За ўдзел у маршы ў 2020 годзе асудзілі пенсіянера – яго знайшлі па фота ў перапісцы знаёмай


У судзе Ленінскага раёну Менску 18 студзеня да 2,5 гадоў «хатняй хіміі» за ўдзел у акцыі пратэсту ў кастрычніку 2020 года асудзілі пенсіянера Васіля Рубцова, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». Мужчыну знайшлі па фотаздымку ў перапісцы яго знаёмай, калі аглядалі яе тэлефон.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рукі Нобэлеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага ў судзе.
Фота: sb.by

Суддзя Марына Клімчук прызнала спадара Васіля вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 КК РБ («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

У аснову прысуду судом пакладзеныя паказанні самога абвінавачанага, які ў ходзе судовага пасяджэння не аспрэчваў, што ён сумесна з іншымі асобамі прымаў удзел у мітынгу. Ён распавёў, што пра правядзенне пратэснага Маршу ў кастрычніку 2020 года дазнаўся з інтэрнэту. На акцыю ён адмыслова прыехаў з вёскі на машыне. Калі ўбачыў натоўп пратэстоўцаў з сімволікай, то далучыўся да іх.

Мужчына прызнаў, што выходзіў на праезную частку дарогі, дзе яго знаёмыя сфатаграфавалі яго з невядомай асобай, у якой пры сабе меўся плакат з пратэсным лозунгам. Васіль на працэсе адзначыў, што лозунгі пратэснага характару на Маршы ён не выкрыкваў, гучных воплескаў рукамі не здзяйсняў.

Пенсіянера знайшлі па фотаздымку з маршу, які міліцыянты выявілі ў перапісцы ягонай знаёмай пры аглядзе ейнага тэлефону. У пастанове суду адзначаецца, што рух грамадскага транспарту падчас маршу не ажыццяўляўся па прычыне «знаходжання яго сумесна з іншымі асобамі на праезнай частцы дарогі».

Hавiны
Спецвытворчасць за дапамогу ахвярам і катаванні сцягам. Рэпрэсіі ў Беларусі 8 лютага
2024.02.08 23:03

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў