Захаванне ініцыятывы расейцаў на ўсходзе. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 716-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 9 лютага чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Media Center Ukraine

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На паўночным усходзе Харкаўскай вобласці працягваюцца сустрэчныя баі ў ваколіцах сяла Сынькоўка, на што ўказваюць паведамленні расейскага і ўкраінскага камандаванняў.

Таксама цягам апошніх содняў Узброеныя сілы РФ атакавалі каля Іванаўкі, але лініі фронту засталася нязменнай.

Пры гэтым байцы ЗСУ пішуць, што на асобных участках купянскага кірунку сітуацыя застаецца складанай для сілаў абароны.

Ніжэй па фронце асноўныя баявыя дзеянні лакалізуюцца на так званым торскім выступе на поўначы Данецкай вобласці, а таксама ў ваколіцах Серабранскага лясніцтва і за ракой Северскі Данец каля мяжы Данецкай і Луганскай вобласцяў.

Генштаб ЗСУ паведамляе пра чатыры безвыніковыя атакі праціўніка ў ваколіцах сяла Церны.

Міністэрства абароны РФ адзначае шэраг няўдалых атак украінцаў каля Цернаў, Дзібровы і Грыгораўкі.

Між тым прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» сцвярджае, што УС РФ занялі тэрыторыю мелавога заводу побач з Белагораўкай на Луганшчыне.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку ініцыятывай валодаюць Узброеныя сілы РФ, якія наступаюць на поўначы і захадзе ад раённага цэнтру, імкнучыся выйсці да суседняга гораду Часаў Яр.

Украінскае камандаванне паведамляе пра чатыры адбітыя атакі праціўніка каля населеных пунктаў Іванаўскае і Клішчыеўка.

Між тым праўкраінскі тэлеграм-канал «Бахмутський Демон» піша, што на паўднёвым фланзе сітуацыя складаная для ЗСУ: тут войскі РФ крыху праціснулі абарону ўкраінцаў з боку Клішчыеўкі і цяпер намагаюцца развіць поспех.

У Мінабароны РФ заявілі, што іхныя вайскоўцы цягам содняў занялі больш выгадныя рубяжы і пазіцыі на бахмуцкім кірунку.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

Найбольшая наступальная актыўнасць расейскіх вайскоўцаў захоўваецца ў ваколіцах Данецку.

На аўдзееўскім кірунку асноўны ціск ідзе на паўночным усходзе аднайменнага гораду з боку судовага таварыства «Івушка». Канал «Два майора» піша, што наступ ідзе ў ваколіцах вуліцаў Незалежнасці, Сапронава, а таксама каля Чыгуначнага завулку. Адначасова з гэтым расейцы намагаюцца замацавацца на захадзе ад раней занятага чыгуначнага моста.

Расейскі ваенны эксперт Барыс Рожын гаворыць, што войскі РФ за содні прасунуліся ў вышэйзгаданых месцах.

Поспехі расейцаў у Аўдзееўцы пацвярджаюць і аналітыкі праекту Deepstate.

Спікер Аператыўна-стратэгічнай групоўкі войскаў «Таврія» Дмытро Лыховый заявіў, што на паўночным усходзе баі ідуць не толькі ў прыватным сектары, але і на тэрыторыі гарадской забудовы.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што ў гэты ж час на паўднёва-ўсходніх ускрайках Аўдзееўкі працягваюцца сустрэчныя баі.

Таксама на аўдзееўскім кірунку расейцы ціснуць на паўднёвым фланзе ў ваколіцах населеных пунктаў Первамайскае і Невельскае.

На суседнім мар’інскім участку фронту баі лакалізуюцца каля сёлаў Георгіеўка, Пабеда і Новаміхайлаўка.

Генштаб ЗСУ піша пра 16 адбітых атак праціўніка за содні.

У Deepstate гавораць, што каля Пабеды і ў Георгіеўцы расейцы крыху прасунуліся.

Разам з тым, паводле крыніцы, Збройныя сілы Украіны выбілі праціўніка з Новаміхайлаўкі. Раней УС РФ удалося зайсці на ўскрайкі гэтага населенага пункту.

Бярдзянскі, мелітопальскі і херсонскі кірункі (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці, а таксама ў Запарожскай і Херсонскай вобласцях)

У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці працягваюцца баі на выступе па фронце з поўдня ад гораду Арэхаў каля сёлаў Вэрбовае, Навапрокапаўка і Работына. Між тым зменаў цягам апошніх содняў не зафіксавана.

У Херсонскай вобласці баявыя дзеянні лакалізуюцца на левым беразе Дняпра каля сяла Крынкі, дзе ЗСУ ўтрымліваюць невялікі плацдарм.

Пегаў піша пра няўдалыя спробы войскаў РФ пры падтрымцы артылерыі выбіць праціўніка з займаных пазіцыяў.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў