У снежні ў палітычных крымінальных справах у Беларусі засудзілі не менш за 161 чалавека


Праваабарончы цэнтр «Вясна» апублікаваў статыстыку палітычнага пераследу ў Беларусі ў снежні 2023 года.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Daniel Abbatt / pexels.com

Са справаздачы вынікае, што ў снежні як мінімум 161 чалавек быў засуджаны ў пратэставых крымінальных артыкулах. У лістападзе такіх прысудаў было менш – 101.

Пераважная большасць прысудаў, 105, была вынесеная ў Менску. У Гомельскай вобласці – 16, Менскай – 13, Гарадзенскай – 10, Берасцейскай – 9, Магілёўскай – 5, Віцебскай – 3.

Не менш за сем сем’яў ці групаў сваякоў трапілі пад рэпрэсіі ў парадку судовага разбору ў крымінальнай справе.

Hавiны
Пасля 15 содняў арышту з Беларусі з’ехала маці памочніцы Ціханоўскай
2024.01.08 16:57

У снежні адбыўся ўсплёск судовага разгляду справаў за падтрыманне добраахвотнікаў – асудзілі, прынамсі, 7 чалавек.

Праваабаронцы «Вясны» ў снежні фіксавалі самыя разнастайныя віды абмежавання галоснасці пратэставых крымінальных справаў. Так, напрыклад, раздзел «Электроннае судаводства. Расклад судовых пасяджэнняў» на афіцыйным сайце Вярхоўнага Суда не змяшчаў інфармацыі аб разглядзе судом Савецкага раёну Менску справы ў дачыненні Сяргея Назаранкі паводле арт. 342 КК РБ у парадку выязнога судовага разгляду, які праходзіў ва ўстанове адукацыі «Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт».

Падобная сітуацыя мела месца і ў дачыненні Сяргея Яраша, справу якога суд Цэнтральнага раёну Менску разглядаў у прысутнасці працоўнага калектыву ў памяшканні закрытага акцыянернага таварыства «Атлант». Адсутнічала інфармацыя пра месца разгляду крымінальнай справы ў дачыненні Максіма Кронды, якога суд Маскоўскага раёну Берасця засудзіў на 1 год пазбаўлення волі паводле артыкулу аб знявазе Лукашэнкі. Гэтая крымінальная справа разглядалася ў выязным судовым пасяджэнні ў памяшканні СІЗА-7 Берасця.

У снежні працягвалася развіццё тэндэнцыі, калі супраць раней асуджаных паводле палітычных матываў ужывалі крымінальны пераслед яшчэ адзін або некалькі разоў. Асуджанага ў жніўні судом Маскоўскага раёну Менску паводле трох артыкулаў, якія прадугледжваюць адказнасць за знявагу Лукашэнкі, прадстаўніка ўлады і суддзі, Сяргея Мардзіловіча зноў судзілі ў снежні ў гэтым жа судзе, паводле артыкулу аб знявазе прадстаўніка ўлады.

Hавiны
Былога палітзняволенага зноў асудзілі за каментары
2023.12.27 14:44

Падобная сітуацыя мела месца ў дачыненні Іллі Немца, якога ў верасні рэпрэсаваў суд Баранавіцкага раёну паводле артыкулаў аб абразе Лукашэнкі ды прадстаўніка ўлады, а ўжо ў снежні яго зноў судзілі ў гэтым судзе паводле артыкулу, які прадугледжвае адказнасць за абразу прадстаўніка ўлады.

Уладзіміра Запольскіх, раней асуджанага паводле артыкулаў аб распальванні варожасці, абразе прадстаўніка ўлады і народным артыкуле, і вызваленага ў студзені 2023 года, затрымалі ў траўні, і ўжо ў снежні суд Цэнтральнага раёну Менску асудзіў яго да года пазбаўлення волі па артыкулах, якія прадугледжваюць адказнасць за знявагу Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады.

Hавiны
Яшчэ аднаго беларуса затрымалі пасля вяртання з Польшчы
2023.12.29 15:51

Пэўная тэндэнцыя ёсць у тым, што раней асуджаным паводле палітычныў матываў грамадзянам на этапе адбывання пакарання пачынаюць ставіць у віну больш цяжкія склады злачынстваў, якія прадугледжваюць больш жорсткія тэрміны турэмнага зняволення, чым тыя, паводле якіх яны былі асуджаныя раней.

У снежні працягнуліся затрыманні беларусаў, якія вяртаюцца з-за мяжы. Праваабаронцы настойліва просяць, асабліва палітычных эмігрантаў, больш узважана прымаць рашэнні аб паездках у Беларусь. Да таго ж, ёсць падставы меркаваць, што сістэма дзяржаўнага апарату арыентаваная, у сувязі з планаванай выбарчай кампаніяй выбараў прэзідэнта ў сярэдзіне 2025 года, на брутальнае затрыманне апанентаў рэжыму адразу пасля іх вяртання і правядзенне поўнага комплексу рэпрэсіўных мераў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў