Куток з экспазіцыяй пра палітвязняў, размовы з экспертамі пра Беларусь – як праходзіць Форум у Карпачы


Трэці дзень Эканамічнага форуму ў польскім горадзе Карпач – 9 верасня – будзе прысвечаны беларускаму пытанню. Напярэдадні таксама адбываюцца сустрэчы, размовы з экспертамі, эканамістамі, палітыкамі. Як праходзіць Форум – «Белсату» распавялі Святлана Ціханоўская, ейны дарадца Франак Вячорка і мэр Львову Андрэй Садавы.

«Мы на парадку дня – гэта самае галоўнае»

Святлана Ціханоўская на Эканамічным форуме ў Карпачы.
Фота: скрыншот з відэа «Белсату»

Святлана Ціханоўская, якая брала ўдзел у Форуме ў 2020 годзе, зазначае, што за год у Беларусі адбылося вельмі шмат зменаў.

– Шмат чаго змянілася ўнутры краіны, таму цяпер новы кантэкст. Летась я была адзіным прадстаўніком дэмакратычнай Беларусі тут, сёлета сюды прыехалі эксперты, эканамісты, прадстаўнікі Каардынацыйнай Рады, НАУ, якія могуць яшчэ больш казаць пра падзеі ў нашай краіне, – кажа беларуская лідарка. – Мы кажам, што барацьба працягваецца, ніхто не склаў рук. Цікавасць да Беларусі такая ж, як летась, калі не большая. У нас тут даволі шмат панеляў, у якіх удзельнічаюць прадстаўнікі дэмакратычных сілаў. Мы на парадку дня, і гэта самае галоўнае.

Hавiны
Ціханоўская абмеркавала інвестыцыі ў Беларусь у пераходны перыяд
2021.09.07 22:57

Франак Вячорка распавёў, што 9 верасня на Форуме будуць чатыры панелі, прысвечаныя санкцыям, эканамічным рэформам, цяперашнім падзеям у Беларусі, а таксама беларускім дэмакратычным структурам. Ладзіць усё гэта офіс Святланы Ціханоўскай з міжнароднымі экспертамі ў справе эканомікі.

На Форуме арганізаваны беларускі куток, дзе ёсць экспазіцыя пра беларускіх палітвязняў, месца для сустрэчаў беларускіх лідараў дэмакратычных сілаў.

Праводзіцца шэраг нефармальных сустрэчаў з аналітыкамі, эканамістамі, палітычнымі дзеячамі з розных краінаў.

– Для нас гэта добрая магчымасць паразмаўляць пра планы на восень, – кажа Вячорка.

На пытанне нашага журналіста пра стаўленне да з’яўлення ў Карпачы Юрыя Васкрасенскага, дарадца Ціханоўскай сказаў, што лічыць прысутнасць пралукашэнкаўскага палітолага ганьбаю для арганізатараў Форуму.

– Мне ўсё роўна, чым займаецца Васкрасенскі, няхай ён едзе куды захоча, абы не замінаў. Васкрасенскі – ніхто, і прадстаўляе ён нікога. Лічу, што для Форуму – ганьба, што такія людзі бяруць удзел. Мы з Васкрасенскім нічога супольнага мець не будзем, – зазначыў Франак Вячорка.

«Львоў – вольны горад, які падтрымлівае вольных людзей і вольную Беларусь»

Андрэй Садавы, мэр Львова, на Эканамічным форуме.
Фота: скрыншот з відэа «Белсату».

Пра размову са Святланай Ціханоўскай распавёў «Белсату» мэр Львова Андрэй Садавы:

– Гэта была размова пра будучыню, пра Украіну, пра Беларусь. Мы ж суседзі, і ў нас павінны быць вельмі добрыя дачыненні. І сёння трэба думаць пра будучыню. Львоў – вольны горад. І кожны чалавек, які сюды прыязджае, чэрпае энергію. Беларусы тут ёсць, але я б вельмі хацеў, каб іх усё больш і больш прыязджала. Усе абмежаванні – часовыя, яны мінуць. Я аптыміст, і я перакананы, што Беларусь зрабіла важны крок, і будуць другі, трэці крокі, і Беларусь пакажа прыклады кіравання, гаспадарання. Гэта ўсё будзе. Бо маладосць заўжды перамагае.

Hавiны
Святлана Ціханоўская дамовілася з мэрам Львова аб адкрыцці медыяхабу для беларускіх журналістаў
2021.09.08 09:33

Садавы яшчэ раз прыгадаў пра дамоўленасць з Ціханоўскай адкрыць у Львове медыяхаб для незалежных журналістаў.

– Я перакананы, што місія Львова – даваць абарону людзям з розных краінаў. Беларусы тут пачуваюцца як удома. Мы дапамагаем, і з Ціханоўскай дамовіліся, што адкрыем для беларускіх журналістаў адмысловую лакацыю ў бліжэйшы час, каб яны маглі працаваць, бо важна падтрымаць у цяжкія часы, – казаў мэр Львову. – Тым больш што сёння – вельмі цікавая падзея. 8 верасня – 507 гадоў, як Канстанцін Астрожскі, які кіраваў войскам, дзе былі літоўцы, беларусы, украінцы, каля Воршы перамог расейцаў. Каля Львоўскай ратушы мы зрабілі адмысловую выставу. Мы разумеем, што сёння наш кожны крок пацягне за сабою наступны крок. Трэба быць мудрымі і падтрымліваць тых, каму цяпер цяжка, а тыя людзі, якія цяпер выступаюць за вольную Беларусь і рызыкуюць сваім здароўем, ім найбольш патрэбнае нашае падтрыманне, і ў Львове яны яго будуць мець. Львоў – вольны горад, які падтрымлівае вольных людзей і вольную Беларусь. Жыве Беларусь.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў