Што звязвае Віктара Лукашэнку з банкаўскай групай «Rothschild»? Расказваем пра палёт старэйшага сына Лукашэнкі ў Італію


Альянс беларускіх журналістаў-расследавальнікаў вывучыў звесткі пра палёты Ліліі і Віктара Лукашэнак з 2003 да 2020 год і высветлілі, куды ляталі адпачываць самыя блізкія сваякі беларускага дыктатара і з кім. А таксама звярнулі ўвагу на кадравыя прызначэнні, якія адбываліся пасля супольнага адпачынку ў коле Ліліі і Віктара.

Падрабязна пра адпачынак Ліліі і Віктара Лукашэнак можна прачытаць тут.

Агулам дзякуючы кіберпартызанам журналісты атрымалі доступ да інфармацыі пра больш як сотню палётаў сям’і старэйшага сына Аляксандра Лукашэнкі. Адзін з рэйсаў заслугоўваў асобнай увагі. Мы спынімся на ім і яго пасажырах – гэта пералёт у Італію ў траўні 2016 года.

21 траўня 2016 года Аляксандр Лукашэнка ляціць з візітам у Італію, а таксама Ватыкан, дзе адбылася сустрэча з Папам Рымскім. На борце самалёта ёсць малодшы сын Мікалай. Пасля абвастрэння адносінаў з Захадам рэжым спрабаваў чарговы раз выйсці з міжнароднай ізаляцыі. Задзеялі ўсе магчымыя рэсурсы. Гэтым разам акрамя лабістаў ад італьянскага бізнесу, Мальтыйскага ордэну паспрабавалі падключыць Ватыкан, які павінен быў растлумачыць свету, што рэжым у Менску не такі ўжо крыважэрны, з ім трэба размаўляць.

Рэйс 21 траўня 2016 года. Інфармацы прапанаваная рэдакцыі

Гэтая частка візіту асвятлялася ў розных сродках масавай інфармацыі як прарыў вонкавапалітычнай блакады. Але за кадрам засталося шмат цікавага.

Паралельна з урадавым самалётам у Італію маршрутам Менск – Фларэнцыя – Грасэта – Менск накіраваліся Лілія і Віктар Лукашэнка.

21 траўня 2016 года на прыватным джэце, які належаў расейскаму аўтахолдынгу «Авангард Авія / Avangard Aviation» (у структуру кампаніі ўваходзіць нямецкі аператар авіяперавозаў «Baden Aircraft Operations GMBH», Бадэн-Бадэн, Нямеччына), яны ляцяць у Фларэнцыю. А праз два дні, 23 траўня 2016 года, з Грасэта ў Менск. Як высветлілі падчас расследаванняў, практыка адначасовых пералётаў, калі ўслед за ўрадавым бортам ляціць прыватны джэт з часткай сям’і і сябрамі, – норма для Лукашэнкі.

Рэйс 23 траўня 2016 года. Інфармацы прапанаваная рэдакцыі

Такім чынам, на борце самалёта акрамя Ліліі і Віктара Лукашэнак – расейскія алігархі Канстанцін і Святлана Нікалаевы, Алена Артамонава, Вольга Літвінава, Раман Трацэнка, Ганна і Ігар Суранавічы, Сяргей Зелянкевіч, ахоўнік службы бяспекі Валерый Дзенісюк. На зваротным шляху да кампаніі далучаецца яшчэ адзін цікавы пасажыр – Джаванні Сальвэцці (Giovanni Salvetti), кіроўны дырэктар міжнароднай банкаўскай групы «Rothschild» у краінах СНД.

У папярэдніх матэрыялах мы дэманстравалі, што выпадковых людзей у такія палёты не бяруць.

Канстанцін і Святлана Нікалаевы

Канстанцін Нікалаеў.
Фота: Валерый Лявіцін / РИА Новости

Канстанцін Нікалаеў – расейскі доларавы мільярдэр. Паводле характарыстыкі «The Washington Post», Нікалаеў – «вядомы расейскі бізнесовец, які мае глыбокія сувязі з адміністрацыяй прэзідэнта Расеі».

У Беларусі Канстанцін Нікалаеў лічыцца адным з суўладальнікаў кампаніі «BeCloud» (ТАА «Беларускія воблачныя тэхалогіі»). Адзін з асноўных актываў Нікалаева – транспартавая кампанія «Globaltrans Investment PLC», зарэгістраваная на Кіпры. Юрыдычны адрас кампаніі супадае з юрыдычным адрасам «Sabsicca Holdings LTD», якой і належыць 49 % «BeCloud». А адрасы маскоўскіх прадстаўніцтваў «BeCloud» і «Sabsicca Holdings LTD», у сваю чаргу, супадаюць з адрасам офісу групы кампаніяў «Н-Транс» Канстанціна Нікалаева.

Hавiны
Хто насамрэч стаіць за кампаніяй «beCloud», якую прызначылі новым адміністратарам байнэту?
2021.09.28 13:47

«BeCloud» уяўляе сабой сэрвіс воблачных тэхналогіяў, у першую чаргу, для дзяржаўных арганізацыяў. З беларускага боку заснавальнікам кампаніі выступае РУП «Нацыянальны цэнтр абмену трафікам» – 51 % статутнага фонду. З расейскага боку, як было сказана вышэй, – бізнесовец Канстанцін Нікалаеў.

«BeCloud» канкуруе з «Белтэлекамам» у шэрагу камунікацыйных паслуг, а 01.01.2022 года «Беларускія воблачныя тэхналогіі» («BeCloud») зрабіліся новым тэхнічным адміністратарам нацыянальнай даменнай зоны BY замест кампаніі hoster.by («Надзейныя прагармы», якая належала Юрыю Зісеру).

Бізнес-мадэль шыкоўная. Невялікія ўласныя інвестыцыі ў статутны капітал кампаніі ў абмен на статус манапаліста ў сферы паслуг воблачных тэхналогіяў. Дзяржаўныя органы і прадпрыемствы не маюць права адмаўляцца ад паслуг СТАА «Беларускія воблачныя тэхналогіі» і абавязаныя размяшчаць свае лічбавыя платформы на базе прыватнай кампаніі, канчатковыя бенефіцыяры якой губляюцца ў некалькіх афшорных юрысдыкцыях. Паводле нашых звестак, канцэпцыя была прапанаваная Уладзімірам Пефціевым, якога потым адсунулі ад гэтай бяспройгрышнай латарэі. Тут выдатна ўсё: ад таго, што бюджэтныя грошы сыходзяць у афшор, і да таго, што доступ да ўсёй інфармацыі дзяржаўных арганізацыяў ёсць у расейскага алігарха.

Ужо праз некалькі месяцаў пасля апісанага палёту, у 2017 годзе, біяграфія Нікалаева папоўнілася ўдзелам у італьянскім вінаградарстве і вінаробстве. Ён набыў 7 гектараў вінаграднікаў у Больгеры (Bolgheri) з выдатнымі гатункамі, прызначанымі для вытворчасці тасканскі вінаў, знакамітых ва ўсім свеце.

Святлана Нікалаева – расейская зброевая баранэса, прэзідэнтка ТАА «Промтехнология». Праз год пасля супольнага палёту з Віктарам Лукашэнкам у Італію, у 2017 годзе, ейная фірма «Промтехнология» ў Менску ўдзельнічала ў выставе ўзбраенняў «Milex 2017». Для яе вылучылі асобны стэнд.

Паводле звестак журналіста-расследавальнікаў, сілавыя ведамствы Беларусі зброю закуплялі ў Нікалаевай. У тым ліку партыю зброі закупілі для «ГардСэрвіса» – прыватнай ахоўнай кампаніі, якую звязваюць з Віктарам Шэйманам.

Святлана Нікалаева.
Фота: thebell.io

«Промтехнология» – даўні партнёр ЗАТ «Белтэхэкспарт» у галіне паставак стралковага ўзбраення пад брэндам ORSIS. Гэта дадаткова пацвярджае, што за праектам СТАА «Беларускія воблачныя тэхналогіі» на пачатковым этапе стаяў Уладзімір Пефціеў, які кантраляваў ЗАТ «Белтэхэкспарт».

Характэрна, што афіцыйная асоба «Промтехнологии» з 2013 года – Стывэн Сігал. Так што ягоная любоў да паядання морквы ў загараднай рэзідэнцыі Лукашэнкі і падтрыманне вайны супраць Украіны не мусіць нікога здзіўляць. Гэта шчодра аплочаны кантракт.

Ёсць яшчэ адзін факт, звязаны з сям’ёй Нікалаевых. Гэта шпіёнскі скандал з Марыяй Бутавай, якая, як пісала выданне «Washington Post», займалася незаконным лабіяваннем інтарэсаў РФ. Спонсарам ейнай дзейнасці быў нейкі Канстанцін Нікалаеў, бізнесовец са спісу «Forbes», у партнёрах у якога былі такія сябры Пуціна, як Аркадзь Ротэнберг, Аляксей Мардашоў і Генадзь Цімчанка.

Ігар Сурановіч

Даведка
Ігар Сурановіч. Фота прапанаванае рэдакцыі

Нарадзіўся і вырас у Менску, там жа ажаніўся, у яго ёсць сын. Сям’я Сурановічаў была грамадзянамі Беларусі, але атрымала грамадзянства РФ. Гулец хакейнай каманды Лукашэнкі.

У бізнэсе з сярэдзіны двухтысячных. Сярод іншага займаўся арэндай медычнай тэхнікі. У 2018 годзе ўвайшоў у склад назіральнага савету «Альфа-Банку». Паспяховы прадпрымальнік, топ-менеджар і інвестар, які вядзе справы ў Беларусі, Расеі і краінах ЕЗ. Найбольш вядомы ягоны бізнес у Беларусі, паводле дзіўнага супадзення, – усё тыя ж СТАА «Беларускія воблачныя тэхналогіі», якія спецыялісты тэлекамунікацыйнай галіны ведаюць пад брэндам «BeCloud».

Раман Трацэнка

Адзін з найбагацейшых бізнесоўцаў Расеі. Паводле версіі «Forbes», 10 гадоў таму ягонае багацце ацэньвалася на 950 млн долараў. Ён дарадца прэзідэнта кампаніі «Роснефть» Ігара Сечына. Кіраўнік карпарацыі AEON – расейскай інвестыцыйнай групы, якая, у тым ліку, займаецца кіраваннем аэрапортамі. Яшчэ ў 2013 годзе былі навіны пра тое, што «AEON Corporation» можа стаць партнёрам ураду Беларусі ў развіцці нацыянальнага аэрапорту «Менск». Трацэнка сустракаўся з Міхаілам Мясніковічам, калі той быў прэм’ер-міністрам. Сума праекту, якую называлі бакі, – 100 млн долараў.

Раман Трацэнка.
Фота: Пётр Кавалёў / ТАСС / Форум

Джавані Сальвеці

Кіроўны дырэктар «Rothschild Global Advisory» у краінах СНД, працуе ў фірме больш за 20 гадоў. Якраз у 2016 годзе ён запэўніваў, што ў Беларусі маюцца бездакорныя для інвеставання кампаніі, а патэнцыял краіны велізарны. Пры гэтым ён прапаноўваў «паказальна» прыватызаваць прыкметную дзяржкампанію, каб прыватныя інвестары ўбачылі пазітыўны сігнал. Магчыма, падобныя заявы былі зробленыя пад уплывам менавіта гэтага супоьнага палёту. Мы ж бачым, што найлепшы спосаб вырашыць сваё бізнес-пытанне – стаць кліентам хакейнай распранальні або трапіць на прыватны джэт з адзінай сям’ёй, якая па-сапраўднаму «вырашае» ў Беларусі, распараджаючыся краінай як сваёй уласнасцю.

Джаванні Сальвэцці.
Фота: MAXIM SHEMETOV / Reuters / Forum

Акрамя гэтага пералёту, за перыяд з 2015 да 2016 года Джаванні Сальвэцці мінаў мяжу Беларусі яшчэ 20 разоў. Пераважна гэта былі транзітныя рэйсы праз Беларусь. Ён і курсіраваў паміж Расеяй, Украінай і Італіяй.

Звесткі прапанаваныя рэдакцыі

Вялікія грошы, якія паводле непразрыстых схемаў трапляюць з Расеі ў Беларусь, каб выпампаваць з краіны яшчэ больш, у стане прыцягнуць заходніх бізнесоўцаў і закрыць ім вочы на рэальную сітуацыю ў краіне. У далейшым такі бізнэс выкарыстоўваецца для лабіявання рэжыму пасля чарговага непазбежнага крызісу ў адносінах з Захадам.

Вось і бізнес Ротшыльдаў таксама быў не супраць пагуляць з дыктатарамі з Беларусі і Расеі. Спробы ўключэння двух рэжымаў заканчваюцца плямамі на рэпутацыі і ў канчатковым выніку вайной.

***

Візіт Аляксандра Лукашэнка 20–21 траўня 2016 года ў Ватыкан стаў для яго першым пасля зняцця санкцыяў, уведзеных у 2011 годзе. Пасля Ватыкану быў яшчэ і афіцыйны візіт у Аўстрыю. Імаверна, да 2020 года ўлады Беларусі ўсур’ёз разлічвалі наладзіць стасункі з еўрапейскімі палітыкамі і бізнесам.

Шматслойная ценевая дэлегацыя Віктара Лукашэнкі ставіла перад сабой мэту – максімальна ўцягнуць прадстаўнікоў еўрапейскай бізнес-супольнасці ў мутныя схемы рэжыму, а затым выкарыстоўваць іх у якасці лабістаў. Акрамя таго, проста падчас гэтай паездкі дзяліўся пірог на сотні мільёнаў долараў у выглядзе яго тлустага кавалка – «BeCloud».

Альянс журналістаў-расследавальнікаў пры падтрыманні кіберпартызанаў

Стужка навінаў