бучы і іншых месцах Кіеўшчыны – спланаваная акцыя»

У першыя дні вайны Вадзім быў на баявым заданні ў Васількове.

– Там «рашысты» скінулі дэсант, абстрэльвалі аэрадром, вайсковую акадэмію. Мы там правялі некалькі дзён, – прыгадвае баец. – Потым былі за Вышгарадам у раёне «Мэжыгір’я». Там ішла калона «рашыстаў», якая павярнула на Гастомель і Бучу. Я ў Бучы не быў, але нашыя хлопцы, якія там былі, рознае пабачылі, і казалі, што ўжо тады было зразумела, што забітых шмат, і не толькі ў Бучы, але і ў іншых месцах на Кіеўшчыне. Было відавочна, што ўсё гэта – спланаваная акцыя, а не адзінкавы эксцэс, бо забойствы былі масавымі.

Беларускі добраахвотнік пра сітуацыю ў Кіеве: Трываюць няспынныя баі

Цяпер беларускі батальён Кастуся Каліноўскага выконвае баявыя задачы ў Кіеве. Таксама праводзіцца фармаванне батальёну, якое ўключае ў сябе навучанне, атрыманне дадатковай тэхнікі, зброі, шырэйшае разгортванне структуры. У батальёне на сённяшні дзень каля 200 байцоў, зазначае Вадзім.

Тактычны трэнінг байцоў батальёну Кастуся Каліноўскага. Фота: асабісты архіў Вадзіма Кабанчука

Вадзім кажа, што ў Кіеве цяпер спакойна. Пачалі вяртацца мірныя грамадзяне.

– На дарогах усё больш машын, нават заторы дзе-нідзе ўтвараюцца. Часткова сталі здымаць некаторыя блокпасты, хоць у большасці яны яшчэ стаяць, з-за гэтага ў тым ліку заторы ўтвараюцца, – распавядае баец. – Думаю, што можна пачувацца тут больш-менш бяспечна. Нават паветраная трывога ўжо вельмі рэдка. Выбухаў, страляніны няма.

«Другая армія ў свеце атрымлівае па зубах». Батальён імя Каліноўскага падвёў вынікі 30 дзён вайны

«Чакаў баёў за Кіеў яшчэ ў 2014 годзе»

Ваенны досвед у Вадзіма Кабанчука багаты. Яшчэ ўлетку 2014 года мужчына стаў прыязджаць на лінію фронту на Данбасе, прывозіў валанцёрскую дапамогу, а ў сакавіку 2015 году сам пайшоў ваяваць.

– У мяне з самага пачатку баявых дзеянняў тады была такая мэта, – кажа Вадзім. – Я разумеў, што будзе вайна, калі з’язджаў з Беларусі ў 2014 годзе, пасля Майдану і ўсіх тых падзеяў. Я толькі памыліўся з тэрмінамі, бо думаў, што поўнамаштабныя баі, у прыватнасці за Кіеў, пачнуцца ўжо ў 2014 годзе. Пасля Ілавайску і таго, што расейцы там зрабілі з украінскай арміяй, якая на той час была не вельмі баяздольнай, я думаў, што яны пойдуць на Кіеў. Таму мы рыхтаваліся тут, вучыліся, куплялі экіпаванне, і я не імкнуўся адразу ехаць на Данбас. Але гэтыя баі перанесліся на 8 гадоў.

Калі стала зразумела, што фронт не рухаецца, Вадзім вырашыў ехаць туды. У выніку на Данбасе прабыў да 2017 года.

– Але я там быў не стала, на месяц прыязджаў, выязджаў, – кажа баец. – Найдаўжэй я знаходзіўся на фронце ў Мар’інцы – каля 6 месяцаў. Адтуль і з’ехаў зусім у 2017 годзе.

«Мне не падабаецца вайна, я хачу жыць звычайным жыццём»

Вадзім кажа, што цяперашняя вайна зусім іншая, чым тая, што ішла на Данбасе.

– Тады, за рэдкім выключэннем таго ж Ілавайску і Дэбальцава, не было такіх поўнамаштабных баёў. І там не выкарыстоўвалі авіяцыю, – зазначае баец. – Цяпер выкарыстоўваюць усё: артылерыю, авіяцыю і крылатыя ракеты – усё, што ёсць на ўзбраенні. Украінская армія таксама выкарыстоўвае ўсё. Зараз вайна манеўраная. Вельмі хутка змяняецца сітуацыя на фронце. А там з 2014 да 2022 года фронт быў фактычна стабілізаваны, і адбываліся пазіцыйныя баі з працяглымі перыядамі замірэння, калі наогул не стралялі месяц і больш. Цяпер усё зусім інакш.

Тактычная трэнінгі байцоў батальёну Кастуся Каліноўскага. Фота: асабісты архіў Вадзіма Кабанчука

Вадзім кажа, што цешча, дачка вельмі пераймаюцца за іх з жонкай, але падтрымліваюць.

– Мне самому ўсё гэта зусім не падабаецца – вайна, уся гэтая мілітарысцкая тэма, я ж нармальны чалавек, хацеў бы жыць звычайным жыццём, – кажа баец. – Але ў мяне ёсць разуменне, што Расея не дасць нам так жыць. Калі іх не спыніць, такія Бучы будуць скрозь, гэта будзе паўтарацца. Гэта бачна з гісторыі, нават з маёй уласнай, з таго, што адбывалася з маёй сям’ёй, маімі продкамі, якія хацелі жыць і працаваць на сваёй зямлі. Маіх прадзедаў раскулачвалі, забіралі ў войска, гналі на расейска-турэцкую вайну, потым на Першую сусветную, Другую. Дзед па маме, напэўна, выжыў толькі таму, што яго моцна кантузіла ва Усходняй Прусіі.

«Я гатовы ваяваць столькі, колькі спатрэбіцца»

Вадзім перакананы, што без поўнай перамогі Украіны над Расеяй не будзе і вызвалення Беларусі.

– Бо гэта сутнасць нашага ўсходняга суседа, якая не мяняецца стагоддзямі: гэта імперыя, якая не можа без войнаў, экспансіі, захопу чужых тэрыторыяў. Там змяняюцца формы кіравання: самадзяржаўе, бальшавікі, што ў іх цяпер – я нават не ведаю, алігархат ці што, але сутнасць адна – войны і захоп чужога. Для мяне гэта абсалютна відавочна.

Вадзім кажа, што ўкраінцы вітаюць і падтрымліваюць батальён Кастуся Каліноўскага і змаганне беларусаў на баку Украіны. Сам мужчына застанецца на фронце да перамогі.

– Ваяваць мы будзем, пакуль не вырвем джала ў Расеі, пакуль яна не будзе дэмілітарызаваная і не згубіць магчымасці весці наступ. Калі па датах гэта адбудзецца, я не магу прадказаць. Я асабіста гатовы ваяваць столькі, колькі гэта спатрэбіцца, – кажа баец.

Вадзім Кабанчук нарадзіўся 29 лістапада 1974 году ў Бабруйску. Ягоная маці – каардынатарка бабруйскай ячэйкі БХД Таісія Кабанчук.

Вадзім быў адным з заснавальнікаў руху «Зубр», спартова-патрыятычнай арганізацыі «Край», сябрам «Маладога фронту», БХД. Яго неаднаразова затрымлівалі, арыштоўвалі, праваабаронцы прызнавалі мужчыну палітвязнем. У 1997 годзе, калі Вадзім Кабанчук і іншыя сябры «Маладога фронту» былі ў зняволенні, народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін прысвяціў ім верш «Люблю Беларусь!».

У 2014 годзе Вадзім з’ехаў ва Украіну.

У 2016 годзе быў узнагароджаны прэміяй у галіне абароны правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча.

Ганна Ганчар belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны