Гарадзенскі музыка і актывіст Ігар Банцэр трымае сухую галадоўку ўжо шосты дзень


Ігар Банцэр абвясціў сухую галадоўку 3 сакавіка, адмовіўшыся ад ежы і вады. На свой судовы працэс ён прыйшоў з плакатамі «Галадоўка» і «Справядлівасці няма». Ігар таксама адмовіўся ад адваката са словамі: «Канстытуцыя мяне абароніць».

Доўгі час ён правёў у карцары, а нядаўна папрасіў натарыуса скласці завяшчанне – паведамляе тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай.

Ігар Банцэр.
Фота: Белсат

Ігара затрымалі 20 кастрычніка – забралі раніцай з уласнай кватэры. Нагодай стаўся адзін з вулічных перформансаў музыкі: ноччу 5 верасня Ігар танцаваў перад міліцэйскім аўтам без ніжняй бялізны. Супраць яго распачалі крымінальную справу паводле артыкулу 339 КК за «хуліганства», Ігару пагражае да 3 гадоў пазбаўлення волі.

Пасля затрымання музыку кінулі ў адзіночную камеру гарадзенскай турмы. Праз некаторы час яго прымусова завезлі на псіхіятрычнае абследаванне ў Навінкі, затым, па вяртанні ў ізалятар турмы, ён два тыдні адбываў пакаранне ў карцары. Гарадзенца пазбавілі ўсялякай сувязі з роднымі і сябрамі.

Гісторыі
«Ягоная ўнутраная свабода не да спадобы ўладам»: гісторыя гарадзенскага панка, якому пагражае 3 гады пазбаўлення волі
2021.03.04 07:30

Ягоная жонка Анжаліка ўпэўненая, што Ігара затрымалі, таму што ён увесь час выказваўся пра тое, што адбываецца ў краіне: хадзіў на вулічныя пратэсты, ладзіў перформансы, крытыкаваў уладу.

«Ігара Банцэра добра ведаюць у Горадні. Ён вельмі яркі і незвычайны чалавек. Гэта не проста мастак і музыка – гэта беларус, які абараняе правы чалавека і займаецца грамадскай дзейнасцю. Але з кастрычніка 2020 года Ігар застаецца ў СІЗА», – сказала Святлана Ціханоўская.

За Ігара моцна перажывае ягоная сям’я, асабліва пажылая маці: «Ён вельмі свабодны, у нашай краіне гэтага нельга», – сказала яна пасля судовага паседжання. Дома Ігара чакаюць жонка і двое дзяцей: «Дзеці ўсё ведаюць. Яны спалі, калі міліцыя прыйшла па яго і калі быў ператрус дома. Усе сумуюць і чакаюць хутчэйшага вяртання таты дадому».

Ігар Банцэр з дзецьмі
Фота: Facebook Игорь Банцер
Hавiны
У Горадні пачынаецца судовы працэс над музыкам Ігарам Банцэрам
2021.03.03 11:14

АД, belsat.eu

Стужка навінаў