Былому беларускаму сілавіку Аляксандру Маціевічу забаранілі ўезд у Літву


Літва забараніла ўезд былому супрацоўніку беларускага МУС Аляксандру Маціевічу, піша «Позірк». Экс-сілавік удзельнічаў у задушэнні пратэстаў у Беларусі, але потым з’ехаў у Літву. Яго выкрыла беларуская дыяспара.

А.А. Маціевіч, маёр міліцыі, які быў датычны да задушэння пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе, а зараз жыве ў Літве.
Фота: BELPOL

«Пасля атрымання інфармацыі пра тое, што гэты чалавек прадстаўляе пагрозу дзяржаўнай бяспецы, дэпартамент міграцыі прыняў рашэнне забараніць гэтаму замежніку ўезд у краіну», – паведаміў прадстаўнік ведамства Рокас Пукінскас.

Раней, 1 лютага, стала вядома, што Літва пазбавіла Маціевіча дазволу на жыхарства.

Беларускі сілавік, які знайшоўся ў Літве, – 33-гадовы Аляксандр Маціевіч, ураджэнец горада Дзятлава Гарадзенскай вобласці. Дата нараджэння – 5 траўня 1990 года. На тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі знаходзіўся разам з жонкай, працаваў усталявальнікам вокнаў.

З 2010 года Маціевіч быў супрацоўнікам органаў МУС Беларусі. Апошняя пасада, якую займаў у званні маёра міліцыі, – старэйшы інспектар па справах непаўналетніх Лідскага РАУС. Нумар жэтона – Б-60243. У 2020 годзе актыўна ўдзельнічаў у рэпрэсіях супраць мірных грамадзянаў і праходзіў «пацярпелым» па крымінальнай справе, звязанай з пратэстамі.

Паводле матэрыялаў справы, дзяўчына ў скверы каля Лідскага фарнага касцёлу падчас спробаў не дапусціць затрымання пратэстоўцаў нібыта збіла двух афіцэраў Лідскага РАУС, у тым ліку – «наўмысна схапіла Маціевіча А. А. за форменную куртку, пацягнула на сябе, у выніку чаго сарвала накладны пагон, тым самым парушыла цялесную недатыкальнасць супрацоўніка РАУС і прычыніўшы пра гэтым Маціевічу А. А. фізічны боль і пакуты».

Інфармацыю пра Маціевіча «BELPOL» перадаў дзяржаўным органам Літвы. Пасля публікацыі звестак пра яго, экс-сілавік разам з жонкай вярнуўся ў Беларусь.

Hавiны
Старшыня Сейму Літвы: Сітуацыя з маёрам МУС не падстава пагаршаць становішча беларусаў
2024.02.05 11:15

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў