Прэзідэнт Турцыі падтрымаў уступ Украіны ў NATO


«Украіна заслугоўвае сяброўства ў NATO», – заявіў прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган на прэс-канферэнцыі разам з украінскім лідарам Уладзімірам Зяленскім у Стамбуле. Эрдаган таксама назваў расейскае ўварванне «несправядлівай вайною, што супярэчыць міжнароднаму праву», перадае агенцтва PAP.

Прэзідэнты Украіны і Турцыі Уладзімір Зяленскі і Рэджэп Таіп Эрдаган на сустрэчы ў Стамбуле. 7 чэрвеня 2023 года.
Фота: Володимир Зеленський / Twitter

Прэзідэнты Турцыі ды Украіны сустрэліся ў Стамбуле, і пасля перамоваў у ноч з пятніцы на суботу зладзілі прэс-канферэнцыю. На ёй Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў аб падтрыманні ўлучэння Украіны ў NATO.

«Украіна заслугоўвае сяброўства ў NATO. І яшчэ раз хачу падкрэсліць: ад наступлення справядлівага міру ніхто не страціць», – сказаў Эрдаган.

Ён назваў расейскае ўварванне «несправядлівай вайною, што супярэчыць міжнароднаму праву».

«Ад анексіі Крыму насуперак міжнароднаму праву да сёння мы заяўляем аб нашым падтрыманні тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэце і незалежнасці Украіны», – дадаў Эрдаган.

Турэцкі прэзідэнт запэўніў, што ягоная краіна дапаможа Украіне ў аднаўленні пасля вайны, а таксама адзначыў, што Анкара прыкладае намаганні, каб «збожжавая ўгода» не спыніла дзеянне пасля 17 ліпеня.

«17 ліпеня заканчваецца тэрмін дзеяння гэтай ініцыятывы, дзякуючы якой за год праз турэцкія пралівы было дастаўлена прыкладна 33 млн тонаў збожжа. Спадзяюся, што гэтая ініцыятыва будзе працягвацца. Мы спадзяемся, што ўгода будзе падаўжацца хаця б раз на тры месяцы, а не кожныя два месяцы», – сказаў Эрдаган, анансаваўшы перамовы на гэтую тэму з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным. Ягоны візіт у Турцыю плануецца ў жніўні.

У Маскве раней пагражалі, што скасуюць «збожжавую ўгоду», бо «не бачаць падставаў, каб яе працягваць».

Hавiны
«Financial Times»: ЕЗ можа аднавіць РФ доступ да SWIFT для збожжавай угоды
2023.07.03 12:51

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі на прэс-канферэнцыі падзякаваў Турцыі за «нязменнае падтрыманне тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Украіны». Паводле ягоных словаў, кіраўнікі дзяржаваў асобна абмеркавалі сітуацыю ў Крыме.

«Мы ўзновім наш законны кантроль над Крымам і вернем бяспеку на паўвыспу ды справядлівасць усім людзям у Крыме. У прыватнасці, крымска-татарскаму народу, які цяпер, на жаль, зноў зазнае жорсткія рэпрэсіі і ціск з боку Расеі», – заявіў Зяленскі.

Раней на гэтым тыдні ўкраінскі прэзідэнт наведаў Балгарыю, Чэхію ды Славаччыну. На наступным тыдні плануецца ягоны візіт у Літву на саміт NATO.

Каментар
Саміт NATO ў Вільні: ці возьмуць Украіну ў альянс і ці згадаюць пра Беларусь?
2023.07.04 18:55

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў