Дом гарыць, а ўлады клеяць шпалеры. Чаму спробы ўтрымаць медыкаў у Беларусі не працуюць


Улады Беларусі зноў узяліся за кадравую праблему ў медыцыне. Кажуць, што знайшлі сістэмны падыход, каб нарэшце развязаць праблему. Пакуль расце толькі колькасць вакансіяў у галіне, чаго не скажаш пра заробкі. Дый як распавядаюць самыя медыкі, праблемы кадравага дэфіцыту прапанаваным не вылекаваць, бо гэта толькі сімптом, а не самое захворванне.

Скорая медицинская помощь, 103, неотложная помощь, медпомощь, Минск, Беларусь
Прыёмнае аддзяленне лякарні хуткай медычнай дапамогі ў Менску.
Фота: Белсат

З 1 студзеня 2023 года ў Беларусі запрацуе пастанова Міністэрства аховы здароўя ад 25 лістапада 2022 года № 111, якая ў чарговы раз змяняе ўмовы аплаты працы медыкаў. У прыватнасці, яна адмяняе базавую даплату, уведзеную ў медыцыне пастановай ведамства № 53 ад 13 чэрвеня 2019 года. Але надбаўка за працу лекарам-спецыялістам абяцаюць павялічыць на 55 працэнтных пунктаў, сярэднім медработнікам і іншым работнікам аховы здароўя – на 50.

Гэтак, надбаўка за працу медработнікам аддзяленняў анестэзіялогіі і рэанімацыі, інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі складзе лекарам-спецыялістам 255% акладу (было – 200%), медработнікам з сярэдняй медычнай адукацыяй – 120% акладу (было – 70%).  Надбаўка лекарам-спецыялістам прыёмнага аддзялення будзе выплачвацца ў памеры 190% акладу (было – 135%), медработнікам з сярэдняй спецыяльнай медычнай адукацыяй – 100% (было – 50%).

Устаноўленая і надбаўка за асаблівасці прафесійнай дзейнасці рабочым бюджэтных арганізацыяў у залежнасці ад разраду работы: 1-ы разрад – 90% базавай стаўкі, 2-і  – 80%, 3-і – 75%, 4-ы – 70%, 5-ы – 65%, 6-ы разрад – 60%.

Прадугледжаная таксама надбаўка за асаблівасці прафесійнай дзейнасці медработнікам, выкладчыкам, якія з’яўляюцца кіраўнікамі стажыроўкі, – у памеры 5% базавай стаўкі за кожны дзень стажыроўкі. Таксама павялічаны памер надбаўкі выкладчыкам за лячэбна-дыягнастычную працу.

Сістэмны адказ vs. псіхалагічны клімат

Гэтыя змены і надбаўкі ў аплаце працы работнікаў медыцыны, падобна, сталі адказам на кадравыя праблемы, якія існуюць у сферы не адзін год. 5 снежня яны абмяркоўваліся на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з міністрам аховы здароўя Дзмітрыем Піневічам. У прыватнасці, апошні прызнаў, што краіны Заходняй Еўропы спрашчаюць допускі на працоўны рынак для медыкаў з Беларусі. Дарэчы, Фонд медычнай салідарнасці Беларусі на днях апублікаваў гайды для легалізацыі медыкаў за мяжой.

«Мы адказваем сістэмна. На ўзроўні дзяржаўнай падтрымкі. Я лічу, што гэта вельмі эфектыўныя доўгайграючыя меры», – заявіў міністр.

Гэтак, паводле яго, вядзецца пра мэтавы набор у медуніверсітэты, калі абітурыенты маюць ільготы пры паступленні, але пасля павінны больш часу адпрацаваць сваё навучанне. Таксама, сказаў міністр, каб замацаваць на месцы медыкаў ім прапануецца «праз пэўны перыяд часу выкупіць арэнднае жыллё на прымальных умовах», павялічыць якасць медычнага абсталявання і грашовых надбавак.

Hавiны
Каштоўнага спецыяліста РНПЦ дзіцячай анкалогіі асудзілі на тры гады «хатняй хіміі»
2022.09.09 19:27

Але, прызнаў Піневіч, на медыкаў уплывае і «псіхалагічны клімат». А псіхалагічны клімат у Беларусі такі, што медыкаў, нават буйных спецыялістаў, рэгулярна затрымліваюць, судзяць і звальняюць за іх нязгоду з дзяржаўным тэрорам у краіне. А ў прыватных медцэнтрах перыядычна праходзяць аблавы. Дый масавае ўручэнне медыкам позваў на вайсковыя зборы падчас вайны ў суседняй краіне наўрад ці псіхалагічны клімат паляпшае.

Колькі не хапае медыкаў

Да пытання дэфіцыту кадраў у медыцыне ўлады Беларусі звяртаюцца рэгулярна. Гэтак, 6 лістапада 2021 года Лукашэнка прапаноўваў прымусіць студэнтаў-медыкаў 10 гадоў пасля навучання адпрацаваць у Беларусі паводле спецыяльнасці, хоць і з магчымасцю выкупу ўласнай вольнасці – «аплаці нам кошт таго, што мы цябе вучылі, і едзь». Але такія прыгонніцкія ідэі выніку пакуль не далі. Наадварот, за 13 месяцаў недахоп медычных кадраў толькі вырас. Ажно на 30%.

Станам на 8 снежня сайт Дзяржаўнай службы занятасці выдае 6317 вакансіяў для лекараў. Таксама шукаюць 3456 медычных сёстраў, 2221 санітараў і санітарак, 1362 фельчары, 283 фармацэўты, 165 акушэрак, 46 медычных рэгістратараў.

У параўнанні з аналагічнымі звесткамі на 8 лістапада 2021 года агульная колькасць вакансіяў у медычнай сферы Беларусі вырасла на 3224 адзінкі – з 10626 вакансіяў да 13850. За 13 месяцаў у Беларусі скарацілася толькі вакансіі фармацэўтаў і медычных рэгістратараў, але агулам – гэта кропля ў моры.

Самыя вялікія заробкі прапануюць лекарам-ветэрынарам – да 3000 рублёў на пасады ў Івацэвіцкім і Кіраўскім раёнах. А вось доктар, што лечыць людзей, можа разлічваць максімум на 2800 рублёў – такі заробак прапануюць у 11-й гарадской клінічнай больніцы ў Менску. Мінімальны заробак, на які шукаюць доктара, складае менш як 82 рублі. Яго прапануюць на 0,15 стаўкі ў Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Баранавіцкага раёну.

Hавiны
Хто будзе лячыць беларусаў? У рэгіёнах – катастрофа з медыкамі
2022.08.13 18:18

Медычных сясцёр шукаюць на заробкі ад 87 да 490 рублёў на палову стаўкі ў 15-й гарадской паліклініцы ў Менску. Максімум, на які можа разлічваць медсястра, – гэта 1500 – 1800 рублёў у 30-й гарадской клінічнай паліклініцы, таксама ў Менску.

Найбольшую колькасць дактароў і медычных сясцёр (без уліку іншых спецыяльнасцяў) шукаюць у Менску – разам больш як 2800 вакансіяў.

Што з заробкамі?

Што датычыць сярэдняга заробку, то ў медыцыне ён за кастрычнік склаў 1360 рублёў бруднымі. Гэта на 276 рублёў менш, чым сярэдні заробак па краіне за гэты ж перыяд – 1636 рублёў. Заробак сярэдняга медперсаналу ў кастрычніку быў 1314 рублёў, а дактароў – 2338 рублёў.

Для параўнання у студзені 2021 года сярэдні заробак беларускіх медыкаў быў вышэйшым, чым сярэдні ў Беларусі: 1400 рублёў супраць 1290. Але чым далей, тым большым рабіўся адрыў у грошах, што зараблялі беларускія медыкі, адносна сярэдняга паказніка ў краіне.

Таксама і ў кастрычніку 2021 года сярэдні заробак у медыцыне быў вышэйшым, чым у кастрычніку 2022-га – за год ён зменшыўся на 60,5 рублёў. І гэта без уліку інфляцыі, якая ў гадавым вымярэнні ў кастрычніку склала 15,2%.

Самыя медыкі звязваюць змяншэнне сваіх заробкаў у тым ліку і з тым, што ўлетку 2021 года ім зменшылі «ковідную» надбаўку, а з 1 ліпеня 2022 года яе наагул адмянілі.

«У нас, прабачце, дом гарыць»

У каментары «Белсату» каардынатарка Фонду медычнай салідарнасці Лідзія Тарасенка адзначыла, што праблема кадраў у беларускай медыцыне існуе ўвесь час, колькі яна сама працуе ў гэтай галіне – не менш як 15 гадоў.

«Кадравы голад быў заўсёды выяўлены настолькі, што гэта стварала рэальныя праблемы ў плане пагаршэння аказання медычнай дапамогі. Зараз ён стаў значна больш адчувальным і горшым. І больш катастрафічным», – распавяла суразмоўца.

Але, на яе думку, выправіць яго тымі метадамі, што выкарыстоўвае дзейны рэжым, немагчыма:

«Яны не змянілі сваю тактыку. Яны ўжываюць усе тыя самыя захады, што ўжывалі заўжды. Толькі яшчэ больш выражана. З чаго раптам гэта мусіць неяк палепшыць сітуацыю, калі ўвесь гэты час яна толькі пагаршалася, я асабіста не разумею».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат 

Каардынатарка Фонду медычнай салідарнасці падкрэсліла, што аніякія захады кадравы голад у беларускай медыцыне не вырашаць, бо кадравы адток – гэта «ўжо не захворванне, гэта сімптом».

«У нас, прабачце, дом гарыць. Спрабаваць неяк пераставіць мэблю ці паклеіць шпалеры падчас пажару, мае такі ж сэнс, як спрабаваць утрымаць людзей, якія зараз бягуць, бо ўдома пажар. Тыя, хто яго пачаў, эфектыўна ўтрымліваюць уладу і эфектыўна перашкаджаюць тушэнню гэтага пажару», – параўнала Лідзія Тарасенка.

Паводле яе, каб развязаць кадравае пытанне, спачатку трэба развязаць іншыя.

Адносна зменаў у налічэнні надбавак з 2023 года каардынатарка Фонду медычнай салідарнасці заявіла, што ўсе надбаўкі ў гэтай галіне налічваюцца вельмі складана і вельмі дзіўна. Пакуль жа, распавяла яна, пасля скасавання ковідных надбавак заробкі беларускіх медыкаў толькі падалі.

Што датычыць колькасці беларускіх медыкаў, якія з’ехалі за мяжу, то, паводле суразмоўцы, тут можна толькі гадаць. Але ў адной толькі Польшчы гаворка ідзе пра некалькі тысяч асобаў, падкрэсліла Лідзія Тарасенка.

Гісторыі
«Лекар – чалавек, якому больш за ўсіх трэба». Як медыцына прывяла жыхарку Менску ў навуку, потым у ЗСУ. Цяпер яна шукае працу ў Польшчы
2022.10.21 18:08

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў