Збавіцель Кіева або «мяснік»? Хто такі новы кіраўнік ЗСУ


Прызначаны 8 лютага кіраўнік ЗСУ Аляксандр Сырскі ўнёс уклад у вызваленне Кіеўскай вобласці і часткі акупаваных тэрыторый на Харкаўшчыне. А яшчэ яго называюць «мясніком». Хто ж такі Сырскі і чаго ад яго чакаць «Белсат» даведаўся ў вайсковага аналітыка, былога працаўніка Службы бяспекі Украіны Івана Ступака.

Аляксандр Сырскі.
Фота: president.gov.ua

«Усё ведае і разумее»

Ва ўкраінскім інфополі ёсць інфармацыя, што Аляксандра Сырскага мог парэкамендаваць сам экс-кіраўнік ЗСУ Валерый Залужны.

«Наколькі яна дакладная, мы не можам сказаць. Але Сырскі знаёмы з сітуацыяй. Ён не тое, каб быў дзесьці далёка, прыехаў і яму трэба чатыры месяцы, каб паглыбіцца ў сітуацыю. Ён усё ведае і разумее. Гэта з плюсаў.

Паглядзім на яго каманду. Прэзідэнт Зяленскі сказаў так: справа не ў прозвішчы, справа не ў адным чалавеку. Справа ў камандзе. Будзе прызначаная каманда і мы паглядзім, што гэта за людзі. Ёсць папярэдні анонс. Першыя водгукі ад вайскоўцаў, што гэта нядрэнныя людзі, паважаныя і годныя», – кажа Іван Ступак.

З адметных асаблівасцяў Сырскага – выключная адданасць і лаяльнасць прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму, адзначае суразмоўца.

«У той жа час прыйшлі негатыўныя водгукі на ягонае камандаванне ад хлопцаў, якія ваююць. Яны называюць яго мясніком. Гэта водгукі людзей, якія знаходзяцца на фронце. Вайскоўцы, валанцёры вельмі не задаволеныя такім рашэннем. Яны абураюцца, кажуць, што ведаюць, як будзе пад яго камандаваннем. Таму ніякіх пазітыўных ілюзіяў яны не маюць», – працягвае Іван Ступак.

Таксама ёсць пытанні да біяграфіі Аляксандра Сырскага. У адрозненне ад Валерыя Залужнага, які атрымліваў адукацыю на тэрыторыі Украіны, новы кіраўнік ЗСУ першую адукацыю атрымаў у Маскоўскім агульнавайсковым камандным вучылішчы, паколькі нарадзіўся таксама на тэрыторыі Расеі. Пазней ён вучыўся ў Акадэміі ЗСУ і Нацыянальнай акадэміі абароны Украіны.

«З аднаго боку, выглядае вельмі дзіўна. Я таксама хацеў бы ўбачыць прадстаўніка, напрыклад, заходняй школы. Але, з іншага боку, каб перамагчы суперніка, трэба разумець, які ў яго вобраз мыслення і лад дзеяння, як ён бачыць сітуацыю. А адэская школа [Ваенная акадэмія ў Адэсе, дзе вучыўся Валерый Залужны. – Рэд.] – гэта ж савецкая адукацыя. Яна ўсюды была аднолькавая», – падкрэслівае суразмоўца.

Аляксандр Сырскі і Уладзімір Зяленскі.
Фота: president.gov.ua

Тым не менш, Сырскага асацыююць з поспехамі ў абароне Кіева і распрацоўкай Харкаўскі наступальнай аперацыі, калі нечакана для ўсяго свету Украіна адваявала частку акупаваных тэрыторый. З мінусаў – «дэбальцаўскі кацёл», у які трапілі ўкраінскія войскі ў 2014 годзе, калі Расея пачала вайну. Тады Сырскі быў начальнікам штабу антытэрарыстычнай аперацыі і каардынаваў выхад украінскіх войскаў з-пад Дэбальцава.

«Давайце вельмі асцярожна, таму што мы да канца ўсяго не разумеем. Але ж не ён адзін планаваў [дзеянні ў Кіеўскай і Харкаўскай вобласцях. – Рэд.]. Няма аднаго чалавека, які ўсё сам спланаваў, зацвердзіў і толькі спусціў уніз і сказаў: “усё, рабіце, я за вас усё прадумаў, гэта ідэальна”. Гэта тытанічная праца пад кіраўніцтвам нейкага канкрэтнага чалавека, дзе кіраўнік дае свабоду сваім падначаленым у творчасці, праяве сваіх думак, нестандартнасці. Гэта значыць тут трэба аддаць належнае, што хутчэй за ўсё ён дазволіў сваім падначаленым спланаваць гэтую аперацыю, задумаць, як яны бачылі, і рэалізаваць.

Так, у яго, відаць, былі памылкі. Мне б вельмі хацелася, каб з моманту Дэбальцава і да цяпер ён цалкам перагледзеў сваё бачанне, стаўленне і планаваў свае аперацыі далейшыя з улікам усіх гэтых памылак», – кажа Іван Ступак.

Hавiны
Украіна абмяняла палоннага беларуса, што ваяваў на баку Расеі і падазраваўся ў працы на КДБ
2024.02.09 09:00

Грамадства настроена негатыўна

Суразмоўца адзначае, што пакуль ва Украіне толькі ўсведамляюць, што Залужны больш не кіраўнік ЗСУ. Ёсць і абурэнне грамадства.

«У цэлым грамадства ўспрыняла гэта негатыўна. Я мяркую больш па сваёй інфармацыйнай бурбалцы, але валанцёрская супольнасць, вайсковая – вельмі негатыўна. Кажуць, нічога добрага не чакаюць.

Але трэба аддаць належнае, што прэзідэнт нівеляваў негатыў, які мог быць больш вялікім. Яны з Залужным зрабілі сумесныя фатаграфіі, сінхронна выпусцілі тэксты ў сацсетках і паказалі, што яны не пасварыліся ў хлам. Гэта было нейкае джэнтльменскае пагадненне, дарослыя зносіны двух дарослых мужчын.

Я стараюся нейкі пазітыў знайсці і даць месяц для таго, каб разабрацца ў сітуацыі і паглядзець, як Сырскі будзе кіраваць, якія будуць вынікі або іх не будзе наогул», – заключае Ступак.

Аналітыка
Поспехі і няўдачы генерала Сырскага. Што вядома пра новага галоўнакамандуючага ЗСУ
2024.02.09 17:20

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў