«Мы хочам не баяцца за будучыню «Белсату», а развіваць яго!» Працаўнікі «Белсату» напісалі ліст у польскае МЗС


Зварот працаўнікоў тэлебачання «Белсат» да міністра замежных справаў Польшчы Радослава Сікорскага.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Студыя «Белсату» ў Варшаве, Польшча.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

Паважаны спадар міністр,

мы з вялікім непакоем назіраем за нестабільнай і, на наш погляд, усё больш небяспечнай сітуацыяй вакол «Белсату». Невядома, што з бюджэтам станцыі, а фінансавыя правы нашай дырэкцыі то адмяняюць, то аднаўляюць, але ўсяго на адзін месяц.

На фоне ўсё гучней чуюцца радасныя галасы прапагандыстаў Лукашэнкі пра тое, што з «Белсатам», маўляў, ужо скончана або што ён «вось-вось упадзе». Пуцінскі рэжым у Расеі тым часам надае нам незаконны статус «замежнага агента», што стварае сур’ёзныя праблемы для тых, хто супрацоўнічае з расейскамоўнымі праектамі «Белсату», хоць, у той жа час, гэта асаблівы від прызнання нашых заслугаў у галіне свабоды слова і супрацьдзеяння прапагандзе. У Беларусі статус «экстрэмісцкага фармавання» мы маем ужо некалькі гадоў.

Мы звяртаемся да Вас з просьбаю надаць рэальнае падтрыманне «Белсату» ў далейшай рэалізацыі яго вельмі складанай місіі. Як Вы, напэўна, ведаеце, «Белсат» – гэта не толькі польскі тэлеканал. «Белсат» быў і застаецца таксама трансгранічнай ініцыятываю польскіх і беларускіх журналістаў, а сёння таксама – расейскіх і ўкраінскіх. Мы ўсе ўважаем сябе за стваральнікаў тэлеканалу і адчуваем адказнасць за яго. Вось чаму мы дазваляем сабе звяртацца да Вас.

Спадар міністр, мы не турбуемся толькі пра сваё існаванне – хоць праз праблемы вакол «Белсату» мы можам не толькі страціць працу і сродкі да існавання, але і права дзясяткаў з нас, беларусаў і расейцаў, на знаходжанне ў Польшчы, якое залежыць ад наяўнасці працы. Людзі, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам», у Беларусі лічацца «экстрэмістамі», а ў Расеі – «замежнымі агентамі». Шмат каму з нас няма куды вяртацца. Нам пагражаюць рэпрэсіі і турма. Гэта пагражае нават нашым семʼям, якія засталіся ў Беларусі і Расеі (на жаль, такія выпадкі ўжо вядомыя).

Hавiны
Былы кіраўнік TVP напісаў адкрыты ліст пра будучыню «Белсату»
2024.02.07 16:23

Мы турбуемся пра сваё працоўнае месца, бо лічым яго справаю свайго жыцця. Прыбыццё ў Польшчу для большасці з нас было звязанае з асабістымі драмамі. Але нам пашанцавала, што Польшча дала нам другі дом і пачуццё бяспекі, а «Белсат» – далейшую магчымасць рабіць тое, што мы ўмеем лепш за ўсё і што трэба нашым суайчыннікам: свабодныя медыі. Мы турбуемся пра медыя, важнае не толькі для Беларусі, але і для ўсяго рэгіёну, а побач ідзе вайна, і Польшча стала прыфрантавою дзяржаваю.

Зірніце на нашую статыстыку, якую мы кожны квартал даём Вашаму ведамству: паводле нашай інфармацыі, мы маем доступ да дзясяткаў мільёнаў асобаў! Звяртаючыся да іх па-расейску, па-беларуску, па-ўкраінску і па-польску. Мы працуем, кіруючыся прынцыпамі сумленнай журналістыкі, рыхтуем аб’ектыўную інфармацыю і дабіраемся туды, дзе свабоды слова не існуе.

Мы пачалі трансляцыю як беларускамоўнае спадарожнікавае тэлебачанне і за 17 гадоў выраслі да найбуйнейшага ў сваім родзе выдання, што транслюе з тэрыторыі ЕЗ і NATO амаль на ўсю постсавецкую тэрыторыю. Гэта таксама ваш – польскі – эфектыўны інструмент soft power; ваш поспех і нашая справа жыцця. Справа, за якую 17 нашых калегаў і каляжанак цяпер плацяць сваімі свабодай і здароўем, застаючыся ў лукашэнкаўскіх турмах.

Давайце забяспечым «Белсату» бяспеку і стабільнасць. Давайце не будзем псаваць таго, што працуе эфектыўна і з добрым вынікам, паспяхова канкуруючы нават з найбуйнейшымі расейскімі СМІ, асабліва ў цяперашняй вельмі складанай міжнароднай сітуацыі.

Мы просім вас дапамагчы высветліць нашае становішча і звязацца з калектывам і нашай дырэкцыяй, якая стварыла гэты праект і паспяхова вядзе яго – незалежна ад зменлівай палітычнай сітуацыі ў Польшчы. У нашай камандзе разам працуюць украінцы, расейцы, беларусы і палякі – людзі не толькі рознага паходжання, але і з рознымі поглядамі на свет. Але мы ўсе ведаем, што ёсць рэчы важныя і найважнейшыя: як мір у нашых дзяржавах, вяршэнства закону і свабода слова. Мы хочам не баяцца за будучыню «Белсату», а развіваць яго!

Каманда «Белсату»

(Ліст падпісалі 170 працаўнікоў рэдакцыі. Поўны спіс падпісантаў застаецца да ведама адрасата з меркаванняў бяспекі іх саміх і іхных сем’яў у Беларусі і Расеі)

Hавiны
«Пасля 16 гадоў цяжкай працы, атрымалі падаўжэнне свайго «жыцця» на месяц». Дырэктарка «Белсату» распавяла, што адбываецца з каналам
2024.01.26 22:28
Стужка навінаў