ЗША вышлюць ударную групоўку караблёў і самалёты бліжэй да Ізраілю


Пентагон анансаваў перасоўванне авіяносца, ракетнага крэйсера і іншых вайсковых караблёў, а таксама вайсковай авіяцыі бліжэй да Ізраілю – на ўсход Міжземнага мора. Такім чынам ЗША хочуць стрымаць магчымыя наступныя атакі на Ізраіль.

Авіяносец «USS Gerald R. Ford»
Авіяносец «USS Gerald R. Ford» у Атлантычным акіяне. 29 кастрычніка 2019 года.
Фота: Connor Loessin / U.S. Navy photo / Flickr, CC BY 2.0 DEED

Як расказаў 8 кастрычніка міністр абароны Злучаных Штатаў Лойд Остын, у якасці дэманстрацыі сілы пасля атакі тэрарыстаў ХАМАС на Ізраіль на ўсход Міжземнага мора збіраюцца выслаць ударную групоўку «USS Gerald R. Ford» з аднайменным авіяносцам, а таксама ракетным крэйсерам «USS Normandy» і чатырма эсмінцамі. Таксама Штаты зрабілі захады ў павелічэнні прысутнасці ў рэгіёне самалётаў-знішчальнікаў F-35, F-15, F-16 і A-10.

«ЗША маюць гатовыя сілы па ўсім свеце для далейшага ўмацавання гэтай пазіцыі стрымлівання, калі спатрэбіцца, – дадаў Остын. – Акрамя таго, урад Злучаных Штатаў будзе хутка забяспечваць Армію абароны Ізраілю дадатковым абсталяваннем і рэсурсамі, у тым ліку боепрыпасамі. Першая дапамога ў сферы бяспекі пачне рух сёння і прыбудзе ў бліжэйшыя дні».

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн абяцаў Ізраілю не толькі вайсковую дапамогу, але падтрымку «ўсімі адпаведнымі сродкамі». У тэлефоннай размове з прэм’ер-міністрам Ізраілю Бэньямінам Нэтаньягу Байдэн казаў, што дадатковую падтрымку Сілам абароны Ізраілю ўжо выправілі, больш выправяць у бліжэйшыя дні. У чым заключаецца тая падтрымка, не раскрывалі.

Каго менавіта збіраюцца стрымліваць Штаты, міністр не казаў. Аднак у падтрымку атакі ХАМАС выказваліся кіраўнікі Ірану, да нападу «Хамасу» далучыліся таксама тэрарысты ліванскай групоўкі «Хізбула». Разам з Іранам вінавацілі ў нападзе сам Ізраіль іншыя краіны, як то Катар і Саудаўская Аравія.

Hавiны
Іран падтрымаў ХАМАС у нападзе на Ізраіль. Толькі на словах ці таксама на справе?
2023.10.08 22:34

Ранкам 7 кастрычніка тэрарысты ХАМАС пачалі ракетныя абстрэлы Ізраілю і наземнае ўварванне ў бліжэйшыя да Газы гарады, пазней іх падтрымалі тэрарысты ліванскай групоўкі «Хізбула». Ізраіль афіцыйна перайшоў у стан вайны. Паводле афіцыйных звестак, забітыя звыш 700 ізраільцянаў, яшчэ звыш 2100 параненыя і звыш 100 выкрадзеныя. Але звесткі не канчатковыя: вайскоўцы працягваюць зачыстку паселішчаў, куды ўварваліся баевікі, і знаходзяць усё новых забітых мірных жыхароў. Так, спачатку неафіцыйна паведамлялася аб выяўленні целаў 200 забітых на музычным фестывалі блізу Газы, пазней валанцёры-ратавальнікі расказалі, што знойдзена ўжо 260 забітых.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў