Медыкі занепакоеныя здароўем брытанскай каралевы. Да яе з’язджаецца сям’я


Бакінгэмскі палац 8 верасня апублікаваў заяву, у якой паведамляецца пра пагаршэнне стану брытанскай каралевы Элізабэт ІІ, якой сёлета споўнілася 96 гадоў.

Каралева Элізабэт ІІ.
Фота: Backgrid UK / Forum

«Пасля далейшага абследавання сёння раніцай лекары каралевы занепакоеныя здароўем яе міласці і рэкамендавалі ёй заставацца пад медычным наглядам. Каралева застаецца ў спакоі ў Балморале», – гаворыцца ў заяве.

Паведамляецца, што да каралевы ўжо скіраваліся ейныя спадчыннікі – прынцы Чарлз і Ўіяльям. Таксама ў замак Балморал прыбылі малодшыя дзеці каралевы – герцаг Ёркскі Эндру, граф Ўэсэкскі Эдўард, прынцэса Эн і астатнія чальцы каралеўскай сям’і, уключаючы прынца Гэры і Мэган Маркл.

«Уся краіна глыбока занепакоеная навінамі з Бакінгэмскага палацу. Мае думкі – і думкі людзей па ўсім Злучаным Каралеўстве – цяпер з яе каралеўскай міласцю і ейнай сямʼёй», – напісала ў Twitter новая прэмʼер-міністарка Вялікай Брытаніі Ліз Трас, якая сустракалася з каралевай 6 верасня.

Каралева Элізабэт ІІ кіруе Вялікай Брытаніяй з 1952 года.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў