«Беларусі як незалежнай дзяржавы ўжо не існуе». Якія змены прынесла вайна для рэжыму Лукашэнкі

Беларусь у саюзе з Расеяй уцягнутая ў палітычнае, інфармацыйнае і, у некаторай ступені, ва ўзброенае супрацьстаянне з Украінай, і наступствы гэтай вайны для Беларусі будуць у любым выпадку катастрафічнымі.

Чым болей будзе доўжыцца канфлікт і чым мацней Расея будзе апускацца ў глабальную ізаляцыю, тым цяжэйшым будзе рабіцца становішча Беларусі.

Акцыя супраць вайны ва Ўкраіне.
Фота: КК / Белсат

Перш за ўсё, неабходна разумець, што Беларусі, як незалежнай і суверэннай дзяржавы ўжо не існуе. У стратэгічных адносінах яна з’яўляецца складовай часткай расейскай вайскова-палітычнай прасторы. Функцыі палітычнага кіравання і кантролю ўнутры краіны пакуль яшчэ выконвае рэжым Лукашэнкі, але яго дзеянні ўжо ніяк не ўплываюць на становішча краіны ў вайне з Украінай. Варта адзначыць, што ўлада кіруючай групы ў Беларусі зведзена да ўзроўню палітычнай адміністрацыі, якая не ўплывае на перамяшчэнні войскаў краіны агрэсара па тэрыторыі краіны, на ваенныя планы і аперацыі Расеі. Іншымі словамі, вышэйшая ўлада над беларускай дзяржавай сканцэнтраваная ў Маскве.

Узброеныя Сілы Беларусі цалкам забяспечваюць лагістычную базу для расейскіх войскаў уварвання, яны фактычна, з’яўляюцца войскамі тылу для УС РФ. Адзінае, што пакуль не можа рэалізаваць Пуцін, дык гэта масавага ўцягвання беларускіх вайскоўцаў у вайну з Украінай. Думаю, гэта звязана з тым, што ў Беларусі не ўдалося стварыць поўнага інфармацыйнага вакууму. Але ў цяперашніх абставінах – гэта справа часу.

Трэба разумець, што Масква фактычна не можа прайграць гэтай вайны з Украінай, бо гэта азначае крах рэжыму Пуціна і крах Расеі. Разам з Пуціным будзе знішчаная аўтарытарная палітычная сістэма ў Беларусі. Таму, па-за ўсякім сумневам, Крэмль будзе ствараць штучную рэальнасць, у якой Расея гэтую вайну выйграла. Беларусь, у сваю чаргу, стане часткай гэтай рэальнасці.

Атака на дзіцячую бальніцу ў Марыупалі. 9 сакавіка 2022 года.
Фота: AP Photo/Evgeniy Maloletka

Для кіраўніцтва Расеі існуць два варыянты:

  • Вайна «суднага дня», накіраваная на знішчэнне ўсёй Украіны;
  • Пераход ад актыўных ваенных сутыкненняў, да зацяжнога супрацьстаяння на тэрыторыі Украіны.

Другі варыянт неабходны, перш за ўсё, для адаптацыі Расеі і яе грамадства да новых эканамічных і сацыяльных умоваў існавання. У выніку Расея цалкам ператворыцца ў таталітарную дзяржаву, якая будзе выпампоўваць эканамічныя і сацыяльныя сродкі для падтрымання рэжыму Пуціна.

Зразумела, што пры рэалізацыі другога сцэнару, нас чакае паслядоўнае палітычнае і сацыяльна-эканамічнае разбурэнне.

Па-першае, Маскве будзе неабходна геапалітычна кампенсаваць ваенную няўдачу ва Украіне. Часткова гэта магчыма рэалізаваць пры поўным палітычным уз’яднанні з Расеяй, у рамках новага Інтэрнацыяналу з розных недарэспублік. Цяпер, калі яшчэ не завяршылася актыўная фаза баявых дзеянняў ва Украіне, а таксама падрыхтоўка да самаізаляцыі, уздзеянне на Беларусь з боку Крамля пакуль яшчэ не адчувальнае.

Мяркую, што працэс паглынання нашай краіны можа пачацца на працягу наступнага тыдня. Зыходзячы з таго, што Масква абмежаваная ў рэсурсах і часе, яна адмовіцца ад «інтэграцыйных умоўнасцяў» і пяройдзе да непасрэднага фізічнага прымусу Беларусі да ўключэння ў сваю сістэму.

Інтэрв’ю
«Я паехаў канчаткова». Салдат расейскай арміі – аб тым, як дэзерціраваў пасля пачатку вайны
2022.03.09 13:15

Па-другое, зацяжная вайна будзе патрабаваць дадатковых людскіх і тэхнічных рэсурсаў і, адпаведна, уключэння грамадзянаў Беларусі ў прамыя ваенныя дзеянні ва Украіне. Пасля рэалізацыі поўнага палітычнага і сацыяльна-эканамічнага падпарадкавання Беларусі, беларускія УС зліюцца з расейскімі. У сувязі з гэтым, таксама высокая верагоднасць размяшчэння на нашай тэрыторыі ядзернай зброі.

Па-трэцяе, эканамічныя санкцыі прывядуць да ўнутранага дэфіцыту тавараў у Расеі, папаўняць іх будуць за кошт эканамічнай эксплуатацыі Беларусі. З краіны будуць выпампоўвацца усе неабходныя рэсурсы, сыравіна, прадукты для падтрымання ключавых аб’ектаў РФ (перш за ўсё буйных гарадоў). Санкцыі, эканамічная ізаляцыя і знясіленне ўласна самой Расеі прывядзе да хуткага падзення дабрабыту насельніцтва Беларусі (затрымкі заробкаў, рост коштаў, інфляцыя, банкруцтва прадпрыемстваў і беспрацоўе).

Эканамічны і палітычны ізаляцыянізм у поўнай меры закране Беларусь, пагаршэнне становішча ў краіне будзе абумоўлена яшчэ і тым, што наша краіна будзе ўспрымацца як «набытая тэрыторыя», якую агрэсіўная Расея пачне неміласэрна эксплуатаваць ва ўсіх адносінах.

Нават калі дапусціць, што Расея будзе ў стане выбудаваць таталітарную сістэму, выжыць ва ўмовах ізаляцыі на працягу года, не спыняючы пры гэтым вайну, шкода для беларускай эканомікі і грамадства будзе велізарнай. Нават, пасля абрушвання рэжыму Пуціна, а ўслед за ім абрушвання рэжыму Лукашэнкі, рэформы знясіленай і разбуранай эканомікі Беларусі, траўмаванага грамадства будуць доўгімі і цяжкімі.

Усаў Павел belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў