500 содняў вайны. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 500-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 8 ліпеня чытайце ў нашым аглядзе.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі аддае даніну павагі загінулым абаронцам краіны падчас наведвання вострава Змяіны ў Чорным моры, адваяваны ўкраінскімі ўзброенымі сіламі год таму. Адэская вобласць, Украіна, 8 ліпеня 2023 года.
Фота: Reuters / Forum

Цягам апошніх содняў Збройныя сілы Украіны працягнулі правядзенне наступальных аперацыяў на ўсходзе і поўдні краіны, засяродзіўшы свае асноўныя намаганні на бахмуцкім, бярдзянскім і мелітопальскім кірунках у Данецкай і Запарожскай вобласцях. У сваю чаргу войскі РФ наступалі на асобных кірунках у Луганскай і Данецкай вобласцях. Пры гэтым абодва бакі праводзілі лакальныя контратакі, імкнучыся перахапіць ініцыятыву на асобных участках фронту.

Купянскі і ліманскі кірункі (лінія фронту ў Харкаўскай, Луганскай, а таксама на поўначы Данецкай вобласці)

Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны паведамляе пра адбіццё атак праціўніка каля населеных пунктаў Стэльмахоўка, Навасёлаўскае, а таксама на паўночным захадзе ад Бераставога. 

Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што ЗСУ ў сваю чаргу правялі шэраг атак уздоўж лініі фронту ад Сватава да Белагораўкі, імкнучыся праціснуць абарону войскаў РФ. У прыватнасці, украінскія атакі зафіксаваныя на рубяжы Чырвонарэчанскае – Кармазінаўка, каля Неўскага, на поўдні торскага выступу і Дзібровы, а таксама каля Белагораўкі. «Рыбарь» сцвярджае, што ўсе атакі ЗСУ былі адбітыя Узброенымі сіламі РФ.

Бахмуцкі кірунак (ваколіцы аднайменнага райцэнтру ў Данецкай вобласці)

Цягам содняў працягваліся цяжкія баі на паўночным і паўднёвым флангах Бахмуту.

Намесніца Міністра абароны Украіны Ганна Маляр заявіла, што на поўдні ЗСУ прасунуліся на некалькіх участках фронту на адлегласць большую за кіламетр.

Імаверна, гаворка ідзе пра ваколіцы Кляшчэеўкі. Аналітыкі праекту Deepstate фіксуюць украінскі кантроль над вышынёй

233,3 метра, у гэтыж час каля іншай лакальнай вышыні – 215,7 метра – працягваюцца баі.

У гэты ж час на поўначы ад Бахмуту – каля Бярхоўкі – зменаў у лініі фронту не зафіксавана. Пры гэтым тут расейцы штодня намагаюцца контратакаваць, але поспеху не маюць.

Украінскі нацыянальны сцяг усталяваны на вяршыні разбуранага будынка ў сяле Нясумнае, нядаўна адваяваным украінскімі ўзброенымі сіламі, недалёка ад лініі фронту ў Данецкай вобласці, Украіна, 8 ліпеня 2023 года.
Фота: Reuters / Forum

Аўдзееўскі, мар’інскі і шахцёрскі кірункі (на поўначы, захадзе і поўдні ад Данецку)

У ваколіцах Бахмуту, па інфармацыі Генштабу ЗСУ, войскі РФ адзначыліся няўдалымі атакамі каля Новакалінавага, Аўдзееўкі, Невельскага, а таксама ў Мар’інцы.

У Deepstate пішуць пра баі на поўдні ад Краснагораўкі і каля Вясёлага.

Былы міністр абароны так званай ДНР Ігар Гіркін называе атакі УС РФ каля Аўдзееўкі «мяснымі штурмамі», у якіх гіне вялізная колькасць расейскіх вайскоўцаў.

Бярдзянскі кірунак (лінія фронту на стыку Данецкай і Запарожскай вобласцяў)

На так званым урэмеўскім выступе Збройныя сілы Украіны працягваюць шукаць слабыя месцы ў абароне праціўніка. Цягам содняў украінцы правялі шэраг атак каля Роўнапалю і Ураджайнага, але поспеху не дасягнулі.

Між тым у Deepstate фіксуюць выбіццё расейцаў з ваколіцаў Навадараўкі.

Расейцы ў сваю чаргу контратакавалі каля Благадатнага, але таксама абыйшлося без зменаў у лініі фронту.

Мелітопальскі кірунак (лінія фронту ў цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці)

На мелітопальскім кірунку ЗСУ ўжо традыцыйна наступалі ў бок сёлаў Рабоціна і Жарабянкі, але не змаглі прабіць абарону праціўніка.

Прасарейскія крыніцы пішуць, што пасля атакі на апошні населены пункт украінцы пачалі вывад сваіх сілаў з суседняга сяла Пяціхаткі. Расейцы адказалі ўдарамі артылерыі па ўкраінцах.

Паводле Ганны Маляр, цяпер ЗСУ засяродзіліся на знішчэнні прыфрантавых складоў расейцаў, жывой сілы і тэхнікі праціўніка, каб зменшыць наступальны патэнцыял УС РФ.

Херсонскі кірунак (лінія фронту ўздоўж рэчышча Дняпра ў Херсонскай вобласці)

Паводле прарасейскіх крыніцаў, уночы на 8 ліпеня войскі РФ зачысцілі частку плацдарму ЗСУ на левым беразе Дняпра ў ваколіцах Антонаўскага моста. Сцвярджаецца, што цяпер прысутнасць украінскіх вайскоўцаў на левабярэжжы скарацілася да мінімуму.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Таццяна Міронава belsat.eu 

Стужка навінаў