У Магілёве забаранілі ездзіць у грамадскім транспарце без ахоўных масак


Абавязковы масачны рэжым у аўтобусах і маршрутных таксоўках уступіць у моц 9 кастрычніка.

Пасажыраў абавяжуць насіць маскі дзеля супрацьдзеяння распаўсюду COVID-19 на тэрыторыі Магілёва. Масачны рэжым будзе ахопліваць перавозкі ў аўтобусах, тралейбусах і маршрутных таксоўках, піша партал mogilevnews.by са спасылкаю на аддзел энергетыкі і транспарту ўпраўлення эканомікі Магілёўскага гарвыканкаму.

У пачатку кастрычніка насіць ахоўныя маскі забавязалі пасажыраў у Берасці. Там кіроўцам далі права ў міжпікавы час спыняць транспартавы сродак, пакуль усе пасажыры не надзенуць масак. Берасцейскія кантралёры падчас правярання аплаты праезду могуць папрасіць пасажыра без маскі пакінуць салон.

Таксама ў пачатку кастрычніка намеснік міністра аховы здароўя, галоўны санітарны доктар Беларусі Аляксандр Тарасенка заяўляў, што Міністэрства аховы здароўя разам з Міністэрствам транспарту распрацоўваюць захады адміністратыўных пакаранняў для грамадзянаў, якія не выконваюць патрабаванняў эпідэміёлагаў у грамадскім транспарце. Тарасенка ўпэўнены, што грамадскі транспарт – адно з самых небяспечных месцаў для заражэння каронавіруснай інфекцыяй.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў