СІЗА № 1 на Валадарскага ў Менску ўжо неўзабаве застанецца без вязняў. Што там будзе далей


Пішчалаўскі замак, у якім размяшчаецца СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску, плануюць вызваліць у другім квартале 2024 года. Гэта вынікае з афіцыйнага адказу Упраўлення культуры Менгарвыканкаму аднаму з жыхароў Віцебскай вобласці, піша Zerkalo.

Турма па вуліцы Валадарскага, Менск.
Фота: ІА / «Белсат»

«Паводле наяўнай інфармацыі, вызваленне плошчаў плануецца ў другім квартале 2024 года», – гаворыцца ў адказе за подпісам начальніка ўпраўлення культуры Віталя Брэля. Гэта значыць, да канца чэрвеня гэтага года СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага плануюць вызваліць ад зняволеных.

Цяпер Менгарвыканкамам «сумесна з зацікаўленымі арганізацыямі» прапрацоўвае пытанне далейшага выкарыстання замку. У ведамстве падкрэслілі, што ён з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, таму рэканструкцыю будуць праводзіць згодна з Кодэксам аб культуры і іншымі заканадаўчымі актамі.

зона.бел
Правілы дыктуюць «палітычныя». Распавядаем пра СІЗА № 1, дзе з 1825 года трымаюць палітвязняў
2022.09.20 10:03

СІЗА № 1 на Валадарскага ў Менску, ці Пішчалаўскі замак, у сённяшняй Беларусі – адно з найбольш славутых месцаў зняволення. Каменны астрог на месцы старога будынку стварылі ў 1825 годзе. І менавіта тут адбывалі пакаранне такія палітычныя вязні, як Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, паэты-адраджэнцы Карусь Каганец, Алесь Гарун і Якуб Колас. У ноч на 30 кастрычніка 1937 года ў склепе супрацоўнікі НКВД расстралялі 36 беларускіх дзеячаў культуры, навукі і мастацтва. З пачатку палітычнага крызісу ў краіне пасля выбараў 2020 года праз Валадарку прайшлі тысячы палітычных вязняў. З 1953-га СІЗА № 1 – адзіная ўстанова ў Беларусі, дзе прыводзілі ў выкананне смяротныя прысуды.

У снежні 2023 года стала вядома, што некаторых зняволеных з СІЗА № 1 перавядуць у новы следчы ізалятар у Калядзічах з 8 студзеня.

Размовы пра будаўніцтва новага будынку СІЗА пад Менскам і перадачы Пішчалаўскага замку ў распараджэнне Менгарвыканкаму вяліся яшчэ з канца 1990-х гадоў. 7 чэрвеня 2010 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 288, якім даручыў «ажыццявіць у 2010 – 2015 гадах узвядзенне і ўвод у эксплуатацыю ў прамысловай зоне «Калядзічы» комплексу будынкаў і збудаванняў следчага ізалятару і рэспубліканскай агульнасаматычнай больніцы» ды інфраструктуры, неабходнай для іх забеспячэння. У прыватнасці, планавалася, што больніцу пры СІЗА пабудуюць да 2013 года, а сам ізалятар – да 2015-га. Але доўгі час будаўніцтва ніяк не маглі завершыць.

Агляд
Яшчэ 52 млн на СІЗА. Пад Менскам 13-ы год будуюць замену «Валадарцы» і ніяк не дабудуюць
2022.12.11 12:38

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў