ЗСУ працягваюць наступ у Херсонскай вобласці


Нягледзячы на магутны ўдар Збройных сілаў Украіны ў ваколіцах Балаклэі на Харкаўшчыне, украінская армія не спыняе наступальнай аперацыі і ў Херсонскай вобласці.

Аб працягу наступу ЗСУ на Херсоншчыне паведамляе ў чарговым аглядзе Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі:

«У Херсонскай вобласці ўкраінскія брыгады працягваюць ажыццяўляць наступальныя аперацыі. Украіна, імаверна, знішчыла вайсковы пантонны мост у Дар’еўцы, які расейскія сілы разгарнулі пасля таго, як суседні аўтамабільны мост быў сурʼёзна пашкоджаны».

Паводле звестак брытанскай выведкі, пераправа ў Дарʼеўцы – адзін з галоўных шляхоў паміж паўночным і паўднёвым сектарамі расейскай ваеннай прысутнасці ўздоўж Дняпра. Сістэматычныя ўдары ЗСУ па пераправах ціснуць на расейскую групоўку – гэта запавольвае разгортванне аперацыйных рэзерваў расйцаў і папаўненне запасаў.

Учора ў сеціве з’явілася відэа, як расейскія вайскоўцы трапілі пад моцны абстрэл падчас пераправы праз Дняпро.

Аб працягу ўкраінскага наступу паведамляюць і расейскія крыніцы. Былы лідар узброеных фармаванняў «ДНР» Ігар Стралкоў (Гіркін) сцвярджае, што ў ваколіцах плацдарму на рацэ Інгулэц украінцы працягваюць паступова адціскаць расейскія падраздзяленні. Спробы выбіць украінскіх вайскоўцаў з плацдарму былі няўдалыя.

«Настолькі глыбокае прасоўванне праціўніка пагражае прарывам фронту ў далейшым на Чкалава (ужо практычна на перадавой) і далей на Бэрыслаў з рассячэннем нашай групоўкі ў гэтым раёне», – паведаміў ён.

Аналітыка
Адчувальны прагрэс, але яшчэ не перамога. Што трэба ведаць пра контрнаступленне ЗСУ
2022.09.06 08:30

Раней былы кіраўнік вайсковай місіі Францыі пры ААН генерал Дамінік Трынкан выказаў меркаванне ў інтэрв’ю «France 24», што контрнаступ Украіны на поўдні разгортваецца паспяхова, і калі не адбудзецца нечаканых паваротаў, украінскія сілы ўжо да кастрычніка могуць дэакупаваць Херсон.

CNN са спасылкай на афіцыйных асобаў ЗША паведамляе, што Украіна мае намер дэакупаваць Херсон да канца 2022 года.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў