Лукашэнка павялічвае міграцыйны прэсінг. Захад можа яго затрымаць? Інтэрв’ю з аналітыкам Марэкам Будзішам


У расейскім разуменні мы ўжо на вайне. Расейская інтэрвенцыя ў Беларусі магчымая пад прыкрыццём міграцыйнага крызісу. Чаму Лукашэнка будзе толькі павялічваць прэсінг на мяжы? Ці Еўразвяз ударыць у адказ ці паддасца і пойдзе на перамовы з дыктатарам ды адмовіцца ад часткі санкцыяў? Інтэрв’ю з вядомым польскім палітычным аналітыкам Марэкам Будзішам, аўтарам кніг «Усё ёсць вайна. Расейская стратэгічная культура» і «Ілюзія вольнай Беларусі. Як у змаганні за дэмакратыю можна страціць айчыну».

С.П. Што, на вашую думку, адбываецца на мяжы і наколькі гэта небяспечна?

М. Б. Калі крыху спрасціць, то мы маем дачыненне са спробаю выклікаць гуманітарны крызіс яшчэ неакрэсленага маштабу. Гэта можа быць элементам тэсту, сцэнара расейскіх дзеянняў, які ў існасці мае весці да інтэрвенцыі квазівайсковага характару пад прыкрыццём гуманітарнай інтэрвенцыі. Міграцыйны гуманітарны крызіс даволі відавочны: мы ведаем, у якіх умовах тыя людзі, якія спрабуюць перакрочыць зялёную мяжу. Гэта можа прывесці Расею да праверкі, ці ёсць магчымасць пашырыць гэты канфлікт да фактычна квазізбройнай інтэрвенцыі. Але пад прыкрыццём: як у Крыме з’явіліся зялёныя чалавечкі, так на памежжы могуць з’явіцца сілы пад выглядам гуманітарнай місіі. Напрыклад, пад сцягам ААН.

Вы адназначна гаворыце пра расейскі сцэнар. У той жа час большасць экспертаў кажа, што гэта Лукашэнка выклікаў міграцыйны крызіс. Чаму вы гаворыце пра Расею? У чым роля Пуціна і Крамля ў гэтай сітуацыі?

Мы тут мусім падзяліць дзве справы. Па-першае, беспасярэдні выканаўца. Тут няма сумневаў, што Лукашэнка, які кіруецца партыкулярнымі інтарэсамі, можна пералічыць ягоныя мэты, арганізаваў гэты крызіс паводле аналогіі з вядомай аперацыяй «Шлюз». Яе праводзілі ў 2011–2012 гадах. Што датычыць выканальніка, гэта ясная справа. Аднак досвед таго, што адбываецца, выкарыстоўвае таксама Расея. Гаворка аб праверцы сістэмы імунітэту польскай дзяржавы. Правяраюць, як рэагуе міжнародная супольнасць – у асноўным Еўразвяз – на памежны крызіс. Таксама правяраюць рэакцыю польскай грамадскай думкі. Гэта важная інфармацыя, не таму, што Расея хацела б праз тыдзень ці два пачаць вайсковую аперацыю. Пра гэта рана казаць. Але гэта рэсурс аператыўных ведаў: яго збіраюць, каб ведаць, як дзеяць, калі пастановяць дзеяць. Гэта навука для расейскіх узброеных сілаў і спецслужбаў пра слабыя месцы ключавой дзяржавы ўсходняга флангу NATO, якой ёсць Польшча.

Як можна дзейнічаць? Плот, які будуюць Польшча, Літва ды Латвія, і павелічэнне прысутнасці ўзброеных сілаў акрамя сілаў Памежнай аховы на памежжы вырашаць праблему? Якія ёсць яшчэ спосабы?

Мне здаецца, што плот не развяжа праблемы. Гэта хуткая, даволі дарагая формула рэакцыі на сітуацыю. Але ў перспектыве толькі такімі метадамі немагчыма затрымаць такой хвалі. Тут патрэбная супольная пазіцыя дзяржаваў Еўразвязу – па-першае, у дачыненні рэжыму Лукашэнкі, а пазіцыя цяпер не супольная. Гэта пацвярджае ўсё больш сігналаў у асноўным з заходняй часткі Еўропы. Такія дзяржавы, як Ірландыя ці Бельгія, зацікаўленыя ў змяншэнні санкцыйнага ціску на Беларусь. Мы бачым ініцыятыву канцлера Аўстрыі Шаленбэрга, які арганізоўвае нейкую аб’яднаўчую канферэнцыю 22 лістапада, у якой маюць браць удзел прадстаўнікі беларускай апазіцыі. Таксама гаворыцца аб прадстаўніках Лукашэнкі і Крамля. Гэта сведчыць пра тое, што частка заходніх дзяржаваў пачынае шукаць палітычныя рашэнні. Лукашэнка не саступае, не мяняе сваіх чаканняў, і гэта сведчыць пра тое, што ягоны прэсінг аказаўся эфектыўным. Прынамсі схіляе заходнія дзяржавы да пачатку размоваў. Гэта ўсё небяспечныя сігналы, якія паказваюць, што адзінства Захаду не моцнае, ёсць шчыліны, і можна выкарыстоўваць розніцы пазіцыяў. Я не аптыміст адносна развіцця сітуацыі.

ВІДЭА
Рэжым будзе размаўляць пра будучыню Беларусі ў Аўстрыі?
2021.11.05 16:01

Дазвольце да перамоваў, пра якія вы згадалі, вярнуцца крыху пазней. Цяпер я хацеў бы вярнуцца да сітуацыі на мяжы. Відавочна, што сітуацыя абвастраецца. Мігранты атакуюць палкамі, кідаюць камяні. Некалькі дзён таму адбыўся дзіўны інцыдэнт. Некалькі ўзброеных асобаў зайшлі на польскую тэрыторыю на адлегласць 200 метраў.

Дзе праходзіць мяжа канфлікту, мяжа вайны? Некаторыя каментатары ў Польшчы ўжо кажуць, што Польшча дэ-факта цяпер у стане вайны з Беларуссю, а прынамсі трэба пра гэта казаць. З іншага боку, кажуць, што не трэба эксплуатаваць слова «вайна», бо калі яна прыйдзе, мы не будзем да яе падрыхтаваныя. Як, на вашую думку, можна характарызаваць працяглае, павольнае абвастрэнне сітуацыі на мяжы?

Мы маем дачыненне з памылкай. У заходняй культуры ёсць даволі выразная мяжа паміж станам вайны і мірам. Пераход ад міру да вайны ёсць фундаментальнаю падзеяй, і гэтая мяжа вельмі выразна праведзеная. У расейскай жа стратэгічнай думцы гэтая мяжа вельмі зацёртая. Гаворка пра эскалацыйную лесвіцу: ад прэсінгу палітычнага, медыйнага, прапагандысцкага паволі даходзім да кінетычнага канфлікту, калі вайскоўцы пачынаюць страляць адно ў аднаго. Тут няма такой мяжы, пераход плаўны.

У расейскім разуменні мы ўжо ў фазе вайны, толькі яшчэ ніжэй за парог кінетычнага канфлікту, то бок ніжэй за маштабнае выкарыстанне ўзброеных сілаў. Навошта гэта робіцца? Такога тыпу эскалацыі прэсінгу арганізоўваюцца, каб дасягнуць палітычных мэтаў. Гэта не мастацтва дзеля мастацтва. Такім чынам хочуць прымусіць да палітычных саступак дзяржаву, якая ёсць мэтай атакі. Чым хутчэй дасягнуць мэты – на нізкім узроўні эскалацыі, без выкарыстання вайсковай сілы, – тым лепей з гледзішча дзяржавы, якая выкарыстоўвае гэты інструмент. Лукашэнка пачаў ужываць інструмент міграцыйнага прэсінгу, каб, па-першае, і ён пра гэта казаў, атрымаць легітымацыю сваёй улады з боку дзяржаваў Захаду, па-другое, каб скасавалі санкцыі. Ён будзе гэты прэсінг павялічваць, пакуль не дасягне мэтаў, якія перад сабою паставіў, ці нешта блізкае да гэтых мэтаў. Гэта інструмент атрымання палітычнага эфекту. Яго можна затрымаць двума спосабамі. Па-першае, пагадзіцца на патрабаванні агрэсара, па-другое, захапіць кантроль над тым, што называецца эскалацыйнаю лесвіцаю. Гэта значыць, трэба ўдарыць праціўніка ў тое месца, што павялічыць кошты, стасунак выдаткаў і эфектаў. Ён павінен зразумець, што яму нявыгадна ісці тым шляхам, якім ён ішоў дасюль. Пакуль ініцыятыва будзе на баку павелічэння эскалацыйнага прэсінгу ў руках Лукашэнкі, дзяржавы, якія сталі аб’ектамі прэсінгу, не будуць паспяваць. Будуць ахвярамі, якія рэагуюць на гэтыя дзеянні постфактум. Я не адчуваю, што гэты працэс затрымаецца.

Абноўлена
Менск ідзе на эскалацыю. Тысяча мігрантаў у суправаджэнні вайскоўцаў прыйшла на мяжу з Польшчай
2021.11.08 10:49

Тут мы маем яшчэ вельмі вялікі спектр справаў, звязаных з дачыненнямі паміж Менскам і Масквою. Там таксама няма любові. Там ідзе гульня, спробы павялічыць сферу самастойнасці. Лукашэнка таксама грае з некаторымі асяроддзямі ў расейскай уладзе, якая не аднародная. Гэта шматгранная палітычная гульня, дзе міграцыйны крызіс – адзін з інструментаў. Гэта таксама трэба разумець. Лукашэнка выклікаў гэты крызіс не толькі дзеля таго, каб стварыць праблемы Польшчы ды Еўразвязу, але каб пашырыць сферу сваёй улады і свабоду палітычнага манеўру.

Гэта адзін з элементаў цэлай сітуацыі.

Калі тэарэтычна, то ў што можна ўдарыць? І ці наагул варта біць у Лукашэнку? Можа, трэба ўдарыць у Маскву ў гэтай сітуацыі?

Па-першае, мне здаецца, што ў Еўразвязе няма настрояў, каб пагаршаць дачыненні з Масквою. Хутчэй, цалкам наадварот. Лідары дзяржаваў Заходняй Еўропы назіраюць за кантактамі ЗША і Расеі. Сёння, напрыклад, адбываецца візіт кіраўніка Цэнтральнага выведнага кіраўніцтва ЗША ў Маскву. Яны лічаць, што ім трэба пачаць з Расеяй размаўляць, каб знайсці нейкі «modus vivendi» ці нават нейкую згоду, каб стабілізаваць сітуацыю. Праблема Беларусі ўспрымаецца як элемент размовы. Гаворка нават аб ужыванні ў дачыненні Беларусі такога развязання, якое неяк пачало дзеяць у выпадку Венесуэлы. Трэба нагадаць: была ініцыятыва дыпламатыі Нарвегіі ці Даніі, калі я не памыляюся, яе падтрымала Масква, каб пачалі размовы пра нармалізацыю сітуацыі ў Венесуэле. Але размовы, якія ідуць, не прадугледжваюць сыходу прэзідэнта Мадуры. Аналагічную мадэль Заходняя Еўропа можа прапанаваць у справе Беларусі. Канферэнцыя ў Вене можа пайсці ў гэты бок, а прынамсі намеры могуць быць падобнымі. Я б не спадзяваўся большага ціску на Расею, а нават на Беларусь. Апошнім часам чуваць галасы Ірландыі ці Бельгіі, якія намагаюцца аслабіць інструменты прэсінгу ў межах чацвёртага пакету санкцыяў, які пачне дзеяць у пачатку снежня. Мы бачым адкрытыя дзеянні бельгійскай дыпламатыі ў гэтай справе. Я, хутчэй, чакаю тут жадання дамовіцца, што азначае, баюся, саступкі ў дачыненні пазіцыі Лукашэнкі.

Час канчаецца, але я абяцаў яшчэ задаць пытанне пра перамовы ў Вене, запланаваныя на канец лістапада. Хто можа размаўляць? Я магу ўявіць размову Мэркель з Пуціным на гэтую тэму, тэарэтычна – Макрона з Пуціным. Але ў цяперашняй сітуацыі, калі няма Мэркель, то хто можа размаўляць і з кім? З Лукашэнкам трэба размаўляць ці з прадстаўнікамі Пуціна, каб гэтая размова прынесла эфект?

Як Мэркель, так і Макрон нядаўна размаўлялі з Пуціным. Нельга выключыць, што Беларусь не была адною з тэмаў. Віктор’я Нулэнд, намесніца дзяржаўнага сакратара ЗША, якая была нядаўна ў Маскве, размаўляла з Дзмітрыем Козакам. Можна дапусціць, што беларускую тэму неяк закранулі, хаця мы не ведаем дэталяў. Што датычыць размоваў у Вене, на што варта звярнуць увагу. Па-першае, на ранг арганізатара. Гэта ініцыятыва прэм’ера Аўстрыі. Гэта не спатканне экспертаў у аналітычным цэнтры. Гэта афіцыйнае спатканне. Па-другое, Аўстрыя заўсёды была пасярэдніцай у дачыненнях паміж Захадам і Лукашэнкам. Гэта вынікае з палітычнай лініі Вены ды эканамічных інтарэсаў аўстрыйскіх фірмаў у Беларусі. Калі я не памыляюся, Аўстрыя – найбольшы заходні інвестар у Беларусі. З другога боку, з боку рэжыму, мы бачым далікатныя сігналы. Я маю на ўвазе размовы міністра Макея ў кулуарах пленарнай сесіі ААН з міністрамі замежных справаў Фінляндыі ды Вугоршчыны, чарговых дзяржаваў, якія займаюць лабільную пазіцыю. Адкрыта таксама кажуць пра запрашэнне прадстаўнікоў Масквы.

Мне здаецца, гэта не будуць размовы на высокім узроўні. Тут важнейшы сам факт пачатку дыялогу ў такім трыкутніку. Але ці будзе зацікаўленая Масква? Бо цяпер Масква вядзе сваю гульню ў Беларусі. Сёння адбываецца падпісанне інтэграцыйных дамоваў і супольнай вайсковай дактрыны. Масква атрымлівае ўсё, што хацела, выкарыстоўваючы розныя інструменты прэсінгу на Лукашэнку. Але агулам могуць пачацца нейкія размовы.

ВІДЭА
Як далёка можа зайсці Аляксандр Лукашэнка ў міграцыйным крызісе
2021.10.08 18:01

Тут важнае штосьці іншае. Размовы пачынаюцца 22 лістапада, перад уваходам у моц чацвёртага пакету санкцыяў. Магчыма, Еўразвяз прызнае, што пачаўся нейкі дыялог, калі там з’явяцца прадстаўнікі рэжыму. А таму няма сэнсу ўзмацняць санкцыяў. Чацвёрты пакет санкцыяў, прыняты ў чэрвені, пачне дзеяць у снежні. Перспектыва санкцыяў павінна даць час Лукашэнку змяніць палітычны курс. Гэтай змены няма. Але мы можам убачыць спробы Захаду знайсці апраўданне, каб заявіць, што такая змена ёсць. Гэта надае вагу размовам у Вене. Трэба вельмі ўважліва назіраць за тым, што будзе адбывацца. Я лічу, што фронт дзяржаваў Захаду разбураецца. Лукашэнка выйграе памежны канфлікт. Немцы вельмі сур’ёзна занепакоеныя тым, што ў іх ужо з’явіліся сем тысячаў нелегальных мігрантаў з гэтага кірунку. Яны будуць шукаць нейкую формулу, якая нагадвае развязанне такой праблемы з Турцыяй. З гледзішча Лукашэнкі, гэты варыянт прымальны. Ён пакажа гэта як свой поспех перад канстытуцыйным рэферэндумам. Мы не ведаем, ці адбудзецца ён пад канец лютага, як раней анансавалі. Гэта можа адбыцца крыху раней. Учора Лукашэнку паказалі новы праект Канстытуцыі. Палітычныя падзеі згушчаюцца. Я лічу, што Еўрапейскі Звяз рыхтуецца да сцэнара змякчэння сваёй пазіцыі ў стасунку да беларускага рэжыму, маючы перад сабою перспектыву эскалацыі міграцыйнага крызісу.

Вялікі дзякуй за ваш разгорнуты аналіз. Мне таксама здаецца, што залагоджванне крызісу можа супасці ў часе з рэферэндумам, і логіка падзеяў да гэтага вядзе.

Інтэрв’ю выйшла 04.11.2021 у праграме «ПраСвет»

Стужка навінаў